Усе навіны

Аляксандр Паўлаў: «Мне было складаней у першай лізе, чым цяпер»

5 сакавіка, 09:20

Галоўны трэнер «Віцебска» Аляксандр Паўлаў падзяліўся меркаваннем аб падрыхтоўцы да новага сезона.

– Тыя гульцы, якія з'явіліся ў камандзе, упэўнены, прынясуць ёй карысць. Лічу, у гэтым напрамку спрацавалі нядрэнна. Засмучае крыху такі момант, што пасля хвароб на фоне нагрузак гэтыя гульцы атрымалі невялікія пашкоджанні і не могуць дапамагчы ў Кубку. А Дзіма Гірс толькі набірае кандыцыі.

– З прыходам Мікіты Навумава ці плануеце вы працягваць запрашаць віцебскіх выхаванцаў з іншых клубаў?

– Калі гэтыя гульцы будуць падыходзіць па патрэбным нам крытэрам, а мы – адпавядаць іх запытам, то ўсё магчыма.

– Для вас гэта першы сезон у якасці галоўнага трэнера каманды вышэйшай лігі. Гатовыя да адказнасці?

– Лічу, што мне было складаней у першай лізе: і першы год, і задачы... Спадзяюся, якую-ніякую маральную стойкасць напрацаваў... Больш думаю, як дапамагчы гульцам вярнуцца ментальна да вышэйшай лігі.

– «Віцебск» робіць стаўку на маладых выхаванцаў клуба, ці ёсць прагрэс у моладзі?

– На гэтае пытанне адкажу так: вельмі хацеў бы, каб іх было як мага больш, выхаванцаў мясцовых, але і яны павінны адпавядаць узроўню і каманды, і вышэйшай лігі. А так хлопцы растуць, дай Бог ім смеласці і дзёрзкасці, каб стаць яшчэ лепш і ў гэтым годзе, – сказаў Паўлаў.