Усе навіны

«Чэлсі» могуць пакараць штрафам і здыманнем ачкоў у АПЛ з-за магчымых парушэнняў ФФП. Клуб рабіў выплаты агентам Азара, Контэ, Керымаву праз афшоры Абрамовіча

15 лістапада, 20:57

«Чэлсі» мог парушаць правілы фінансавага фэйр-плэй у часы Рамана Абрамовіча.

Як паведамляе The Guardian, падчас міжнароднага расследавання Cyprus Confidential былі выяўленыя ўтоеныя плацяжы на некалькі дзясяткаў мільёнаў фунтаў, якія праходзілі праз афшоры Абрамовіча.

Транзакцыі праводзіліся ў інтарэсах «Чэлсі», што выклікае сумневы ў тым, ці былі яны задэклараваны ў дакументах, якія прадстаўляюцца кіруючым органам.

Гэтыя плацяжы могуць прывесці да таго, што лонданскі клуб можа быць пакараны штрафам і зняццем ачкоў у АПЛ.

Сярод бенефіцыяраў былі агент Эдэн Азара, агент, блізкі да Антоніа Контэ Федэрыка Пастарэла і афіцыйныя асобы «Чэлсі». Іншыя плацяжы былі звязаныя з пакупкай Віліяна і Самуэля Это'О ў «Анжы».

Згодна з дакументамі, атрыманымі падчас расследаванняў, 18 ліпеня 2017-га кампанія Conibair Holdings, якая належыць Абрамовічу і размешчаная на Брытанскіх Віргінскіх астравах, падпісала пагадненне з Федэрыка Пастарэла, футбольным агентам, блізкім да трэнера Антоніа Контэ.

Conibair пагадзілася заплаціць Пастарэла 10 мільёнаў фунтаў за 75% акцый Excellence Investment Fund (EIF), кампаніі, размешчанай у амерыканскім штаце Дэлавер.

У той жа дзень «Чэлсі» абвясціў, што Контэ падпісаў новы кантракт з клубам на 9,6 мільёна фунтаў у год.

Другі плацёж звязаны з пераходам Эдэна Азара ў «Чэлсі» ў 2012 годзе пасля напружаных перамоваў з агентам гульца Джонам Біна-Пенаке, які хацеў атрымаць камісію ў памеры 6 мільёнаў фунтаў.

29 сакавіка 2013 года кампанія Leiston Holdings, якая базуецца на Брытанскіх Віргінскіх астравах і належыць Абрамовічу, пагадзілася заплаціць 7 мільёнаў еўра дубайскай кампаніі Gulf Value FZE за «кансультацыйныя паслугі, звязаныя са спартыўнымі даследаваннямі і кансалтынгам». Дагавор ад імя кампаніі падпісаў Біна-Пенаке.

Таксама кампанія Leiston заплаціла 1 мільён фунтаў былому клубу Бертрана Траарэ – АСФБ. Кантракт падпісаў брат Траарэ праз 2 месяцы пасля пераходу Бертрана ў «Чэлсі».

У дакументах таксама выяўлены плацяжы сама меней на 7 мільёнаў еўра, якія былі ажыццёўлены ў перыяд паміж 2005 і 2017 гадамі кампаніям, звязаным з Заранам і Уладзіцай Леміч. Апошні быў ключавым дарадцам Абрамовіча па пераходах Арʼена Робі, Браніслава Іванавіча, Нёмані Маціча і Карла Анчалоці.

Кампанія, якая належыць Абрамовічу, таксама зрабіла выплаты за пераход Віліяна і Самуэля ЭтоʼО з «Анжы». За два месяцы да пераходаў кампанія Leiston Holdings заплаціла двум кампаніям, звязаным з уладальнікам дагестанскага клуба Сулейманам Керымавым.

Згодна з дакументамі ад 10 чэрвеня 2013 года Tobeo Services Inc і Fernington Invest Corp павінны былі атрымаць па 12 мільёнаў еўра кожная.

Футбольная асацыяцыя Англіі пацвердзіла, што ўжо расследуе магчымыя парушэнні з боку «Чэлсі».

Нагадаем, Абрамовіч валодаў «Чэлсі» з 2003 года, а прадаў клуб у пачатку 2022-га Тоду Боэлі.