Tribuna/Футбол/Блогі/Кейн, Ройс, Абамеянг і яшчэ 7 вядомых футбалістаў, у якіх няма вялікіх трафеяў

Кейн, Ройс, Абамеянг і яшчэ 7 вядомых футбалістаў, у якіх няма вялікіх трафеяў

Салідная кампанія.

30 сакавіка 2023, 12:38
Кейн, Ройс, Абамеянг і яшчэ 7 вядомых футбалістаў, у якіх няма вялікіх трафеяў

Чарговы рэкорд Хары Кейна прымусіў задумацца над тым, колькі яшчэ ёсць топавых футбалістаў, якія ўсю сваю кар'еру заставаліся без вялікіх тытулаў.

Хай нам даруюць фанаты Кубка Англіі ці Суперкубка Германіі, але мы вырашылі не браць у разлік такія спаборніцтвы. Таксама мы абмежаваліся толькі XXI стагоддзем, інакш у нашым топе дакладна б аказаліся такія монстры, як італьянец Джузэпэ Сіньёры, зорка зборнай Бразіліі Сакратэс і нават першы ў гісторыі ўладальнік «Залатога мяча» Стэнлі Мэцюз.

Што тычыцца дзейных гульцоў, то тут мы паставілі ўзроставы цэнз у 30+ гадоў, але ў адным выпадку ўсё ж парушылі яго.

Джымі Флойд Хасэлбайнк

У пачатку стагоддзя ў Нідэрландаў была проста шалёная канкурэнцыя ў лініі атакі: Клюйверт, Бергкамп, ван Ністэлрой, Макай, ван Хойданк. І гэта не ўсе зоркі, якія былі канкурэнтамі Хасэлбайнка. Форвард сурынамскага паходжання двойчы выйграваў бамбардзірскія гонкі ў АПЛ (1999, 2001), а ў Ла Лізе за сезон 1999/2000 накалаціў больш, чым Клюйверт і Макай.

У пачатку 2000-х Джымі стаў галоўнай ударнай сілай «Чэлсі», выйграючы канкурэнцыю ў Крэспа і Муту, усяго ў АПЛ забіў 127 галоў. Статыстыка, якая толькі пацвярджае, што Хасэлбайнк быў топ-форвардам, але яму моцна не пашанцавала з тытуламі.

З «Чэлсі» ён выйграў толькі Суперкубак Англіі, а з «Баавіштай» Кубак і Суперкубак Партугаліі. У 2006-м з «Мідлзбра» нават выйшаў у фінал Кубка УЕФА, але каманда прайграла «Севіллі» 0:4.

Гаіска Мендзьета

Яшчэ адна зорка, якая ззяла ў пачатку 2000-х. Баска прызналі найлепшым паўабаронцам еўрапейскага сезону ў 2000 і 2001 гадах. Ён быў лідарам і сэрцам «Валенсіі», якая двойчы прайгравала ў фіналах ЛЧ, і лічыўся ледзь ці не найлепшым пенальцістам на планеце. Харызматычны Мендзьета так і не атрымаў тытула з левантыйцамі, з'ехаў у «Лацыа», а тым часам Рафаел Бенітэс выйграў чэмпіёнства з «кажанамі» ў Ла Лізе.

У «Лацыа» ён не здолеў паказаць і дзясятай долі таго, што паказваў у «Валенсіі». Была нават спроба перазапусціцца ў «Барсе», але таксама няўдалая. У выніку дагульваць прыйшлося «Мідлзбра», дзе ён выйграў Кубак Лігі і разам з Хасэлбайнкам мог здабыць Кубак УЕФА.

Найвялікшым дасягненнем гульца застаўся Кубак Іспаніі, які ён узяў з «Валенсіяй» яшчэ ў 1999 годзе. Магчыма, гэта не так і страшна для яго, бо футбаліст здолеў абстрагавацца ад футбола і зрабіў даволі паспяховую карʼеру дыджэя ў Лондане і на Ібіцы.

Антоніа Ды Натале

209 галоў Антоніа ў Серыі А - шосты паказнік у гісторыі турніру. Толькі Франчэска Тоці забіў больш сярод тых, хто гуляў XXI стагоддзі. Выступаючы за сціплы «Удынезэ», цяжка разлічваць на сур'ёзныя тытулы, але Ды Натале ўпарта не хацеў мяняць клуб. Карэнны неапалітанец стаў настолькі сваім ва «Удынезэ», што правёў тут 12 гадоў, стаў найлепшым бамбардзірам у гісторыі клуба і ўсталяваў усе магчымыя галявыя рэкорды фрыульцаў.

Шанцам на тытулы магла б стаць зборная Італіі. Напапярэдадні пераможнага ЧС«Удынезэ» упершыню выйшаў у групавы этап ЛЧ, дзе Ды Натале нават забіў тры мячы. У Серыі А на рахунку форварда было ўсяго 8 галоў, а на турнір паехаў яго аднаклубнік Вінчэнца Яквінта, які забіў на адзін гол больш у чэмпіянаце.

Значна бліжэй да тытула Ды Натале быў у 2012 годзе, калі на Еўра выйшаў у фінал са зборнай Італіі. Гулец забіў толькі адзін мяч на турніры, і то быў адзіны гол, які іспанцы прапусцілі на ўсім Еўра. У фінале Ды Натале замяніў Касана, але забіць не здолеў.

Арыц Адурыс

Футбаліст па мянушцы Эль Зору з гадамі станавіўся ўсё лепшым і лепшым. На свой першы буйны турнір са зборнай 35-гадовы гулец паехаў толькі ў 2016 годзе, калі Іспанія ўключыла яго ў заяўку на Еўра. У складзе «Атлетыка» баск двойчы станавіўся найлепшым бамбардзірам Лігі Еўропы і стаў першым, хто аформіў пента-трык у гэтым турніры (пацярпеў бельгійскі «Генк»).

У 2019-м ён паўтарыў дасягненне Леа Месі, забіўшы ў 15 сезонах Ла Лігі запар. Са 158 галамі Арыц уваходзіць у топ-20 бамбардзіраў за ўсю гісторыю Ла Лігі, абганяючы такіх зорак, як Ферэнц Пушкаш, Раналда, Ладзіслаў Кубала і Эміліа Бутрагеньё.

Форвард тройчы прыходзіў у «Атлетык», спрабаваў раскрыцца ў «Валенсіі» і «Мальёрцы», але сапраўднае шчасце набыў у Більбаа пад кіраўніцтвам Эрнэста Вальвердэ. Тады ж Адурыц стаў уладальнікам адзінага ў жыцці тытула – Суперкубка Іспаніі. На «Сан-Мамесе» Арыц зрабіў хет-трык у браму «Барселоны» (і стаў першым футбалістам за 10 гадоў, каму гэта ўдалося).

Дрыс Мертэнс

Мініяцюрны бельгіец усталяваў рэкорд па галах за «Напалі» у Серыі А. Рэкордным стаў яго 108-ы гол, а ўсяго Дрыс забіў 113. Шматгадовы матор неапалітанцаў і адзін з лідараў каманды мінулым летам адправіўся ў «Галатасарай». Іронія лёсу – менавіта ў гэтым сезоне Неапаль нарэшце можа атрымаць такое доўгачаканае скудэта, але без Мертэнса.

Футбаліст выступаў у Бельгіі, Нідэрландах і Італіі, але ні ў адной краіне нічога больш каштоўнага за Кубак не браў. Хоць і ў гэтым сезоне ў яго ёсць шанец атрымаць чэмпіёнства, але не ў Італіі, як марылася, а ў Турцыі, бо «Галатасарай» пакуль лідаруе ў Суперлізе, а сам бельгіец забіў пяць галоў.

Не склалася з тытуламі і ў зборнай, бо «залатое пакаленне» бельгійцаў здолела дабрацца толькі трэцяга месца на ЧС-2018. хоць апошнія 10 гадоў было сярод галоўных фаварытаў на ўсіх форумах, у якіх удзельнічала.

Дзімітры Пает

У сезоне-2015/16 француз стаў адным з самых яркіх гульцоў у Еўропе. У складзе «Вест Хэма» забіваў неверагодныя па прыгажосці мячы і раздаваў геніяльныя перадачы. Дзімітры ўжо было 28, але заззяў ён так, што лічыўся адной з галоўных зорак зборнай Францыі на хатнім Еўра.

У камандзе Дэшама ён працягнуў забіваць і асіставаць, аднак усе згадваюць яго як таго хлопца, які нанёс траўму Крышцiяну ў фінале Еўра. Францыя саступала, а Дзімітры змарнаваў шанец атрымаць галоўны трафей свайго жыцця.

Бліскучая гульня ў АПЛ была азмрочанай даволі мярзотнымі паводзінамі ў дачыненні да «Вест Хэма», калі гулец патрабаваў прадаць яго ў «Марсель» і прапускаў трэніроўкі. Калі верыць у карму, то яна вярнула сваё французу, калі ён з «Алімпікам» гуляў фінал ЛЕ супраць «Атлетыка» і траўмаваўся яшчэ ў першым тайме. Пайе ў слязах сышоў з поля, а каманда прайграла.

На пераможны ЧС Дзімітры не паехаў, а выйграць тытул у Францыі, канкуруючы з «ПСЖ», яму так і не ўдалося. Так што пакуль у скандальнага француза няма ніводнага тытула, а яму ўжо 36 гадоў.

П'ер-Эмерык Абамеянг

Ауба заўсёды быў яркім форвардам з выдатнымі вынікамі, але пакуль не выйграў нічога, акрамя Кубка Англіі і Кубка Германіі. Зборная Габона таксама не тая каманда, з якой можна разлічваць на кантынентальны тытул.

Так атрымалася, што Абамеянг прыехаў у Дортмунд на наступны сезон пасля чэмпіёнства. І нягледзячы на ​​тое, што за нейкіх пяць сезонаў ён забіў 141 гол і стаў адным з чатырох гульцоў у гісторыі «Барусіі», якія выйгралі гонку бамбардзіраў у Бундэслізе, яму так і не ўдалося атрымаць салатніцу.

У АПЛ габонец не зніжаў абаротаў, але «Арсенал» тады не ўваходзіў у лік фаварытаў. Быў шанец выйграць чэмпіёнства з «Барсай», але пасля паўгода паспяховай гульні ў складзе «блаугранас» гулец адправіўся ў «Чэлсі». У лонданцаў усё яшчэ ёсць шанец выйграць Лігу чэмпіёнаў у гэтым сезоне (а чаму б і не?), але менавіта Ауба быў прынесены ў ахвяру, калі зімовыя навікі былі выкліканыя на вясновы этап галоўнага клубнага турніру Еўропы.

Сон Хын Мін

Трохразовы футбаліст года ў Азіі, уладальнік прэміі Пушкаша за найлепшы гол 2020 года і адзін з двух найлепшых бамбардзіраў у АПЛ у мінулым сезоне па-ранейшаму не мае тытула. Адзіны камандны гонар гульца – гэта перамога на Азіяцкіх гульнях 2018 года, але гэта спаборніцтва не варта блытаць з Кубкам Азіі, дзе Паўднёвая Карэя не выйгравала з 1960 года. Футбольны турнір на Азіяцкіх гульнях праходзіць па тым жа прынцыпе, што і на Алімпійскіх гульнях, таму гэта хутчэй моладзевае спаборніцтва. Але на Кубку Азіі Сон выйграў толькі срэбра ў 2015 годзе.

Гуляючы за «Гамбург» і «Баер», нападаючы не меў асаблівых шанцаў перамагчы ў Бундэслізе, а пра «Тотэнхэм» і Прэм'ер-лігу не жартаваў толькі лянівы. Хаця фанатам «шпор» відавочна не да жартаў. Фінал Лігі чэмпіёнаў-2019 супраць «Ліверпуля» быў шанцам для многіх гульцоў каманды нарэшце заваяваць вялікі трафей, але не атрымалася.

Сону ўжо 30. Як і Кейну, час падумаць, што рабіць з кар'ерай далей.

Марка Ройс

Ройс – адзін з найлепшых гульцоў і самы вялікі няўдачнік цэлага пакалення нямецкага футбола. Марка прайграў фінал Лігі чэмпіёнаў-2013 «Баварыі», хоць і зарабіў пенальці, які рэалізаваў Гюндаган. І тады, бадай, здарылася трагедыя ўсяго футбольнага жыцця Марка: ён атрымаў траўму ў апошнім таварыскім матчы перад стартам ЧС-2014. За трыумфам таварышаў назіраў па тэлевізары. Затым праз траўмы прапусціў Еўра-2016, Еўра-2020 і апошні чэмпіянат свету ў Катары.

Ройс застаецца верным Дортмунду, але, акрамя двух Кубкаў Нямеччыны і трох Суперкубкаў, у яго медальнай скарбонцы больш нічога няма. У цяперашні час «Барусія» ўсё яшчэ можа выйграць чэмпіянат і нават на адно ачко апярэджвае «Баварыю». Для Марка гэты магчымы тытул будзе асаблівым, бо ў 33 іншага шанцу можа і не быць.

Хары Кейн

Новаспечаны найлепшы бамбардзір у гісторыі зборнай Англіі, найлепшы бамбардзір у гісторыі «Тотэнхэма» і найлепшы бамбардзір ЧС-2018 можа пахваліцца перамогай толькі ў Audi Cup.

Гэтым летам Гары споўніцца 30, але да таго часу ў яго няма шанцаў выйграць хоць што-небудзь. «Шпоры» выбылі з Лігі чэмпіёнаў, а адрыў ад суседзяў з Паўночнага Лондана ў Прэм'ер-лізе дасягае 20 балаў.

Вось ужо восем гадоў Кейн верна служыць свайму клубу, але перамог да гэтага часу няма. Якія б трэнеры ні пачыналі працаваць у «Тотэнхэме», да запаветнага медаля прэм'ер-лігі Кейну было далёка. У яго яшчэ ёсць час змяніць сітуацыю і нешта выйграць.

Як некалі Тэдзі Шэрынгем, які ў 31 год перайшоў з «Тотэнхэма» ў «Манчэстэр Юнайтэд», каб выйграць Прэм'ер-лігу і Лігу чэмпіёнаў. А затым вярнуўся ў «Шпоры», дзе працягнуў спакойна гуляць, не думаючы пра тытулы.

Ці выйдзе такі трук у Кейна?

Фота: Global Look Press; Nigel Keene/Global Look Press; Maurizio Borsari/Global Look Press; Giuseppe Maffia/Global Look Press.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты