Гол Шкурына набірае мільёны праглядаў – зайшло і экс-форварду «МЮ»
Беларус зрабіў вынiковым класны пас.
У еўрапейскім футболе пачатак снежня можна абвяшчаць часам Іллі Шкурына. Беларус трапляе ў трэнды дзякуючы хет-трыку, які аформіў 25 лістапада за «Сталь» з Мелеца ў матчы чэмпіянату Польшчы супраць «Погані».
Пасля гэтага Шкурына ўключылі ў каманду тыдня самага вядомага футбольнага сімулятара – FC 24 (былая FIFA), дзе форварду таксама павысілі рэйтынг да 83 у рэжыме Ultimate Team. На днях беларус атрымаў у гонар гэтага імянную картку гульца – і прыкрыў на ёй чырвона-зялёны сцяг, які, на жаль, выкарыстоўваецца ў гульні.
А цяпер першы з трох галоў Шкурына апублікавалі ў 433 – найбуйнейшым футбольным Instagram-акаўнце на 70 мільёнаў падпісчыкаў. Праўда, 433 зрабіў акцэнт на асісты латвійскага паўабаронцы Алвіса Яунземса – ён у паветры паспеў вывярнуць нагу так, каб мяч пасля дотыку акуратна адляцеў назад, на беларуса. Ілля ж атрымлівае рэспект за тое, што такі выдатны пас стаў галявым, і больш за 3 мільёны праглядаў відэа толькі за першую гадзіну з публікацыі.
Ды і выраз твару Шкурына пасля гола атрымаўся мемным.
Камбінацыя зайшла і экс-форварду «МЮ» Дзімітару Бербатаву.