Tribuna/Футбол/Блогі/У Брэсце запальвае «сын Пунтуса» з Расіі: выдаў гол-шэдэўр, быў топам па заробку ў «Макслайне»

У Брэсце запальвае «сын Пунтуса» з Расіі: выдаў гол-шэдэўр, быў топам па заробку ў «Макслайне»

Адзін з лідараў каманды-сенсацыі.

Аўтар — Pam-pam
21 траўня, 10:49
У Брэсце запальвае «сын Пунтуса» з Расіі: выдаў гол-шэдэўр, быў топам па заробку ў «Макслайне»

У матчы 9-га тура чэмпіяната Беларусі па футболе брэсцкае «Дынама» ўпэўнена абгуляла «Слуцк» 4:1. Бадай, асноўны творца гэтай вікторыі – 23-гадовы расіянін Ягор Карцоў, які запісаў на свой рахунак дубль. Абодва мячы вельмі якасныя, але ж адзін увогуле забіты ўдарам праз сябе.

Галявыя дасягненні супраць «цукровых» дазволіў Карцову дагнаць у спісе бамбардзіраў «вышкі» гульца «Гомеля» Радзі Эфагэ – пасля дзевяці тураў абодва забілі па 6 мячоў. Акрамя таго расіянін мае ў актыве два асісты. Брэсцкае «Дынама» між іншым досыць нечакана на сёння ідзе ў топ-3 чэмпіяната ўсяго ў двух пунктах ад «Нёмана». Перад сезонам некаторыя казалі пра патэнцыял каманды, але наўрад ці нехта мог прадказаць, што будзе ажно так, хаця гэта ўсяго толькі прамежкавы вынік.

Дубль у мінулыя выходныя – другі для вінгера ў сезоне-2024. Да таго ён паклаў два «Мінску» пры аншлагу на брэсцкіх трыбунах.

Ураджэнец Ціхвіна (гэта горад у Ленінградскай вобласці з 50 тысячамі насельніцтва) пачынаў займацца футболам у спартыўнай школе «Зеніта», адкуль у 2018-м перабраўся ў новаствораны клуб «Ленінградзец», які пачаў выступаць у Д3 Расіі. Карцоў вельмі хутка стаў адным з ключавых гульцоў каманды – у дэбютным сезоне адзначыўся 6 забітымі галамі і 4 галявымі перадачамі ва ўсіх турнірах.

Наступны сезон для гульца таксама пачынаўся нядрэнна – Карцоў у складзе зборнай Расіі U-20 злятаў на турнір у Іспанію, дзе забіў Бахрэйну і Маўрытаніі. Затым быў гол у вароты «Балтыкі» ў кубкавым матчы і бадзёры старт у чэмпіянаце, але ж здарылася траўма. Футбаліст парваў «крыжы» і адправіўся на аперацыю ў Нямеччыну. Амаль год Карцоў не з'яўляўся на полі і вярнуўся ў каманду толькі ў лістападзе 2020-га. У расійскім міноры гулец набіў добрую статыстыку (у апошні сезон меў 8+13 у 27 матчах Д3), але на павышэнне пайшоў не ў Расіі, а ў Беларусі. У ліпені 2022-га расіяніна пазвалі ў арэнду ў «Макслайн» з беларускага Д2, якому дапамог заняць прахадное месца ў эліту (праўда, павышэння так і не адбылося). За паўсезона Карцоў стаў найлепшым бамбардзірам каманды, забіўшы 12 мячоў у 13 матчах і аддаўшы 3 галявыя перадачы.

Карцоў застаўся з «Макслайнам» у першай лізе. Магчыма, у такога рашэння быў фінансавы складнік – па інфармацыі «Трыбуны» вінгер стаў самым высокааплатным гульцом каманды з заробкам у 8500 рублёў. Пры тым што астатнія футбалісты атрымлівалі каля тысячы долараў.

У «Макслайне» Карцову падабалася працаваць з Юрыем Пунтусам. Гулец дагэтуль цёпла адгукаецца пра спецыяліста, называючы яго «футбольным бацькам».

Але другі сезон атрымаўся ўжо не такім яркім па паказніках, і ў жніўні 2023-га з'явіліся чуткі, што футбаліст блізкі да расстання з «Макслайнам». І неўзабаве вінгер, які ўсё яшчэ належыць «Ленінградцу», на правах арэнды адправіўся ў Брэст, хаця ім нібыта цікавіліся ў Мазыры. Пасля футбаліст казаў, пра нейкае «непаразуменне», што склалася з Іванам Біёнчыкам.

У 12 матчах за Брэст у чэмпіянаце-2023 вінгер вызначыўся 6 асістамі і атрымаў прапанову застацца яшчэ на сезон. Ізноў гэта была арэнда, бо, як распавядаў гулец, «Ленінградзец» не хоча адпускаць яго бясплатна. Ну а беларускія клубы, мяркуючы па ўсім, не гатовыя плаціць.

Пры гэтым у Брэсце пра расіяніна адгукаюцца вельмі добра. Дырэктар Аляксандр Неўдах называе хлопца інтэлігентам, а партнёр па камандзе Сяргей Кісляк падкрэслівае, што той вельмі шмат працуе на трэнінгах.

Свой зімовы адпачынак Карцоў правёў у ААЭ, дзе атрымліваў асалоду ад мора.

Фатаграфаваўся з гульцом кіберкаманды NAVI Алексі Віралайненам. Сам Карцоў – фанат Counter-Strike. Сваёй любімай камандай называе Clooud9, а любімым гульцом – S1mple.

У жніўні 2023-га Карцоў ажаніўся. І хоць фота з абранніцай стаіць у на аватарцы, асабістае жыццё футбаліст моцна не афішуе.

Спартсмен называе дзяўчыну «жонкай дзекабрыста» – карэнная пецярбуржка кінула дзеля яго працу з добрай пасадай тады, калі яшчэ не была ў афіцыйным шлюбе.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты