Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Што за суддзі з’явіліся ў «вышцы»: абвiнавачаны праз нейрасетку, зменшчык самлелага калегi, рамонтнiк

Што за суддзі з’явіліся ў «вышцы»: абвiнавачаны праз нейрасетку, зменшчык самлелага калегi, рамонтнiк

Адзiн не здаў тэсты, але ў АБФФ «не заўважылi».

Аўтар — bytribuna com
11 траўня, 23:59
Што за суддзі з’явіліся ў «вышцы»: абвiнавачаны праз нейрасетку, зменшчык самлелага калегi, рамонтнiк

Перед стартом высшей лиги-2024 АБФФ назвала фамилии 18 главных арбитров, которые будут работать на матчах. Среди них были и судьи, у которых не было или почти не было опыта в элите. Мы решили изучить, кто они и как справляются с работой в начале нынешнего сезона.

Аляксей Шыпіца, 33 гады, Гродна

Матчаў у гэтым сезоне вышэйшай лігі: чатыры

У 2014 годзе Шыпіца скончыў гродзенскі дзяржуніверсітэт і працаваў выкладчыкам фізікі ў адным з мясцовых тэхнікумаў. Але паралельна будаваў кар’еру суддзі ў футзале – працаваў на матчах Д2 (16 за кар’еру), а яшчэ часам свяціўся ў аматарскіх спаборніцтвах, напрыклад, у 2018-м адсудзіў матчы за бронзу і золата летняга турніру Ваўкавыскай футбольнай лігі. Таксама ў сезоне-2020 Шыпіца паспеў пабываць гульцом (11 матчаў, два галы) і трэнерам каманды «Мясакамбінат» з чэмпіянату Гродна па міні-футболе.

Паводле нашых звестак, к канцу 2010-х Шыпіца стаў сакратаром у федэрацыі футбола Гродзенскай вобласці. Там адным з яго начальнікаў быў Франц Ляцяга, які як інспектар АБФФ павінен быў складаць пратаколы, але з-за кучы памылак, якія дапушчаў сам, прасіў пісаць Шыпіцу – а той ніколі не адмаўляў. Паралельна сакратар стаў суддзёй у вялікім футболе – але да 29 гадоў атрымліваў матчы ў полі толькі ў юнакоў і дублёраў. У «вышцы» дэбютаваў у верасні 2020-га рэзервовым арбітрам. А яшчэ напрыканцы таго ж года як «суддзя па спорце» падпісаўся за рэжым Лукашэнкі.

Прыкладна тады ж Ляцяга стаў новым кіраўніком дэпартамента судзейства і інспектавання АБФФ – і судзейская кар’ера Шыпіцы зрабіла рэзкі ўздым. У сезоне-2021 ён як галоўны рэферы ўжо працаваў у Кубку Беларусі і ў жаночым чэмпіянаце краіны. Пры гэтым, як кажуць нашы крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, на зборах і па ходзе таго сезона Шыпіца некалькі разоў правальваў нарматывы па бегу – не мог укласціся ў належны час. Але Ляцяга паспяхова заплюшчваў на гэта вочы, а яго «пратакалісту» працягвалі прыходзіць прызначэнні на гульні.

У траўні 2023-га Шыпіца дэбютаваў галоўным на матчы «вышкі» – сустракаліся «Мiнск» і «Гомель». У тым паядынку арбітр паказаў гульцам шэсць жоўтых картак і зафіксаваў лік 2:2. Усяго за мінулы год гродзенец адсудзіў шэсць сустрэч эліты.

Па статыстыцы ў матчах Шыпіцы картак шмат. За 40 матчаў сумарна Д1, Д2 і Кубка Беларусі суддзя паказаў 191 жоўтую (4,7 за гульню) і восем чырвоных, прызначыўшы 10 пенальці. Рэкорднай стала сустрэча «вышкі» 29 кастрычніка 2023 года паміж «Мінскам» і брэсцкім «Дынама» – Шыпіца выдаў 10 жоўтых картак і адну чырвоную. У гэтым сезоне Шыпіца вызначыўся ў паядынку тых жа каманд – у Брэсце паказаў шэсць жоўтых картак і выдаліў гульца гасцей Яўгена Малашэвіча, выдаўшы другі «гарчычнік» за спрэчкі.

Ілля Ляшук, 30 гадоў, Узда

Матчаў у гэтым сезоне вышэйшай лігі: нуль

Ляшук судзiць з вельмі маладога ўзросту. Дэбютаваў на рэспубліканскім узроўні ён яшчэ 14 мая 2015 года – у 21 год адсудзіў матч чвэрцьфіналу жаночага Кубка Беларусі «Славянка» – «Бабруйчанка» (0:18). Паўнавартасным стартам судзейскай кар’еры на высокім узроўні ў Ляшука можна лічыць 2017 год: тады ён стаў стабільна працаваць у жаночым чэмпіянаце Беларусі і ездзіў на матчы «вышкі» ў ролі рэзервовага, а яшчэ абслужыў «таварняк» зборных U-16 Беларусі і Літвы (1:1). У сярэдзіне красавіка 2018-га дэбютаваў у статусе галоўнага арбітра ў матчы Д2 – «Баранавічы» згулялі па нулях са «Слонімам». На гэты момант у Ляшука 45 паядынкаў першай лігі плюс 10 у мужчынскім Кубку.

Галоўным у Д1 Ляшук дэбютаваў пры нестандартных абставінах – 15 кастрычніка 2022-га арбітр матча БАТЭ і брэсцкага «Дынама» Дзмiтрый Доля страціў прытомнасць у самым пачатку гульні. Яго павезлі ў шпіталь, а ў поле выйшаў Ляшук – рэзервовы суддзя той сустрэчы.

З першай хвіліны галоўным суддзёй у эліце Ляшук пабываў у красавіку 2023 года, адсудзіўшы матч «Смаргонь» – «Слуцк» (3:2). Праўда, за працу Ляшук атрымаў нізкую адзнаку і быў надоўга сасланы ў мінорныя лігі. Вярнуўся ў Д1 толькі ў сярэдзіне верасня і да канца года адпрацаваў яшчэ ў пяці сустрэчах «вышкі».

Паводле звестак «Трансфермаркт», за 61 матч у Д1, Д2 і Кубку краіны сярод мужчын Ляшук паказаў 234 «гарчычнікі» (3,7 у сярэднім за матч), сем разоў выдаляў за паўторнае папярэджанне і пяць разоў наўпрост. А яшчэ ў кожным трэцім паядынку прызначаў пенальці – прычым аднойчы даў «Макслайну» тры 11-мятровых за адзiн матч, а каманда нiводнага не забiла.

. У трох гульнях Д2 ён паспеў паказаць па дзевяць жоўтых і адной чырвонай картцы, што пакуль з’яўляецца для яго рэкордам.

У гэтым cэзоне ўраджэнец Узды яшчэ не судзіў – у снежні мінулага года гуляў у турніры беларускіх суддзяў і парваў крыжападобныя звязкі калена. Спатрэбілася аперацыя, толькі нядаўна арбітр зняў лангету і прыступіў да трэніровак.

Паралельна Ляшук, паводле нашых звестак, валодае ў Мінску фірмай па аддзелачна-рамонтных работах у памяшканнях. У свой час суддзя скончыў архітэктурны тэхнікум, працаваў на будоўлі, а пазней заняўся, уласна, рамонтам і аздабленнем кватэр. Як кажуць нашыя суразмоўцы, знаёмыя з Ляшуком, «рукі ў яго растуць з правільнага месца», і ён у тым ліку сам выконвае замовы сваёй кампаніі.

Віталь Палтаржыцкі, 34 гады, Чэрвень

Матчаў у гэтым сезоне вышэйшай лігі: адзін

Ураджэнец Чэрвеня з дыпломам БДУФК быў футбалістам – напрыклад, пагуляў у абароне ў «Маладзечне» ў Д3 у сезоне-2013. Таксама разам з «Коласам» з роднага горада ў 2015 годзе стаў чэмпіёнам Мінскай вобласці і потым яшчэ некалькі гадоў выступаў за калектыў. Шмат гадоў (з 2011-га па 2023-ы) гуляў у аматарскіх турнірах па розных варыянтах футбола – ад 5х5 да 11х11.

Стартам судзейскай кар’еры Палтаржыцкага можна лічыць 2020 год, калі арбітр пачаў працаваць на паядынках чэмпіянату Беларусі сярод жанчын. У тым сезоне ён атрымліваў прызначэнні і на ролю рэзервовага ў мужчынскай «вышцы». Ну а 24 красавіка 2021-га дэбютаваў у ролі галоўнага ў паядынку Д2 сярод мужчын – у сустрэчы «Белшыны» і «Нафтана» (1:1) паказаў шэсць жоўтых картак і выдаліў гульца навапалачан Паўла Расольку. Працу Палтаржыцкага ацанілі высока і працягнулі прызначаць у Д2, паралельна давяраючы матчы жаночага чэмпіянату. Таксама з 2021 па 2023 гады чэрвянец абслужыў чатыры таварнякі зборных Беларусі U-16, U-17 і U-19.

У сакавіку 2024-га Палтаржыцкі адпрацаваў матч за жаночы Суперкубак Беларусі, па выніках якога «Дынама-БДУФК» упершыню ў сваёй гісторыі засталося без унутранага трафея («Мінск» выйграў 1:0). А ў красавіку суддзя дэбютаваў галоўным у мужчынскай «вышцы» – пакуль матч «Мiнск» – «Нафтан» (1:1) застаецца і адзіным у Д1.

За 41 матч у мужчынскіх у Д1, Д2 і Кубку арбітр прад’явіў 145 жоўтых картак (3,5 у сярэднім за гульню) і пяць разоў выдаляў футбалістаў з поля. Палтаржыцкі досыць часта прызначае пенальці – 16 «кропак» у 41 сустрэчы.

У дзявятым туры Д2-2023 Палтаржыцкі трапіў у скандал. У матчы «Макслайна» з «Хваляй» (1:1) пінчане сышлі ад паразы голам у самым канцы, а пасля гульні ў «Макслайне» паведамілі, што звернуцца ў АБФФ – маўляў, нейрасетка па вуснах галоўнага суддзі вызначыла, што ён адмяніў гол каманды пасля кансультацыі з памочнiкам, а той арыентаваўся на меркаванне каментатара дзяржТБ, які, стоячы побач, для гледачоў тлумачыў паўтор моманту. Былі і іншыя прэтэнзіі ў адрас Палтаржыцкага, але АБФФ ніяк караць арбітра не стала.

Вадзім Лянкоўскі, 28 гадоў, Мінск

Матчаў у гэтым сезоне вышэйшай лігі: адзін

Мiнчанiн таксама нямала пагуляў у аматарах у розных фарматах – яго даныя знаходзяцца ў пратаколах з 2015 па 2023 гады, ён нават быў паказаны менеджарам адной з каманд. У судзействе на сур’ёзным узроўні Лянкоўскі пачаў свяціцца толькі некалькі гадоў таму, абслугоўваў сустрэчы «ліцэнзіі» і дублёраў. У сезоне-2021 атрымліваў прызначэнні рэзервовым на паядынкі «вышкі». У маі таго ж года дэбютаваў на дарослым узроўні – судзіў сустрэчу другога раўнда Кубка Беларусі паміж «Лепелем» і «Смалявічамі» (0:1) і паказаў гульцам шэсць жоўтых картак і адну чырвоную. З сезона-2022 Лянкоўскі пачаў абслугоўваць сустрэчы першай лігі, а да «вышкі» як галоўны дарос толькі сёлета. Пакуль адзіны паядынак – перамога 1:0 «Слуцка» над «Славіяй» 4 мая.

Паводле статыстыкі «Трансфермаркт», Лянкоўскі за 22 матчы ў Д1, Д2 і Кубку краіны паказаў 98 жоўтых картак (у сярэднім 4,5 за гульню), а вось чырвоныя даставаў толькі тройчы. На рахунку суддзі таксама дзевяць назначаных пенальці.

Па нашай інфармацыі, паралельна з судзействам Лянкоўскі працуе ў сферы вытворчасці здаровага харчавання – напрыклад, прадуктаў з вотруб’я.

Іншыя пасты блога

Усе пасты