Tribuna/Футбол/Блогі/Харвацкія фанаты разграмілі стадыён «Хайдука» – амаль два дзясяткі паліцыянтаў атрымалі раненні

Харвацкія фанаты разграмілі стадыён «Хайдука» – амаль два дзясяткі паліцыянтаў атрымалі раненні

Заўзятары клуба са Спліта моцна раззлаваліся пасля вылету каманды з Кубка.

Аўтар — Pam-pam
5 красавіка, 23:14
Харвацкія фанаты разграмілі стадыён «Хайдука» – амаль два дзясяткі паліцыянтаў атрымалі раненні

Ультрас футбольнага клуба «Хайдук» арганізавалі сапраўдную анархію на стадыёне пасля таго, як іх каманда пацярпела паражэнне ў паўфінале Кубка Харватыі.

Матч паміж «Хайдуком» і заграбскім «Дынама», які прайшоў 3 красавіка, завяршыўся перамогай апошняга з лікам 1:0, што выклікала неверагодны гнеў у фанатаў гаспадароў. Пасля заканчэння гульні мясцовыя ультрас прарваліся на поле і напалі не толькі на футбалістаў, але і на гледачоў з гасцявога сектара. Спробы паліцыі стрымаць беспарадкі былі марнымі з-за масавасці нападзення. Гульцы ў гэты час паспелі схавацца ў раздзявалках.

Не супакоіўшыся, фанаты працягнулі тварыць дзічыну, атакуючы паліцыянтаў і кідаючы ў іх камяні, бутэлькі, дымавыя шашкі і іншыя прадметы. Акрамя таго, балельшчыкі вырывалі крэслы на трыбунах і кідалі іх за агароджу, а смеццевыя бакі на вуліцах вакол стадыёна былі падпалены. Усяго 17 паліцыянтаў атрымалі раненні, адзін з іх – сур'ёзныя. Па папярэдніх дадзеных трое прадстаўнікоў праваахоўных органаў шпіталізаваны.

Дзеянні фанатаў не засталіся беспакаранымі – на гэты момант затрыманы 54 чалавекі. Харвацкі футбольны саюз таксама пакараў клуб «Хайдук», забараніўшы яму праводзіць матчы на хатнім стадыёне да завяршэння расследавання інцыдэнту. Прэмʼер-міністр Харватыі Андрэй Плянковіч і мэр Спліта Івіца Пуляк выказалі асуджэнне гвалту, які адбыўся з боку фанатаў.

Праявы агрэсіі з боку харвацкіх футбольных фанатаў не зʼяўляюцца нечым новым, і падобныя інцыдэнты раней здарыліся неаднаразова. Адзін з нядаўніх інцыдэнтаў здарыўся ў Афінах у жніўні мінулага года. Фанаты заграбскага «Дынама» счапіліся з грэчаскімі заўзятарамі каманды АЕК. Масавая бойка, якая адбылася ў раёне Неа-Філадэльфія, прывяла да гібелі аднаго чалавека. Многія атрымалі цяжкія раненні, а 96 чалавек былі арыштаваны.

Нягледзячы на забарону УЕФА на прысутнасць фанатаў «Дынама» на матчы супраць АЕК, каля 150-200 харвацкіх фанатаў прыбылі ў Грэцыю на аўтамабілях і абʼядналіся ў адну групу з актывістамі «Панацінаікас». Пасля сутыкненняў вітрыны магазінаў былі пашкоджаны, машыны пацярпелі, а смеццевыя бакі і галінкі былі падпалены.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты