Tribuna/Футбол/Блоги/У амерыканскім поп-серыяле героі глядзелі матч зборнай Беларусі. З датай і голам аўтары далі маху

У амерыканскім поп-серыяле героі глядзелі матч зборнай Беларусі. З датай і голам аўтары далі маху

Беларусы з часовым трэнерам ўзялі верх над моцным супернікам.

Автор — Pam-pam
10 мая, 06:29
У амерыканскім поп-серыяле героі глядзелі матч зборнай Беларусі. З датай і голам аўтары далі маху

На днях тэлеграм-канал «П'яныя падкасты» звярнуў увагу на адзін з эпізодаў амерыканскага серыяла «Лепш званіце Солу», які зʼяўляецца спін-офам і прыквелам вядомага і суперпапулярнага серыяла «Ва ўсё цяжкія».

У 3-й серыі 5-га сезона адзін з герояў па імені Нача (удзельнік мексіканскага наркакартэлю) у кампаніі дзяўчат глядзіць па тэлевізары футбол – гэта зразумела па гучным і эмацыйным выкрыку каментатара «Гол»!

Аператар толькі на долю секунды наводзіць камеру на экран тэлівізара, а там...гульня паміж зборнымі Беларусі і Мексікі!

Гэтыя супернікі сустракаліся толькі аднойчы – 18 лістапада 2014 года ў таварыскім матчы на «Барысаў-Арэне», і больш моцнымі тады аказаліся гаспадары (3:2). Тады яшчэ хадзілі размовы, што беларускай федэрацыі давялося раскашэліцца на мільён долараў, каб прывезці такога суперніка, хоць мексіканскі трэнер Мігель Эрэра і адмаўляў фінансавую зацікаўленасць сваёй каманды.

Мексіканцы прыехалі ў нядрэнным складзе – прывязлі ў халодную беларускую восень Гільерма Ачоа, Джавані дас Сантаса, Карласа Велу, Хаўера Эрнандэса, Андрэаса Гуардада і іншых зорак, але гэтага для перамогі не хапіла.

Падапечныя Андрэя Зыгмантовіча перамаглі, хаця двойчы саступалі ў ліку. Галы на свой рахунак запісалі Мікалай Сігневіч і Сяргей Кісляк. А пераможны гол здарыўся на 81-й хвіліне – дэбютны мяч за зборную забіў Павіл Няхайчык. У мексіканцаў двойчы вызначыўся Рауль Хіменез, які за пару месяцаў да таго перабраўся ў мадрыдскі «Атлетыка».

Паглядзець той матч на арэну прыйшло 6700 чалавек – не аншлаг, але на Таджыкістан, з якім гулялі раней, сабралося ўсяго каля 2000 чалавек.

Для Зыгмантовіча, які працаваў у зборнай як выканаўца абавязкаў, матч супраць Мексікі стаў другім і апошнім на гэтай пазіцыі. Спецыяліст узначаліў зборную ў канцы кастрычніка 2014-га пасля таго, як у адстаўку адправілі Георгія Кандрацьева. Ужо 15 лістапада каманда пад яго кіраўніцтвам саступіла зборнай Іспаніі 0:3, а пасля гульні з Мексікай трэнера змянілі. За гэты кароткі час ён паспеў пасварыцца з Аляксандрам Глебам, якога не выклікаў у зборную. Пакрыўджаны футбаліст тады называў працу трэнера цыркам.

Вяртаючыся да серыяла, варта падкрэсліць недапрацоўкі аўтараў, бо падзеі ў ім адбываюцца прыкладна ў сярэдзіне нулявых, а дату матчу мы ведаем дакладна. Ды і каментатарскі крык «Гол!» гучыць прыкладна на 18-й хвіліне сустрэчы, тады як лік у матчы быў адкрыты толькі на 47-й.

Другие посты пользователя

Все посты