Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Падобна, Пуціла скончыць карʼеру. Вось як ён атрымаў недарэчную, але вельмі сурʼёзную траўму

Падобна, Пуціла скончыць карʼеру. Вось як ён атрымаў недарэчную, але вельмі сурʼёзную траўму

Адгукнуўся на запрашэнне бацькі.

Аўтар — bytribuna com
6 студзеня, 07:00
4
Падобна, Пуціла скончыць карʼеру. Вось як ён атрымаў недарэчную, але вельмі сурʼёзную траўму

5 снежня зʼявілася інфармацыя пра тое, што беларускі футбаліст Антон Пуціла можа завяршыць карʼеру праз траўму. Нібыта ён пашкодзіў крыжападобныя звязкі, гуляючы ў міні-футбол. Калі гэта адбылося і наколькі ўсё сурʼёзна, не паведамлялася.

«Трыбуна» даведалася пра падрабязнасці інцыдэнту і канстатуе: хутчэй за ўсё, 36-гадовы паўабаронца больш не будзе гуляць на прафесійным узроўні.

Паехаў на запрашэнне бацькі, а ў выніку атрымаў сурʼёзную траўму

Як аказалася, здарылася ўсё ў снежні 2023 года. Адгуляўшы чэмпіёнскі банкет мінскага «Дынама», Пуціла адправіўся ў Магілёў, каб узяць удзел у міжнародным турніры па міні-футболе сярод ветэранаў у гонар Дня энергетыка. Футбаліст прыязджаў на спаборніцтвы некалькі гадоў запар. Туды яго запрашаў бацька Канстанцін Пуціла, які зʼяўляецца генеральным дырэктарам «Магілёўэнерга», а заадно і адным з арганізатараў і ўдзельнікаў ветэранскага турніру. Канстанцін Пуціла гуляў за каманду прадпрыемства, якое ўзначальвае.

Турнір адбыўся 20 снежня, у яго заявіліся 16 каманд з Беларусі і Расіі. Спачатку быў групавы этап, пасля – плэй-оф. Пераможцам стала каманда Белгародскай будаўнічай кампаніі (Расія).

Згодна з рэгламентам, узроставы мінімум для ўдзельнікаў – 40 гадоў, аднак кожны калектыў меў права заявіць у склад аднаго маладзейшага футбаліста. У «Магілёўэнерга» квоту запоўніў паўабаронца мінскага «Дынама». 62-гадовы бацька і на гэты раз быў у заяўцы, але на полі зʼяўляўся вельмі рэдка – у асноўным назіраў за матчамі з лавы запасных. У асноўным, функцыянер выконваў прадстаўнічыя абавязкі – адкрываў турнір і раздаваў медалі.

Матчы праходзілі на сінтэтыцы Магілёўскага футбольнага манежа – поле было падзелена на чвэрці, дзе і спаборнічалі каманды. Антон Пуціла быў ключавым гульцом «Магілёўэнерга», аднак удзел у турніры датэрмінова завяршыў яшчэ на групавой стадыі, пры гэтым каманда выйшла ў плэй-оф.

Проста ў адным з матчаў супернік зачапіў Пуцілу, той няўдала спатыкнуўся – і атрымаў сурʼёзную траўму. Паводле інфармацыі нашых крыніц, у падпісанта за дыктатуру дыягнаставалі разрыў крыжападобных звязкаў.

Па словах відавочцаў, у мінулыя гады Пуціла, удзельнічаючы ў турніры, не баяўся ісці ў барацьбу, гуляў на поўную сілу, і са здароўем усё было добра. Ну а сёння вялікае пытанне, ці зможа ўзроставы футбаліст прадоўжыць прафесійную карʼеру.

У «Дынама» не прапанавалі новы кантракт

Да таго ж і без траўмы карʼера набліжалася да заходу. У мінулым сезоне паўабаронца, якому 10 чэрвеня 2023 года споўнілася 36, быў гульцом ратацыі, а некалькі матчаў прапусціў праз праблемы са здароўем. Так, напрыклад, у пачатку сезона Пуціла адсутнічаў у заяўках, бо ў яго абвастрыліся праблемы са спінай. Яшчэ ў 2015-м, выступаючы за турэцкі «Газіянтэпсор», футбаліст пашкодзіў спіну, і яна на працягу наступных гадоў час ад часу пра сябе нагадвала.

У сярэдзіне чэмпіянату-2023 Пуціла захварэў. Па словах Вадзіма Скрыпчанкі, за два дні да матчу з «Тарпеда-БелАЗ» затэмпературыў і быў ізаляваны ад калектыва.

У выніку за год паўабаронца правёў 16 матчаў, толькі ў трох выйшаў у старце, цалкам адгуляў толькі адзін – у якім «Дынама» разграміла «Белшыну» 7:2. У сярэднім праводзіў на полі паўгадзіны на пазіцыі паўабаронцы атакі, запісаў у актыў усяго адзін асіст, у пасіў – тры жоўтыя карткі. У Лізе канферэнцый адгуляў усяго сем хвілін у матчы ў адказ з «Жалезнічарам», які скончыўся паразай 1:2 і вылетам з турніру.

Па нашых звестках, у новым сезоне трэнерскі штаб «Дынама» не бачыў гульца ў камандзе. У клубе яму намякнулі, што «не шкодзіла б падумаць пра «пенсію», даць дарогу маладым, больш хуткім і мабільным». Да таго ж праблем са здароўем ніхто не адмяняў. Наколькі нам вядома, кантракт паўабаронцы з «Дынама» скончыўся ў канцы мінулага года, а перамоваў аб падаўжэнні ўсё яшчэ не было. З улікам траўмы, што здарылася ў адпачынку, цяжка ўявіць, што клуб раптам прапануе новую дамову.

Пры гэтым Пуціла – знакавы гулец для мінскага «Дынама». Правёў за клуб агулам 167 матчаў ва ўсіх турнірах (21 гол, 26 галявых перадач) за амаль 10 гадоў. Ён адзіны з залатога складу-2023 станавіўся чэмпіёнам Беларусі з «бела-блакітнымі» і ў 2004 годзе. Таксама браў з мінскай камандай тры срэбра і адну бронзу ЧБ.

У апошнія гады гулец больш асацыюецца сувязямі з рэжымам Лукашэнкі, чым з яркім футболам. Яшчэ ў 2021-м ён першым у камандзе падпісаў праўладны ліст, за што ўдастоіўся дазволу ад так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука атрымліваць заробак звыш ліміту. Ну а ў мінулым годзе быў уключаны ў склад камісіі пры так званым міністры спорту, якая мусіла вырашаць лёс футбалістаў з «чорнага спісу». Праўда, камісія так і не пачала працу і перадала свае задачы іншай, больш «важнай», камісіі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты