Усе навіны

Сімоне Індзагі: «Нешта падрыхтавалі, каб стрымаць Холанда»

10 чэрвеня 2023, 11:25

Галоўны трэнер «Інтэра» Сімоне Індзагі пракаментаваў фінал Лігі чэмпіёнаў супраць «Манчэстэр Сіці», які пачнецца ў 22.00.

«Добра разумеем, як мы мусім згуляць. Ведаем, што «Манчэстэр Сіці» – найлепшая каманда ў свеце на дадзены момант. Мы ганарымся, што прайшлі такі шлях. Паспрабуем захаваць канцэнтрацыю на высокім узроўні і звесці памылкі да мінімуму.

Гэта наш 57-ы матч у сезоне. Папярэднія 56 дазволілі нам дабрацца да гэтага фіналу. Цяжкасці дапамаглі нам вырасці. Мы заслужана прайгралі некаторыя матчы, у іншых мы заслужана ўзялі верх. Мы прыклалі вялікія намаганні, і гэтыя намаганні прывялі нас у Стамбул.

Мы не паслаблены, а цалкам сканцэнтраваны на гульні. Будзем шчыльна біцца з сапраўды моцным супернікам. Паўабарона будзе вельмі важная, але не адна яна. Нам патрэбны ногі, галава і сэрца. Трэба быць здольнымі здзейсніць той дадатковы рывок, не губляць вастрыні і вышукваць дадатковую крыніцу энергіі.

У нас ёсць магчымасць упісаць сябе ў гісторыю гэтага клуба. Гэта няпроста, але мы пастараемся. Ведаем, што гэты матч значыць для «Інтэра», для клуба, для заўзятараў. Нашыя балельшчыкі заўсёды былі з намі. Мы адчуваем вялікую адказнасць.

Ведаем, які моцны Холанд. Мы сёе-тое падрыхтавалі, каб стрымаць яго. Але ўся каманда павінна добра згуляць, каб не даць яму і «Сіці» згуляць у поўную сілу. «Сіці» выдатна атакуе і добра абараняецца. Паспрабуем згуляць у сваю гульню.

Мы практыкавалі пенальці на працягу ўсяго года, і на трэніроўцы зноў іх адпрацуем.

Яшчэ нядаўна мне прыйшлося абіраць склад, і ў мяне ўзніклі пытанні. Мець магчымасць выбіраць паміж гульцамі – вялікая раскоша. Мне пашанцавала, што я трэнірую футбалістаў, якія могуць удзельнічаць у такіх матчах. У нас у камандзе спалучэнне маладых і дасведчаных футбалістаў, якія гулялі ў шэрагу фіналаў. Усё вырашаюць дэталі», – сказаў Індзагі.