Tribuna/Футбол/Блогі/«Дынама» ўзяла гульца агента, які размазваў Скрыпчанку, але выбар зразумелы: адаптаваны да ЧБ, валодае рускай

«Дынама» ўзяла гульца агента, які размазваў Скрыпчанку, але выбар зразумелы: адаптаваны да ЧБ, валодае рускай

На маладога афрыканца быў вялікі попыт сярод беларускіх клубаў.

Аўтар — bytribuna com
21 лютага, 12:43
«Дынама» ўзяла гульца агента, які размазваў Скрыпчанку, але выбар зразумелы: адаптаваны да ЧБ, валодае рускай

У аўторак мінскае «Дынама» абʼявіла пра падпісанне шостага навічка за міжсезонне – ім стаў Рэйманд Адэола. 22-гадовы нігерыец здольны згуляць як у цэнтры атакі, так і вінгера на любым флангу. Яго кантракт разлічаны да канца 2024-га.

Менш як год таму агент, якога футбаліст лічыць другім бацькам, разносіў Вадзіма Скрыпчанку. Займець Адэолу хацелі яшчэ тры клубы, у тым ліку «Славія» Івана Біёнчыка, у якога легіянер у Беларусі пачынаў, але адразу загуляць не змог.

Сялюк – другі бацька

Адэола захапіўся футболам у пачатковай школе. Аднойчы выпадковы мінак высока ацаніў талент хлопчыка, але той адразу не ўспрыняў камплімент усурʼёз. Пазней школьнік апынуўся ў акадэміі Аруны Бабангіды – экс-гульца «Алімпіякоса» і зборнай Нігерыі. Заснавальнік акадэміі і стаў першым трэнерам будучыні футбаліста.

У Нігерыі Адэола ніколі не гуляў на прафесійным узроўні. Першым клубам у карʼеры стаў малдаўскі «Саксан», куды яго ва ўзросце 19 гадоў прывёз Дзмітрый Сялюк. У расійскага агента была наладжаная шчыльная супраца з клубам другога дывізіёна, дзе адсутнічаюць ліміты на легіянераў, і гэта дазваляла ў вялікай колькасці заводзіць туды афрыканцаў.

Нігерыец расказваў, што ў іх «не зусім класічныя адносіны паміж агентам і футбалістам», і называе гэту супрацу чымсьці большым. Адэола лічыць Селюка сваім абаронцам і ўвогуле другім бацькам.

Не загуляў у Біёнчыка

У сакавіку 2021-га «Гомель», які трэнаваў Іван Біёнчык, абвясціў пра прыход Адэолы з «Саксана». Аднак за ўвесь чэмпіянат таго года афрыканец згуляў у суме 11 хвілін, зʼявіўшыся на замену ў матчах з «Нёманам» (0:1) і «Энергетыкам-БДУ» (4:0). Яшчэ ў пяці матчах Біёнчык уключаў вінгера ў заяўку.

Гульнявую практыку Адэола атрымліваў з дублёрамі. У сезоне-2021 ён забіў 20 мячоў у 27 матчах і ў гонцы бамбардзіраў саступіў толькі салігорцу Ягору Карпіцкіму (у таго было 39 галоў).

«У мяне не было ніякіх праблем з трэнерам. Мы падтрымлівалі добрыя адносіны. Ён дапамагаў мне, раіў, як палепшыць гульню. Магчыма, мне проста патрэбны быў час на адаптацыю», – распавядаў футбаліст пра свае ўзаемаадносіны з Біёнчыкам, які прывёў «Гомель» да чацвёртага месца ў чэмпіянаце.

Заваёўваў у Беларусі трафей

Пасля сезона-2021 Біёнчык зʼехаў у Салігорск, а «Гомель» узначаліў Уладзімір Нявінскі. Пры новым трэнеры шмат што змянілася. У адрозненне ад папярэдніка, Нявінскі не ставіў легіянера ў цэнтр нападзення, а адправіў на левы фланг. Менавіта ў гэтай пазіцыі Адэола і стаў раскрывацца. Да свайго сыходу ў жніўні 2022-га ён калі і прапускаў матчы, то толькі праз перабор жоўтых картак, а за 15 матчаў набраў 2+4 па «гол+пас».

Тады ж футбаліст заваяваў пакуль адзіны трафей на прафесійным узроўні. У канцы красавіка 2022-га гамельчукі патрапілі ў фінал Кубка Беларусі, прайшоўшы «Віцебск» (2:0, 0:1) і заваяваўшы пуцёўку ў Лігу канферэнцый. Для Адэолы гэта было вялікай падзеяй. Ён казаў, што пасля гульні ў адказ не мог заснуць і наогул тры дні праходзіў пад уражаннем.

У фінале якраз афрыканскі вінгер аддаў выніковы пас на Сяргея Мацвейчыка, які на 67-й хвіліне забіў вырашальны мяч у вароты БАТЭ (2:1) (адзнака 5:18).

Яшчэ да кубкавага фіналу Адэола казаў, што хацеў бы разам з «Гомелем» дабрацца да групы ЛК, аднак грэцкі «Арыс» быў бязлітасны – 1:5, 1:2. Легіянер выйшаў з першых хвілін у абодвух матчах і дапамог адкрыць лік у першым з іх, зрабіўшы перадачу пяткай на Яна Афі.

Даў «Гомелю» зарабіць

Праз два тыдні пасля вылету з еўракубкаў Адэола зʼехаў. Пераход у «Радзіму» з расійскага Д2 мог адбыцца і крыху раней, калі б не юрыдычныя затрымка з дазволам для працы ў Расіі. Крыніцы называюць розныя сумы за трансфер – ад 20 да 80 тысяч еўра. На момант пераходу да канца кантракта легіянера з «Гомелем» заставалася чатыры месяцы.

Адэола стаў трэцім кліентам Селюка ў «Гомелі», якога ўдалося прадаць за мяжу. У студзені 2018-га гамельчукі за 125 тысяч еўра аддалі івуарыйскага апорніка Ісмаіла Саро ў ізраільскі «Бней Іегуда». Праз два гады футбаліст ужо гуляў за «Селтык». Праз паўгода пасля Саро з «Гомелем» развітаўся буркінійскі нападаючы Махамед Канатэ – сышоў у армянскі «Пюнік» за неагучаную кампенсацыю.

Сялюк падкрэсліваў, што сваіх гульцоў прыводзіць у «Гомель» бясплатна, а пасля яны зʼязджаюць за грошы. Маўляў, гэтак ён дапамагае беларускім «клубам зарабляць».

Не здолеў праявіць сябе ў Д2 Расіі

Праз год Адэола распавёў, што не прымаў самастойнае рашэнне пра падпісанне кантракту з «Радзімай» – «былі дамоўленасці паміж клубамі і агентамі».

У Маскве афрыканец на левым флангу паўабароны канкураваў з беларусам Аляксандрам Ксенафонтавым, які прыйшоў з «Віцебску». Цяжка сказаць, хто з футбалістаў выйграў суперніцтва – яны выходзілі прыкладна пароўну. Праўда, абодва не цешылі статыстыкай: за восеньскую частку сезона-2022/23 у Адэолы 0+0 у васьмі матчах, у Ксенафонтава – 0+1 у сямі.

Мог патрапіць у «Дынама» яшчэ раней

У пачатку 2023-га «Радзіма» адправіла канкурэнтаў у арэнду. Ксенафонтаў зʼехаў у Жодзіна, а Адэола мусіў да канца года перайсці ў мінскае «Дынама». Пра арэнду ўжо паспеў абʼявіць Сялюк, які расказаў пра адмову кіпрскаму клубу дзеля магчымасці згуляць у еўракубках і пазмагацца за чэмпіёнства са сталічным клубам. Аднак ужо на наступны дзень словы агента зняпраўдзіў журналіст Уладзіслаў Татур. І сапраўды – у мінулае міжсезонне Адэола так і не далучыўся да каманды Вадзіма Скрыпчанкі.

Затое падчас сезона-2023 Сялюк груба раскрытыкаваў Скрыпчанку за выбар на карысць Душана Бакіча, («гулец узроўня «Слуцка»), а не Джозэфа Аду, свайго кліента. «Я не разумею, Скрыпчанка адпачывае ў Чарнагорыі ў яго сваякоў, альбо ў яго ляжак там ёсць і Бакіч яго аплачвае», – здзіўляўся Сялюк. Трэнер адказваць на нападкі не стаў.

Пасля няўдачы ў перамовах з «Дынама» Сялюк распавёў, што Адэола робіць турэцкую візу, каб адправіцца на другі збор «Радзімы», пры гэтым не выключаў зімовы пераход у каманду «з вышэйшай лігі нейкага чэмпіянату». У выніку не адбылося ні першага, ні другога. У візе нігерыйцу адмовілі, з-за чаго ён застаўся трэнавацца з другой камандай у Маскве. Пераход у іншы клуб таксама не адбыўся. Тады ж футбаліст атрымаў траўму, праз якую перанёс аперацыю і прапусціў вясновую частку сезона.

Пры гэтым у «Дынама» не адмовіліся ад ідэі займець Адэолу. Улетку 2023-га ён на тыдзень прылятаў у Мінск, аднак клубы не дамовіліся. У футбаліста былі прапановы ад іншых каманд расійскага Д2, але ён аддаў перавагу арэндзе ў «Гомель», які толькі ўзначаліў Андрэй Гараўцоў. Трэнера радавала, што навічок ведае рускую і адаптаваны да беларускага чэмпіянату.

Адэола выдаў якасны другое кола-2023. У трох першых матчах пасля вяртання зрабіў чатыры асісты, а затым пачаў і забіваць. Мяч у вароты «Белшыны» (2:0) атрымаўся проста шыкоўным.

За 14 матчаў за «Гомель» Адэола набраў 3+6 і стаў чацвёртым па гэтым паказніку ў камандзе за ўвесь сезон. У верасні і кастрычніку легіянера прызнавалі найлепшым гульцом клуба.

Мог ізноў апынуцца ў Бiёнчыка

Па словах Селюка, гэтай зімой на Адэолу выходзіла не толькі «Дынама», але і «Шахцёр», «Гомель» і «Славія». Агент назваў Біёнчыка добрым спецыялістам, з якім абмяркоўваў пераход гульца. Аднак выбар быў зроблены на карысць мінчукоў. Футбаліст задаволены, што зноў зможа згуляць у еўракубках, а Сялюк, здаецца, больш не мае прэтэнзій да Скрыпчанкі, а таксама верыць, што дынамаўцы гэтым летам змогуць дабрацца да групы еўракубкаў.

«Трэнер сталічнага клуба пайшоў на пэўныя крокі, якія здзівілі мяне ў станоўчым плане. Скрыпчанка настаяў на падпісанні Адэолы», – дзяліўся Сялюк.

Першапачаткова футбаліст казаў, што ў Беларусі ў яго будзе арэнда на паўгода ці год. Але затым вінгер здолеў разарваць кантракт з «Радзімай» па ўзаемнай згодзе. Пагадненне было разлічанае яшчэ на паўгода і магло аўтаматычна працягнуцца на сезон у выпадку выхаду каманды ў прэмʼер-лігу.

Прыхільнік расійскага рэпера Маргенштэрна

Не раз людзі з футбола адзначалі, што Адэола добра гаворыць па-руску. І гэтага ён здолеў дасягнуць самастойна, гледзячы фільмы і перадачы без перакладу. «Калі ты сам пачынаеш разумець гаворку, то ўжо не забудзеш значэнне слоў», – казаў афрыканец.

У вывучэнні рускай дапамагала і музыка. Сваім любімым выканаўцам футбаліст назваў Маргенштэрна, з песень якога склаў вялізны плэй-ліст. Адэола ў свой час таксама займаўся музыкай – нядрэнна даваў рады з барабаннай устаноўкай.

Хто канкурэнты ў «Дынама»

Перадсезонку Адэола пачынаў у складзе «Радзімы», з якой працаваў на зборах. Са слоў Селюка вынікае, што футбаліст яшчэ не да канца гатовы да сезона, аднак разлічвае, што месяца, які застаўся да старту чэмпіянату, хопіць, каб прывесці набраць форму. Аднак на гэтым адрэзку «Дынама» згуляе за Суперкубак з «Тарпеда-БелАЗ», а таксама правядзе чвэрцьфінальныя матчы Кубка супраць БАТЭ.

На кожнай з магчымых пазіцый для Адэолы «Дынама» ужо мае добры выбар. Злева ў атацы давядзецца канкураваць з Глебам Жэрдзевым і Паўлам Сядзько. На супрацьлеглым краі ёсць Дзмітрый Падстрэлаў і Андрэй Рылач.

На пачатку беларускай карʼеры Адэола гуляў нападніка, таму не варта выключаць пераводу на гэтую пазіцыю. У такім выпадку нігерыйца чакае суперніцтва з Уладзімірам Хвашчынскім, Іллём Чарняком і Паўлам Мялёшыным.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты