Tribuna/Футбол/Блогі/АБФФ і так званае мінспорту ўжо плююцца публічна: дзве заявы – і ўсё становіцца зразумела

АБФФ і так званае мінспорту ўжо плююцца публічна: дзве заявы – і ўсё становіцца зразумела

Другая ліга ў чаканні.

Аўтар — bytribuna com
1 красавіка, 20:00
АБФФ і так званае мінспорту ўжо плююцца публічна: дзве заявы – і ўсё становіцца зразумела

Тыдзень таму «Трыбуна» распавяла, што ў АБФФ і рэжымнага «мінспорту» ўзнік ужо не першы канфлікт з таго часу, як кіраўніком федэрацыі паставілі Мікалая Шарснёва. На гэты раз справа была ў фармаце правядзення другой лігі. У АБФФ вырашылі, што працягваць аб’яднанне моцных каманд з прадстаўнікамі чэмпіянатаў абласцей і атрымліваць мноства разгромаў і «тэхнароў» – не тое, што трэба. Клеркі федэрацыі прыдумалі іншы шлях: Д3 – наймацнейшыя каманды гэтага ўзроўню плюс 12 дубляў клубаў «вышкі», усё гэта з падзелам на тры зоны, а зусім ужо аматары – гэта Д4 з ранейшым «абласным» фарматам. Але кіраўнік «мінспорту» Сяргей Кавальчук, даведаўшыся пра гэта, запатрабаваў пакінуць усё як было.

26 сакавіка ў «мінспорту» правялі «калегію» пад назвай «Аб удасканаленні сістэмы развіцця футбола ў Рэспубліцы Беларусь». Былі на ёй і Шарснёў з намеснікамі (у тым ліку Уладзімірам Базанавым, пры якім прыдумалі «пашырэнне» Д3), і Кавальчук са сваімі падначаленымі, і іншыя чынушы рэжыму. Асобна адзначалася, што ўсе яны сярод іншага абмяркоўвалі «рэгламенты чэмпіянату Рэспублікі Беларусь другой і трэцяй ліг». Заставалася незразумелым, ці значыць гэта, што трэцяя ліга афіцыйна з’явіцца ў футбольнай сістэме.

Аднак 31 сакавіка на дзяржТБ прыйшоў адзін з намеснiкаў Кавальчука Аляксандр Барауля. Ён выказаўся адназначна: паводле яго слоў, фармат Д3 вырашылі не мяняць.

«На калегіі разглядаўся фармат правядзення другой лігі ЧБ па футболе. Выказваліся розныя меркаванні. Але, скажам так, у выніку было прынятае рашэнне праводзіць у фармаце, які быў у 2023 годзе: занальныя першынствы ў абласцях, затым правядзенне рэспубліканскай фінальнай часткі. Занальны прынцып дапамагае і эканоміць грошы», – сказаў Барауля, дадаўшы, што ў абласцях змогуць падзяліць свае зоны на верхнюю і ніжнюю падгрупы ў залежнасці ад узроўню каманд.

А 1 красавіка АБФФ выпусціла абвестку наконт правядзення лёсавання другой лігі. Мерапрыемства пачнецца ў 12:00 3 красавіка, але галоўнае – зыходзячы з аб’явы федэрацыі, пройдзе па яе плане: 34 каманды з дзяленнем на тры зоны.

Да першакрасавіцкага жарту гэта ўвогуле не падобна. АБФФ відавочна збіраецца праводзіць другую лігу па сваім фармаце, незалежна ад таго, што заяўляюць у «мінспорту». Для рэжымнай Беларусі гэта сур’ёзны канфлікт – застаецца толькі ўбачыць, хто ўсё ж пераможа.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты