Усе навіны

Мінскае «Дынама» не прапаноўвала Пуцілу падпісанне кантракта на 2024 год

6 студзеня, 12:25
1

Паводле інфармацыі Tribuna.сom, 36-гадовага падпісанта за рэжым Антона Пуцілы не бачылі ў складзе мінскага «Дынама» на 2024-ы яшчэ да таго, як ён атрымаў траўму крыжападобных звязкаў.

І без траўмы карʼера набліжалася да завяршэння. У мінулым сезоне паўабаронца быў гульцом ратацыі і прапусціў некалькі матчаў праз праблемы са здароўем. Так, напрыклад, у пачатку сезона Пуціла адсутнічаў у заяўках, бо ў яго абвастрыліся праблемы са спінай. Яшчэ ў 2015-м, выступаючы за турэцкі «Газіянтэпспор», футбаліст пашкодзіў спіну, і яна на працягу наступных гадоў час ад часу пра сябе нагадвала.

У сярэдзіне чэмпіянату-2023 Пуціла захварэў. Па словах Вадзіма Скрыпчанкі, за два дні да матчу з «Тарпеда-БелАЗ» затэмпературыў і быў ізаляваны ад калектыва.

У выніку за год паўабаронца правёў 16 матчаў, толькі ў трох выйшаў у старце, цалкам адгуляў толькі адзін – у якім «Дынама» разграміла «Белшыну» 7:2.

Па нашых звестках, у новым сезоне трэнерскі штаб «Дынама» не бачыў гульца ў камандзе. У клубе яму намякнулі, што «не шкодзіла б падумаць пра «пенсію», даць дарогу маладым, больш хуткім і мабільным». Да таго ж праблем са здароўем ніхто не адмяняў. Наколькі нам вядома, кантракт паўабаронцы з «Дынама» скончыўся ў канцы мінулага года, а перамоваў аб падаўжэнні ўсё яшчэ не было. З улікам траўмы, што здарылася ў адпачынку, цяжка ўявіць, што клуб раптам прапануе новую дамову.