Усе навіны

Віталь Пачкоўскі: «Мінулы сезон «Маладзечна-2018» адкрыта праваліла, канкрэтная задача клуба – выхад у вышэйшую лігу»

6 красавіка, 22:54

Уладальнік «Маладзечна-2018» Віталь Пачкоўскі распавёў пра задачы клуба на гэты сезон.

– Які вектар развіцця ў клуба? На што робіцца акцэнт?

– Ёсць пэўныя напрацоўкі, якія хочацца верыць, прывядуць каманду да дасягнення высокіх вынікаў. Я як кіраўнік бачу клуб у бліжэйшай будучыні сярод удзельнікаў вышэйшай лігі і буду прыкладаць усе намаганні, каб мець каманду першым эшалоне беларускага футбола. Лічу, што ў горадзе з насельніцтвам каля ста тысяч жыхароў павінна быць каманда ў вышэйшым дывізіёне. Акцэнт робіцца на тое, каб выйсці і замацавацца тамака.

– Як ацаніце мінулы сезон і якім плануецца новы? Якія задачы стаяць перад клубам?

– Мінулы сезон адкрыта правалілі і больш у мяне няма слоў. Жадаецца яго забыцца як страшны сон! Кропка!

– Ведаю, што пытанне пра задачы турбуе нашых заўзятараў. Адкажу – канкрэтная задача ва ўсяго клуба – гэта выхад у вышэйшую лігу. Я веру, што гэта нам па сілах і перад трэнерскім штабам такая задача таксама стаіць. Для гэтага ў нас робіцца ўсё, каманда ведае і на барацьбу настроена. Нароўні з гэтым разумеем, што канкурэнтаў у нас будзе нямала, ліга за апошнія два сезоны выраўнялася і зараз кожны супернік у кожнага з візаві можа адабраць ачкі, – сказаў Пачкоўскі.