Tribuna/Футбол/Блогі/Мемы ўжо неактуальныя: Магуайра крытыкавалі перад ЧС і тролілі ў парламенце Ганы, але яго гульня змушае хейтэраў маўчаць

Мемы ўжо неактуальныя: Магуайра крытыкавалі перад ЧС і тролілі ў парламенце Ганы, але яго гульня змушае хейтэраў маўчаць

Экранізацыя «Доктара Джэкіла і містара Гайда» у футбольным свеце.

8 снежня 2022, 05:40
Мемы ўжо неактуальныя: Магуайра крытыкавалі перад ЧС і тролілі ў парламенце Ганы, але яго гульня змушае хейтэраў маўчаць

Калі вы катэгарычна не верыце ў пераўвасабленне, то гісторыя Магуайра дакладна не для вас. Год таму Гары імкліва прайшоў шлях ад лідара зборнай Англіі на Еўра-2020 у чалавека-мема ў брытанскай футбольнай супольнасці, а цяпер сітуацыя зноў кардынальна змяняецца – ён стаў ледзь не ключавой фігурай нацыянальнай каманды на ЧС-2022, бо правёў сапраўды салідныя стартавыя матчы турніру.

Як так здарылася? Напэўна, людзі, якія штодня бачылі жартоўныя пасты ў Інтэрнэце адносна гульні Магуайра ў абароне, да гэтага часу не могуць знайсці лагічны адказ на гэтае пытанне. З улікам рэпутацыю, якая склалася ў ангельца, гэта зусім не здзіўляе.

Саўтгейта захейцілі за выклік Магуайра на ЧС – мінулы сезон цэнтрбек праваліў, а ўвосень амаль не гуляў і «перазагружаўся»

З моманту амаль трыумфальнага Еўра стаўленне да Магуайра пагоршылася праз крызіс у «МЮ», дзе ён лічыўся адным з галоўных вінаватых. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ўсе падставы для гэтага былі – Гары дапусціў вялікую колькасць выніковых памылак у правальным для манкуніянцаў сезоне. Як вынік карыстальнікі твітэра пражывалі сваё жыццё лепш, калі «чырвоныя д'яблы» гулялі ў АПЛ:

Вырашыць гэтую праблему не ўдалося нават новаму трэнеру – тэн Хаг даверыўся цэнтрбеку і пакінуў капітанам каманды, але адразу прайграў два дэбютныя матчы. Пасля гэтага Магуайр правёў усяго 11 хвілінаў у дзевяці турах. Першыя тры гульні ён прасядзеў на лаўцы для запасных, а потым траўмаваўся пасля прыезду са зборнай і надоўга адправіўся ў лазарэт.

Аднак усё было не так проста – мясцовыя інсайдэры падкрэслівалі, што сур'ёзных медычных праблем у Магуайра няма, а яго патэнцыйна доўгая адсутнасць звязаная перш за ўсё з жаданнем «перазагрузіцца». Маўляў, Гары будзе займацца індывідуальна, каб вярнуцца ў сваю найлепшую форму ва ўмовах абсалютнага спакою. І яго можна зразумець, бо крытыка перайшла ўсе межы – у чэрвені ён атрымаў паведамленне з пагрозай, што ў яго доме нібыта закладзена выбухоўка, а заўзятары зборнай скандавалі абразлівыя крычалкі непасрэдна падчас матчу Лігі Нацый.

«Я дастаткова дарослы, каб успрымаць людзей, якія лезуць мне на спіну і кажуць, што я магу гуляць лепш. Але ўсяму ёсць мяжа, у мяне ёсць сямʼя.

Людзі пытаюцца, ці кранае гэта мяне. Псіхалагічна – не, але калі справа даходзіць да пагроз выбуху, гэта тычыцца маёй сямʼі. Я рады, што мае дзеці такога ўзросту, што яшчэ не чытаюць напісанае і не глядзяць навіны.

Кпіны падчас апошняга матчу за зборную Англіі? Калі шчыра, мяне гэта крыху шакавала. У мяне былі добрыя адносіны з англійскімі заўзятарамі ў нацыянальнай камандзе», – адзначаў Магуайр.

Няўдалы індывідуальны старт новай кампаніі толькі пагоршыў становішча, праз што Магуайр і ўзяў паўзу. Цяжка сказаць, што пасля яе ён вярнуўся іншым і, галоўнае, больш моцным. Гары правёў некалькі нядрэнных матчаў, аднак гэтага было недастаткова, каб заўзятары з разуменнем паставіліся да выбару Саўтгейта на карысць капітана «МЮ», а не Фікайа Таморы з «Мілана» у фінальнай заяўцы на ЧС. Трэнера захейцілі і запусцілі ў сацсетках хвалю разнастайных пратэстаў, аднак сам коўч даволі выразна патлумачыў сваё рашэнне: «Мы не лічым, што моладзь зрабіла дастаткова, каб выцесніць старэйшых. Так, я ўпэўнены, што Магуайр – адзін з нашых найлепшых цэнтральных абаронцаў».

Падчас ЧС Магуайра ўспаміналі нават у парламенце Ганы – апазіцыянеры параўноўвалі яго дрэнную гульню за «МЮ » з дзейнасцю віцэ-прэзідэнта краіны

Пытанні да ўзроўню Магуайра былі не толькі ў ангельскіх фанаў, але нават у парламенце Ганы. Ужо падчас ЧС (пасля групавой стадыі, калі быць дакладным) прадстаўнік апазіцыйнай партыі выступіў з яркай прамовай, у якой крытыкаваў віцэ-прэзідэнта краіны, і прыгадаў з гэтай нагоды гульню Гары за «МЮ»:

«У Англіі ёсць такі футбаліст, які падобны да вас – Магуайр, ён гуляе за «Манчэстэр Юнайтэд». Магуайра лічылі найлепшым абаронцам свету, але ў камандзе ён стаў самай вялікай пагрозай – адбіраў мячы ў гульцоў «МЮ» і аддаваў перадачы супернікам. Спадар спікер, калі апаненты збіраюцца забіць, ён робіць гэта замест іх.

У гэтай краіне мы маем свайго Магуайра ў эканоміцы. Вы далі яму месца ў цэнтры нашай абароны, а ён стаў пагрозай для нашай жа брамы. Наш Магуайр бярэ пад кантроль усю эканоміку і знішчае яе», – заявіў палітык.

Магчыма, гэтая прамова мела б больш моцны эфект і значна большы розглас, калі б на той момант Гары ўжо не стаў адной з сенсацый ЧС-2022.

Магуайр пакуль праводзіць неверагодны турнір – пачынае атакі і дамінуе ў паветры

Пасля таго, як Англія расслабілася з Іранам пры ліку 4:0 і прапусціла двойчы, больш Пікфард мячоў са сваёй сеткі не выцягваў. Магуайр затое правёў па поўных 90 хвілін у трох наступных гульнях і запомніўся адразу некалькімі рэчамі:

– нагадаў, што ўмее гуляць у футбол;

– у чарговы раз даказаў, што з'яўляецца саліднай опцыяй на стандартах каля ўласнай і чужой брамы;

– зразумеў, што можа аддаваць першыя перадачы і самастойна выбіраць вектар нападаў;

– прадэманстраваў, наколькі цэпкім можа быць у адборы;

– перадаў прывітанне Рангніку.

Гэтыя лічбы пацвярджаюць вышэйпрыведзеныя тэзісы. З Магуайрам мала хто можа змагацца на другім паверсе, прычым ён эфектыўны і на кутзніх уласнай каманды. У матчы з Іранам Гары нават запісаў сабе на рахунак рэзультатыўную перадачу, зрабіўшы скідку менавіта пасля верхавога адзінаборствы.

Гульня з мячом – адкрыццё, здаецца, і для самога Саўтгейта, бо раней у тройцы абаронцаў за гэтыя функцыі адказвалі іншыя выканаўцы. 27 пасоў у фінальную траціну – паказчык, які дазваляў Англіі часцей ствараць праблемы ў апорнай зоне супернікаў, а адтуль разгортваць свае атакі на флангі ў вольную прастору.

Статыстыка Гары ўражвае з улікам таго, што ён з сябе прадстаўляе на клубным узроўні.

У «МЮ» проста не выкарыстоўваюць моцныя бакі Магуайра – ён становіцца закладнікам філасофіі трэнера

Як Рангнік, так і тэн Хаг выбралі стратэгію, вакол якой можна доўга дыскутаваць – яны падладжваюць гульцоў пад свой футбол, а не свой футбол пад гульцоў. Калі логіка Эрыка, які змог атрымаць неабходнае яму ўзмацненне на трансферным рынку, зразумелая, то вось рашэнні нямецкага спецыяліста да гэтага часу здаюцца дзіўнымі. Ярчэй за ўсё гэта прыкметна менавіта на прыкладзе Магуайра.

Гары не прыстасаваны для гульні першым нумарам з высокай лініяй абароны. Яму банальна не хапае мабільнасці і хуткасці, каб накрываць супернікаў пры прыёме ці даганяць іх у контратаках. Праз гэта нярэдка адбываецца так, што структура каманды цалкам ламаецца пасля няўдалых спробаў Магуайра зрабіць тое, што з'яўляецца козырам умоўнага Лісандра Марцінэса – паспяваць перарываць хуткія наступы апанентаў яшчэ ў цэнтры поля. На працягу апошняга года ад ангельца часта можна было ўбачыць наступнае:

Ці з'яўляецца гэта праблемай Магуайра? З аднаго боку – так. З іншага, назавіце футбаліста, у якога няма недахопаў. То-та і яно.

У зборнай створаны ўсе ўмовы для таго, каб Гары адчуваў сябе камфортна. Па-першае, ён дзейнічае ў тройцы цэнтрбэкаў, што зʼяўляецца для яго больш звыклай сістэмай. Пры такой гульні не трэба супрацьстаяць супернікам 1 у 1 на аператыўнай прасторы ці пакідаць сваю пазіцыю ў спробах перапыніць атаку на пачатковай яе стадыі. Па-другое, у яго ёсць дадатковая страхоўка ў выглядзе яшчэ аднаго апорнага хаўбека – гэта дазваляе апускацца ніжэй і чакаць нападнікаў бліжэй да ўласнай брамы, ацэньваючы сітуацыю. Па-трэцяе, пры наяўнасці прэсінгу Магвайр губляецца з мячом, аднак супраць ангельцаў мала хто вырашаецца ўжываць актыўны камандны адбор на чужой палове поля.

Саутгейт знайшоў у Магуайры футбаліста, які ідэальна ўпісваецца ў яго некалькі акадэмічнае бачанне гульні. І гэта дае вынік. Так было на Еўра, так пакуль ёсць і на ЧС у Катары.

Вось чаму ў клубе і зборнай мы бачым дзвюх цалкам розных людзей – якасць выступленняў Магуайра адрозніваецца не таму, што ён нестабільны, а таму, што роля і функцыі ў футболе Саўтгейта яму падыходзяць значна больш, чым у апошніх трэнераў «МЮ». Адсюль і ўпэўненасць, якую абаронца атрымлівае падчас матчаў за Англію.

***

Магуайр – гэта ўвасабленне ў жыццё аповесці Роберта Льюіса «Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містара Гайда». Па сюжэце Доктар Джэкіл, галоўны герой, у выніку эксперыментаў з лекавымі прэпаратамі супраць сваёй волі ператвараўся ў зусім іншую асобу, якая здзяйсняла злачынствы – містара Гайда. Ці ж прывядзем больш трэндавымі аналогію з папулярнага цяпер серыялу «Уэнздэй» пра дзяўчынку з сямейкі Адамсаў. Там ёсць свой монстр, якога, што цікава, таксама клічуць Гайдам – пры пэўных умовах ён губляе кантроль над самім сабой, але ў паўсядзённым жыцці здаецца ледзь не самым добрым персанажам.

Паралелі з гісторыяй Гары даволі відавочныя – «пэўныя ўмовы» (у нашым выпадку гульня з высокай лініяй абароны і стаўленне трэнера) ператвараюць яго з дыхтоўнага для ўзроўню зборнай Англіі цэнтрбэка ў казла адпушчэння ў «Манчэстэр Юнайтэд».

Нягледзячы на ўвесь аптымізм, які выклікае прагрэс Магуайра на ЧС, яго ўсё ж становіцца шкада – цяпер ён як ніколі павінен задумацца над тым, ці не варта змяніць каманду, пакуль не позна. Магчыма, нават пайсці на паніжэнне, бо сучасны футбол усё ж патрабуе ад абаронцаў быць універсальнымі і хуткаснымі, на што робяць стаўку ўсе вядучыя калектывы Еўропы.

Фота: Інфаграфіка Tribuna.com, скрыншоты трансляцый Setanta Sports, Майкл Рэган/Getty Images

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты