Tribuna/Футбол/Блогі/«Арыс» павіншаваў Шпілеўскага з днём нараджэння рэкордам. А вось форвард-беларус трэнера даўно не радуе

«Арыс» павіншаваў Шпілеўскага з днём нараджэння рэкордам. А вось форвард-беларус трэнера даўно не радуе

Працягваюць змаганне за чэмпіёнства.

Аўтар — Pam-pam
19 лютага, 19:54
«Арыс» павіншаваў Шпілеўскага з днём нараджэння рэкордам. А вось форвард-беларус трэнера даўно не радуе

У матчы 26-га тура чэмпіянату Кіпра «Арыс» ураджэнца Мінска Аляксея Шпілеўскага на сваім полі разграміў АЕЛ 4:0. Ужо на 8-й секундзе гульцы «Арыса» злавілі суперніка пры выхадзе з абароны і адабралі мяч. Да атакі падключыўся форвард Аляксандр Какорын, які і нанёс дакладны ўдар па варотах.

Гол расіяніна, які ў свой час сядзеў у турме, стаў самым хуткім у гісторыі чэмпіянату Кіпра. Да гэтага рэкорд належаў бенінскаму нападніку АПАЭЛа Мікаэлю Потэ, які ў 2017-м годзе даслаў мяч у сетку варот «Анартосіса» на 13-й секундзе.

Праз пяць хвілін Какорын забіў другі гол, а яго аднаклубнікі Кажу і Яла Гоміс да канца першага тайма павялічылі разрыў да чатырох мячоў. У другой палове сустрэчы на полі з'явіўся і Арцём Шуманскі – беларускі форвард змяніў свайго таварыша Какорына на 67-й хвіліне, але выніковымі дзеяннямі не вызначыўся. Апошнія яго выніковыя дзеянні зафіксаваныя ў снежні мінулага года. Тады гулец аддаў дзве галявыя за матч якраз на Какорына. Студзень-2024 Шуманскі цалкам правёў па-за заяўкай.

Буйной перамогай гульцы «Арыса» зрабілі добры падарунак свайму галоўнаму трэнеру, які за дзень да таго адсвяткаваў 36-годдзе. Клуб павіншаваў спецыяліста ў сваіх сацсетках - на рускай і англійскай мовах.

Але, мабыць, самае кранальнае віншаванне падрыхтавала мама. Алена Шпілеўская апублікавала відэа з падборкай дзіцячых фатаграфій і яскравых момантаў яго карʼеры.

На Кіпры якраз скончыўся рэгулярны раўнд – 14 каманд згулялі ў два кола. «Арыс» фінішаваў другім, набраўшы за 26 матчаў 56 пунктаў. Гэта другое месца ў табліцы і на тры пункты меней, чым у лідара АПАЭЛа. Далей шасцёрка найлепшых каманд разыграе медалі. Ці здолее «Арыс» абараніць тытул – адказ на гэтае пытанне стане вядомым даволі хутка.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты