Усе навіны

Аляксандр Паўлаў: «Вельмі задаволены, што ў сістэме «Віцебску» засталіся тыя ж гульцы. Пакуль не бачу перадумоў быць хлопчыкамі для біцця»

27 лютага, 21:06

Галоўны трэнер «Віцебску» Аляксандр Паўлаў распавёў, з якім складам каманда падыходзіць да старту вышэйшай лігі.

– Агульнае ўражанне ад найважнейшых у сезоне зімовых месяцаў? Ці ўсё з намечанага ўдалося выканаць у поўным аб'ёме?

– Ведаеце, футбалістам заўсёды не хапае паўдзенька выходнага, а трэнеру – крыху часу, каб нешта «дапілаваць», удасканаліць. Але ў цэлым ужо ўсё запланаванае выканалі.

– У чым падрыхтоўка да першай і вышэйшай ліг адрознівалася прынцыпова?

– Важным будзе псіхалагічны аспект, каб футбалісты выйшлі гуляць, нікога не баючыся. І самае галоўнае, не саромеліся рэалізоўваць свой тактычны і фізічны патэнцыял.

– «Віцебск» менш за іншыя каманды перайначыў склад. Так было задумана першапачаткова ці склалася па ходзе міжсезоння?

– Не так шмат у нас футбалістаў, якія здольныя ўзмацніць не толькі нашу каманду, але і любую іншую беларускую. А адкажу на пытанне так: я вельмі задаволены, што ў нашай сістэме засталіся тыя ж гульцы.

– Судзячы па стартавых складах у таварыскіх матчах, вы адсоткаў на шэсцьдзясят вызначыліся з асноўнай абоймай…

– Нават больш. Новы сезон – гэта працяг мінулага. Як я ўжо сказаў, добра, што амаль усе футбалісты засталіся, можна праводзіць толькі кропкавыя змены. Таму і мяняць карэнным чынам нічога не хочацца. Гэтыя хлопцы вывелі каманду ў вышэйшую лігу, яны заслужылі пэўныя прэферэнцыі. Зразумела, калі гулец не пацягне, значыць, не пацягне. Але пакуль перадумоў для таго, што мы будзем хлопчыкамі для біцця, я не бачу, – адказаў Паўлаў.