Tribuna/Футбол/Блогі/Алос стаў на калені яшчэ да таго, як зборная Беларусі прапусціла – і не прагадаў!

Алос стаў на калені яшчэ да таго, як зборная Беларусі прапусціла – і не прагадаў!

Выглядалі не безнадзейна, але...

Аўтар — bytribuna com
13 верасня, 00:50
1
Алос стаў на калені яшчэ да таго, як зборная Беларусі прапусціла – і не прагадаў!

Георгій Кандрацьеў можа смяяцца ў голас, хаця ён пасля звальнення беларускі футбол не глядзіць: сышоў са зборнай рарытэтнай перамогай над Косава, а ў яго іспанскага зменшчыка Карласа Алоса што ні матч, то прыгода. А можа, нават і трагедыя. Андоры не прайгралі, але ж і не перамаглі, і нават не забілі. З Ізраілем трымаліся да самай канцоўкі. Здавалася, сітуацыя пад кантролем. На 93-й хвіліне беларускія абаронцы шляхетна адбівалі мяч, не мітусіліся, але ж у выніку прыляцела з апорнай зоны – Павел Савіцкі не паспеў.

Што можна зазначыць з пазітыўнага? Алос быў у пары хвілін ад таго, каб стаць першым трэнерам, пры якім зборная Беларусі ў двух першых матчах не прапусціла. Не атрымалася.

Сяргей Карповіч з нейкага там «Нёмана» добра трымаў на сваім правым флангу паўабаронцу «Тотэнхема» Манора Саламона. У абароне стараўся падпісант за Лукашэнку Захар Волкаў – блакаваў удары, не губляўся пад ціскам. Пару разоў выратаваў Максім Плотнікаў, і не сказаць, што гол – на ягоным сумленні. А яшчэ былі шанцы забіць, нават у канцоўцы. Уладзіслаў Марозаў спрабаваў з нядрэннай пазіцыі яшчэ пры ліку 0:0, але...

Іспанскі трэнер адрэагаваў эмацыйна, але да болю трэба прывыкаць: стаяць на каленях – звычайная справа для беларускага футбола. Гэта не эпатаж, а надзённасць.

Дарэчы, вы заўважылі на руцэ Алоса чырвона-зялёную вязаначку ў стылі лукашэнкаўскага патрыятызму? Нават калі гэта выпадковае супадзенне, у Доме футбола ніхто не асудзіць.

Іншая справа, што вынікі зусім не цешаць: усяго 4 пункты пасля 6 тураў, а гэта 4-5-е месца з шасці на пару з Косава, і ўжо вельмі далёка ад тых, хто наверсе.

І не сказаць, што гульня пры Алосе неяк кардынальна змянілася. Беларусам па-ранейшаму цяжка атакаваць. Галоўны спадзеў – на імправізацыю і шансаванне. А галоўныя думкі – пра абарону, вось на чым робіцца галоўны акцэнт.

Зрэшты, а хто казаў, што будзе іначай?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты