Усе навіны

На Яўгена Савіна распачалі крымінальную справу пра дыскрэдытацыю расійскай арміі. Яму пагражае да 5 гадоў турмы

15 верасня, 11:08

Былы расійскі футбаліст, футбольны блогер і ўладальнік кіпрскага клуба «Красава» Яўген Савін стаў фігурантам крымінальнай справы пра дыскрэдытацыю расійскай арміі.

На думку экспертна-крыміналістычнага цэнтра пры МУС Расіі, Савін публічна дыскрэдытаваў войска РФ у інтэрв'ю Ксеніі Сабчак.

«У інтэрв'ю Сабчак экс-футбаліст негатыўна выказваўся пра расійскую армію, асуджаў яе дзеянні. Узбуджаная крымінальная справа па артыкуле 280.3 КК РФ», – сказала крыніца расійскага прапагандысцкага агенцтва ў праваахоўных органах.

Раней Савіна ўжо аштрафавалі на 50 тысяч рублёў за «дыскрэдытацыю арміі». Згодна з заканадаўствам РФ, зараз на яго завялі ўжо крымінальную справу. Максімальны тэрмін пакарання – 5 гадоў турмы.

Да гэтага Савін зняў відэа з украінскімі футбалістамі, дзе яны распавялі пра расійскую агрэсію супраць Украіны. Пасля гэтага ён паведаміў, што перавязе свой клуб «Красава» на Кіпр, дзе ён будзе гуляць у другім дывізіёне.