Усе навіны

Раман Грыбоўскі: «У «Славіі» сабраныя кваліфікаваныя гульцы – думаю, нам шмат па сілах»

18 студзеня, 21:04

Беларускі футбаліст Раман Грыбоўскі, які 12 студзеня перайшоў з «Нёмана» ў «Славію», расказаў пра планы на сезон-2024.

– У мінулым сезоне ў «Нёмане» у вас не было гарантаванага месца ў стартавай абойме. Ці разлічваеце змяніць сітуацыю ў «Славіі»? Што, па-вашаму, трэба зрабіць, каб трэнеры далі вам гэтую магчымасць?

– Я думаю, трэнер дасць мне такую магчымасць. Пастараюся са свайго боку зрабіць для гэтага ўсё, што ад мяне залежыць. Так, летась я мала гуляў, выходзіў у асноўным на замены. Крыху не тое, чаго хацелася б. У гэтым годзе зраблю ўсё магчымае, каб гуляць больш.

– Якую мэту ў гэтым сезоне ставіце перад самім сабой?

– Самае галоўнае – каб было здароўе і нішто не перашкаджала трэніровачнаму працэсу. А мэта адна: працаваць і працаваць на трэніроўках, увесь час станавіцца лепш за сябе ўчорашняга, выходзіць на кожную гульню і перамагаць. Я думаю, калі не будзе траўм, усё будзе добра: і ў мяне, і ў каманды ў цэлым.

– Вы – сярэбраны прызёр мінулага чэмпіянату. Як думаеце, ці атрымаецца замахнуцца на п'едэстал са «Славіяй»?

– Я магу сказаць, што мы пастараемся. Зразумела, ёсць каманды, якія таксама хочуць заняць высокія месцы, але мы будзем вельмі да гэтага імкнуцца. Трэнерскі штаб патрабавальны, у камандзе сабраныя кваліфікаваныя гульцы – думаю, нам шмат па сілах. Але толькі сезон пакажа, чаго мы варты. Пабачым. Будзем проста ісці ад гульні да гульні і рабіць усё, што ад нас залежыць. Сто адсоткаў! – сказаў Грыбоўскі.