Tribuna/Футбол/Блогі/Гэты праект «ПСЖ» не працуе. Катарцам не ўдалося купіць вынікі

Гэты праект «ПСЖ» не працуе. Катарцам не ўдалося купіць вынікі

Насер Аль-Хелайфі, усё дрэнна, давай па-новаму.

9 сакавіка 2023, 17:08
Гэты праект «ПСЖ» не працуе. Катарцам не ўдалося купіць вынікі

«ПСЖ» зноў вылецеў з Лігі чэмпіёнаў. Зноў у 1/8 фіналу – пяты раз за апошнія сем розыгрышаў.

Здаецца, і не вельмі ганебна, і ёсць куча адмазак, каб гэтую паразу апраўдаць – у першым матчы ў старце не было Мбапэ, а пры гульні ў адказ не было Неймара, а дзве замены прыйшлося выкарыстоўваць праз траўмадраму Маркіньяса і Мукіеле. І наогул, адстаньце, супернік моцны, дарма што ён «у крызісе» (таму што не адарваўся ў турнірнай табліцы да сакавіка на чэмпіёнскую адлегласць, але гэта тэма для іншай калонкі).

Але ж праблема не ў Мбапэ, не ў Неймары, не ў Мукіеле, не ў сіле «Баварыі» і нават не ў тым, што Бітшыабу чакана не адпавядаў узроўню і патрабаванням матчу. Гэтыя ўсе «праблемы» - толькі адно велізарнае следства таго, што «ПСЖ» пабудавалі прыгожы, стыльны, але непрацуючы і неэфектыўны праект.

Аднак перад тым, як пагаворым пра, уласна, парыжан, прывяду аналогію з гарадскім планаваннем (рэлевантны вопыт – некалькі дзясяткаў гадзін гульні ў Cities Skylines у вольны час). Уявіце, што ў вас ёсць пэўны бюджэт, і вы фактычна з нуля будуеце новы раён. Вам трэба пабудаваць дамы, дзе будуць жыць людзі, крамы, дзе яны будуць набываць ежу і іншыя тавары, фінустановы, каб атрымліваць грошы, кафэ, каб есці, медустановы, школы, дзіцячыя садкі, паліцэйскі пастарунак, забаўляльныя і культурныя ўстановы, правесці транспарт у раён, абсталяваць рэгуляванне дарогі. І ўсё гэта павінна паміж сабой не проста ўзаемадзейнічаць, а яшчэ і адпавядаць патрабаванням адзін аднаго.

Але замест гэтага вы будуеце некалькі проста-такі элітных дамоў для жылля, некалькі адзінак той-сёй інфраструктуры, адну школу, а на ўсё астатняе вам ужо не хапае грошай – ваш бюджэт абмежаваны. Гэты раён доўга будзе заставацца населеным у такім выглядзе?

Менавіта гэта і адбылося з катарскім праектам «ПСЖ». Клуб выйшаў на якасна новы ўзровень у параўнанні з 2011-м, калі новыя ўласнікі толькі з'явіліся ў клубе? Дакладна выйшаў - з гэтым, здаецца, ніхто не спрачаецца. «ПСЖ» можна назваць самай зорнай і медыйна стыльнай футбольнай камандай? З адрывам: галоўная шыльда фіналу ЧС-2022 была літаральна ўнутрыклубным супрацьстаяннем, а гульцы праекта на галоўным турніры чатырохгоддзя назабівалі сукупна аж 18 галоў.

Клуб можна назваць паспяховым? А вось тут ужо ёсць пытанні.

- У Лізе 1 - так, аднак ёсць некалькі але. Галоўнае - футбалістам проста сумна гуляць у гэтым чэмпіянаце. Так, можна разносіць «Страсбуры» з «Анже», але цікаўнасць гульні ў FIFA на самым лёгкім узроўні доўжыцца не вельмі доўга. Следства - праз цяжкія характары і ад нуды гульцы пачынаюць паміж сабой сварыцца. Таму што пакуль іншыя каманды з гульцамі, якія маюць цяжкія характары, жывуць у тонусе 38 спаборніцкіх матчаў на сезон і ім банальна некалі сварыцца, то ў «ПСЖ» такіх не больш 13-15 (окей, яшчэ два дэрбі з «Марсэлем») – можна хоць кожны тыдзень то хацець прадаць Неймара, то звольніць Пачэціна, то тэрмінова сысці ў «Рэал».

А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што і трэнер сыплецца разам з гульцамі – таму што ўсе яго напрацоўкі разбіваюцца аб тое, што гульцам банальна ўсё роўна на той «вельмі важны» матч з «Лілем». У выніку маем, што нават дамінуючы «ПСЖ» двойчы прайграў чэмпіёнства добрым трэнерскім камандам.

- У Лізе чэмпіёнаў поспеху дакладна няма. Адзін фінал, адзін паўфінал, чатыры чвэрцьфінала - усё. З 10 прайграных двухмачтавых супрацьстаянняў у плэй–оф (толькі 7 выйгралі) - чатыры разы саступалі пасля пераможнага першага матчу.

Адзіны выхад у фінал адбыўся менавіта тады, калі каманда была максімальна ў тонусе: горачэмпіяната не было, апошняя стадыя ЛЧ праходзіла ў кавідным рэжыме – ідэальныя ўмовы, каб сканцэнтравацца.

Як так здарылася? Прычына крыецца ў словах Насера Аль-Хелайфі яшчэ з 2014-га, якімі ён тлумачыў, што магчымае пакаранне за парушэнне фінансавага фэер-плэй ад УЕФА яму не перашкодзіць, але на самой справе акрэсліў стратэгію свайго клуба: «Я буду мець тых гульцоў, якіх хачу. Гэта [рашэнне УЕФА] нічога не мяняе ў нашым праекце, у матывацыі клуба і нашых гульцоў. Мы паважаем і прымаем гэтае рашэнне. Але нішто і ніхто нас не спыніць».

А як тут спыніць, калі то гульцы і трэнеры мяняюцца па капрызе спортдыра, то ўжо спортдыр змяняецца па капрызе гульцоў, і ўсё гэта зусім бессістэмна. Максімальна іканічны прыклад - калі клуб на пэўным этапе развіцця ў сезоне-2019/20 меў адразу пяць здольных брамнікаў: Кейлар Навас, Кевін Трап, Альфонс Арэаля, Серхіа Рыка, Марчын Булка. Апошні пазней, яшчэ і знаходзячыся на кантракце з парыжанамі, выб'е іх з клуба.

Гэта не калонка хейта да «ПСЖ». Ідэя пабудаваць прыгожы і паспяховы клуб у сталіцы - сапраўды крутая. А яе рэалізацыя нашмат лепшая, чым у суседняй Германіі (там, калі вы не заўважылі, так будавалі «Герту»). Праект «накупіць зорак і выйграць усё» не атрымаўся - у тым ліку праз абмежаванні УЕФА.

І ў выніку ў вырашальны момант, калі зоркі і гульцы асновы з пэўных прычын недаступныя, а трэба адыгрывацца, у «ПСЖ» замест якаснага гульца на падмене толькі 17-гадовы хлопец увогуле без досведу ў ЛЧ. Так, ён будзе нядрэнным талентам – але матч паказаў, што тут ключавое слова «будзе».

На гэта ўсё катарцы выдаткавалі ўжо 1 мільярд 589 мільёнаў 600 тысяч еўра! Калі апусціць кубкі (таму што каму яны цікавыя ў клубе), то адно чэмпіёнства абышлося ў 198,7 млн еўра. І гэта ўжо выглядае як заганны круг: уклалі грошы ў зорак і гульцоў, за якіх адкрыта пераплацілі – няма выніку – уклалі яшчэ больш грошай у зорак і гульцоў, за якіх адкрыта пераплацілі.

Выглядае максімальна неэфектыўна - калі, вядома, гэты клуб сапраўды існуе для задэклараванай мэты, а не проста занадта дарагая рэклама Катара. У свой час у дыпломнай працы даводзілася даследаваць менавіта гэты аспект дзейнасці клуба – тады ж усталяваў, што прыкладна 35% часу трансляцыі з «Парк дэ Прэнс» у 2021-м складае паказ рэкламы звязаных з краінай кампаній.

Ці ёсць выйсце з сітуацыі ў спартыўным плане? А бліжэйшае лета - ці ледзь не найлепшы час, каб зладзіць перазагрузку. Магчыма, клуб нават нешта ведае, свядома пазіцыянуючы сваёй галоўнай зоркай Мбапэ, а не Месі або Неймара. Ліянэль летам цалкам можа сысці з клуба, бразільца таксама варта прадаць і збіраць каманду з тых, хто будзе гатовы гуляць за яго на максімуме не толькі 13 матчаў за сезон, але і ўсе 38 – з «Клермонамі» і «Труа». Яшчэ і нагадваць Кіліану пра тое, што яму таксама трэба гуляць усе 38 матчаў чэмпіянату.

Прыклад такога клуба далёка шукаць не трэба, хоць ён і сам не без праблем – «Баварыя». І тут галоўная іронія ў тым, што «ПСЖ» фактычна падарыў ёй двух такіх, гатовых гуляць на максімуме супраць усіх супернікаў, выканаўцаў – Кінгслі Комана і Эрыка-Максіма Шупо-Мацiнга. Таму што, ці бачыце, не былі дастаткова зорнымі.

Цяпер парыжанам трэба вышукваць новых команоў і шупо-мацінгаў - або і далей выйграваць Лігу 1 і пакутаваць ужо ў пачатку сакавіка пасля вылету з ЛЧ.

Затое з рэкламай Катара.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты