Tribuna/Футбол/Блогі/На пяць гадоў без Журавеля зладзiлi матч памяцi: Навiцкi каментаваў, Румбуцiс спяваў, сярод гульцоў – Хамутоўскі з «тэрмiнам»

На пяць гадоў без Журавеля зладзiлi матч памяцi: Навiцкi каментаваў, Румбуцiс спяваў, сярод гульцоў – Хамутоўскі з «тэрмiнам»

Шмат вядомых імёнаў.

19 лістапада, 08:23
3
На пяць гадоў без Журавеля зладзiлi матч памяцi: Навiцкi каментаваў, Румбуцiс спяваў, сярод гульцоў – Хамутоўскі з «тэрмiнам»

Восень 2018 года – жалобны перыяд для беларускага футбола, таму што тады з-за анкалогii пайшлi з жыцця яшчэ зусiм не старымi вельмi важныя людзi. 22 верасня ў 52 гады памёр заснавальнiк i бесперапынны кiраўнiк БАТЭ Анатоль Капскі, чыю памяць шануюць апладысментамi кожны хатнi матч клуба.

А 18 лiстапада не стала Уладзіміра Журавеля. У яго была добрая гульнявая кар“ера: выйграў шэсць чэмпіёнстваў Беларусі з мінскім «Дынама», пагуляў у Ізраілі і Расіі, выступаў за зборную Беларусі. У якасці трэнера Журавель працаваў у асноўным у эпоху БАТЭ – i таму збiраў сярэбраныя медалi ЧБ: чатыры з «Шахцёрам», адзiн з «Дынама». Мiнчане з Журавелем таксама выйшлi ў групу Лiгi Еўропы, дзе ў заключным матчы абыгралi «Фіярэнцiну». А ў 2017 годзе спецыяліст прывёў брэсцкае «Дынама» да першага тытула «зайцаўскай» эпохі – Кубку Беларусі.

Адной з галоўных характарыстык Журавеля была яго iнтэлiгентнасць. Гэтую рысу характару ў трэнеры адзначалi шматлiкiя калегi, футбалісты i кіраўнікi, якія працавалі з ім.

Каб зразумець, што гэта быў за чалавек, прачытайце вельмі кранальнае інтэрв“ю, зробленае да першай гадавіны смерці Журавеля з яго жонкай Наталляй.

У памяць пра Журавеля ў 2021 годзе на фасадзе дома па праспекце Пераможцаў, 3, павесiлi мемарыяльную дошку.

18 лiстапада 2023-га мінскае «Дынама» і «Шахцёр» правялі ветэранскі матч, прысвечаны памяці Журавеля. Паядынак прайшоў на сталічным «Дынама-Юні» і сабраў шмат вядомых iмяў.

У трэнерскі штаб ветэранаў «Дынама» ўвайшлі Георгій Кандрацьеў, Алег Кубараў, Уладзімір Курнеў, Юрый Пышнік. А выйшлi на газон Віталь Варывончык, Аляксандр Лухвіч, Сяргей Ясковіч, Алег Чарняўскі, Фёдар Лукашэнка, Аляксандр Вяжэвіч, Андрэй Лаўрык, Сяргей Штанюк, Арцём Чалядзінскі, Міхаіл Макоўскі. Асобна варта адзначыць наяўнасць у складзе Васіля Хамутоўскага, якi ў снежні мінулага года, вярнуўшыся на Радзiму для лячэння, быў затрыманы рэжымам і атрымаў два гады «хатняй хіміі» па «артыкуле», па якiм караюць за ўдзел у мIрных пратэстах. Але, як бачым, Хамутоўскаму з нейкiх прычын пашанцавала куды больш, чым амаль 1500 палiтвязняў рэжыму.

«Шахцёр» узначаліў Юрый Вяргейчык, а яго асістэнтамі былі Аляксандр Новік, Сяргей Балановіч, Аляксей Янушкевіч. На полш каманду прадставілі Сяргей Нікіфарэнка, Мікалай Януш, Аляксандр Гранькоў, Ігар Ражкоў, Андрэй Лявончык, Дзмітрый Камароўскі, Павел Сітко, Юрый Каламыц, Андрэй Хачатурян, Дзмітрый Асіпенка, Раман Кірэнкін, Андрэй Цэван, Сяргей Мацвейчык, Міхаіл Марціновіч.

Перад пачаткам паядынку ўступнае слова сказаў шматгадовы каментатар рэжымных спортмерапрыемстваў Уладзімір Навіцкі – запэўнiў, што Журавель быў «заўсёды добразычлівы, мог на любое пытанне адказаць, нешта параіць, падказаць». Таксама на поле былi запрошаныя ўдава Журавеля Наталля i дачка Кіра, якiм уручылi падарункі ад мінскага «Дынама» і «Шахцёра».

А пасля гэтага Навiцкi, што цяпер вялiкая рэдкасць, вярнуўся да былога – i пракаментаваў трансляцыю на YouTube-канале АБФФ. Каманды гулялі два таймы па 20 хвілін, i першая палова прайшла з перавагай ветэранаў «Шахцёра». Лік на 9-й хвіліне адкрыў Асіпенка – адзначым, як элегантна Камароўскі прапусцiў мяч.

Праз 10 хвілін галоўны трэнер салігорскага «Партызана» Мікалай Януш падвоіў перавагу, падлавiўшы на памылцы Варывончыка.

Перад самым перапынкам ветэраны мінскага «Дынама» мелі магчымасць скараціць адставанне, аднак Вяжэвіч не трапiў у браму з пенальці.

У перапынку ўдзельнікаў мерапрыемства чакала музычная паўза. Людас Румбуціс выканаў песню Людмілы Гурчанкі «Каманда маладосці нашай».

Пасля гэтага чэмпіён СССР 1982 года з «Дынама» выканаў свой трэк «Любоў і шчасце». Вось толькі рэжысёры трансляцыі замест Румбуціса вырашылі паказаць карцінку пустога поля. Але па спасылцы ніжэй ёсць iншы запiс ды гiсторыя песнi.

У другім тайме Вяжэвіч адразу ж скараціў адставанне ў ліку. Але гэты гол стаў заключным у матчы – перамог «Шахцёр».

Пасля гульні ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі памятнае фота.

I дайшлi да мемарыяльнай дошкi, дзе падсажвалi таварышаў, каб дадаць кветкi.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты