Усе навіны

Запушчаны ў новай версii сайт «Прэсбола» будуць адміністраваць толькі адобраныя АБФФ людзі

13 лістапада, 20:49

У спартыўнай газеты «Прэсбол» зноў працуе сайт pressball.by. Ён запушчаны ў новай версіі.

Як стала вядома «Трыбуне», працэс запуску курыраваў намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Ботнікаў. Раней яго ўпаўнаважылі ад імя АБФФ поўнасцю выкупіць ТАА «Прэсбол-91», якому належаць газета і яе сайт, і выконваць «юрыдычна значныя дзеянні».

Акрамя гэтага, паводле нашай інфармацыі, менавіта Ботнікаў распарадзіўся тэхнічнымі сродкамі закрыць доступ да адраса pressball.by для ўсіх карыстальнікаў пасля таго, як «мінінфарм» Лукашэнкi разблакаваў сайт на тэрыторыі Беларусі. Адна з прычын дзеянняў функцыянера – наяўнасць адміністратарскіх правоў да старой версіі сайта ў людзей, непадкантрольных АБФФ. Новую версію pressball.by адмiнiструюць толькі тыя, каго адобрылі ў федэрацыі.

«Усім прывітанне! Мы вярнуліся! Але! Сайт яшчэ не зусім гатовы, аднак мы стартуем на тым, што ёсць. Калі ўсё будзе лепш, а не горш, то ўсё дададзiм/паправім. І нават каментарыі павінны быць. І статыстыка», – гаворыцца ў заяве на сайце «Прэсбола».

Адзначым, што на цяперашнi момант сайт напаўняецца навінамі нерэгулярна, а спасылкі на іх не публікуюцца ў сацсетках выдання.

Нагадаем, 16 чэрвеня адрас pressball.by быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі па «рашэнні» «мінінфарма» Лукашэнкi, прычыны якога не патлумачылі. Пасля гэтага сайт стаў цалкам недаступны. 23 кастрычніка было абвешчана пра зняцце «мінінфармам» блакіроўкі, пасля чаго сайт запрацаваў, аднак на наступны дзень зноў стаў цалкам недаступны.