Tribuna/Футбол/Блогі/Лідары ЧБ даўно не пачыналі так здорава: «Нёман» перамагаў з Савіцкім і вухам Анюкевіча, «Славія» ішла да тытула з нечаканым бамбардзірам

Лідары ЧБ даўно не пачыналі так здорава: «Нёман» перамагаў з Савіцкім і вухам Анюкевіча, «Славія» ішла да тытула з нечаканым бамбардзірам

Не спраўляліся нават гегемоны тых гадоў.

Аўтар — bytribuna com
17 красавіка, 12:00
Лідары ЧБ даўно не пачыналі так здорава: «Нёман» перамагаў з Савіцкім і вухам Анюкевіча, «Славія» ішла да тытула з нечаканым бамбардзірам

Пасля чатырох тураў вышэйшай лігі дзве каманды ідуць без страты ачкоў – па 12 балаў у «Нёмана» і «Славіі». Гэта знакавыя дасягненні для абодвух клубаў.

Раней «Нёман» так не стартаваў

Да цяперашняга сезона пасля чатырох тураў у «Нёмана» было максімальна дзесяць ачкоў – у 2013-м. Трэнер Сяргей Саладоўнікаў прывіваў камандзе атакуючы камбінацыйны футбол, маючы добры склад з групай вопытных футбалістаў – капітан-паўабаронца Іван Дзенісевіч, фулбэк Дзмітрый Раўнейка, цэнтрдэф Павел Рыбак і форвард Андрэй Лясюк, які раскрыўся ў Гродне. З імі на поле выходзіла таленавітая моладзь – у зборную U-21 з «Нёмана» выклікалі па чатыры-пяць гульцоў. Самым заўважным быў 18-гадовы Павел Савіцкі. У пачатку 2013-га вінгер з’ездзіў на Кубак Садружнасці, дзе атрымаў узнагароду найлепшага паўабаронцы, будучы на два гады маладзейшым за большасць удзельнікаў маладзёжнага турніру. Ужо тады хадзілі чуткі, што паўабаронцу могуць падпісаць нямецкі «Майнц», расiйскі «Зеніт» ці «Дынама» Масква.

У двух стартавых турах у «Нёмана» саліраваў 32-гадовы Раўнейка. У першым матчы супраць «Славіі» ў гродзенцаў справы наперадзе не ішлі, але на 60-й хвіліне абаронца прарваўся па правым флангу, падмануў дваіх сапернікаў зрушэннем у штрафную і з яе вугла магутна забіў увогуле першы свой мяч за «Нёман».

У канцоўцы іншы абаронца Рыбак аформіў выніковую перамогу «Нёмана» 2:0, а пасля матчу галоўны трэнер «Славіі» Юры Малееў казаў, што, «калі даць Раўнейку ўдарыць з гэтай пазіцыі сто ці нават дзвесце разоў, ён ці наўрад [зноў] трапіць». Футбаліст жа нагадаў, што заўсёды ёсць імавернасць паўтарыць поспех ужо ў наступнай гульні. Так яно і атрымалася – ён забіў ужо на другой хвіліне матча з «Белшынай». Праўда, на гэтым серыя скончылася – другі мяч Раўнейка застаўся яго апошнім за «Нёман» (адзнака 0:09).

У пачатку другога тайма навічок гродзенцаў Дзмітрый Рэкіш павялічыў перавагу, але на 72-й і 76-й хвілінах свае два забіла «Белшына», і матч усё ж скончыўся нічыёй.

У трэцім туры «Нёман» чакаў хатні паядынак з брэсцкім «Дынама». У тым сезоне заўзятары «бела-сініх» рабілі своеасаблівыя відэапрэв’ю да матчаў – і да «заходняга дэрбі» выпусцілі ролік, па сюжэце якога дынамаўскі фан «забаўляўся» з жонкай «аленя» – заўзятара «Нёмана», пакуль той глядзеў на разгромную паразу сваёй каманды. На справе ўсё пайшло не так, як у хутка выдаленым пасля рэзанансу відэа. Гаспадары выйгралі 2:0 – саліраваў Савіцкі: у другім тайме спачатку зарабіў пенальці, рэалізаваны Дзенісевічам, а затым сам більярдным ударам устанавіў канчатковы лік 2:0. Пасля матча малады гулец заявіў, што ў «Нёмане» хацелі дынамаўцаў «парваць як грэлку з-за гэтага пахабнага відэароліка, знятага недалёкімі і хамаватымі людзьмі».

Сем ачкоў пасля трох тураў ужо было рэкордам «Нёмана», але каманда здолела ўмацаваць яго ў дамашняй гульні з гегемонамі з БАТЭ. Гродзенцы прапусцілі першымі, але перад самым перапынкам зноў забіў Савіцкі, за якога Анатоль Капскі за год да таго прапаноўваў 150 тысяч долараў. А ў пачатку другога тайма вырашальны мяч аформіў Яўген Савасцьянаў – ён пасля матча расхваліў аналітыка сваёй каманды Алега Дулуба, які «даў поўны расклад па суперніку, дзе каго каму трымаць».

Аднак у першую чаргу тая гульня запомнілася эпізодам на 78-й хвіліне, калі гулец БАТЭ Аляксандр Глеб у адказ на блакіроўку ўдарыў гродзенца Аляксандра Анюкевіча. Яго пасляматчавая фраза, што з-за гэтага «вуха да гэтага часу сіняе», стала мемам. Хоць у матчы Анюкевіч атрымаў і больш сур’ёзную траўму – трэшчыну пальца на руцэ, на якую наступіў Віталь Радзівонаў.

У наступных пяці турах «Нёман» набраў усяго два балы, вылецеў з тройкі лідараў і больш туды не вяртаўся. Зрэшты, каманда даволі ўпэўнена скончыла чэмпіянат на чацвёртым радку.

І тады, і цяпер за чатыры першыя туры гродзенцы забілі па восем мячоў, аднак у 2013-м каманда Саладоўнікава нанесла 61 удар, а цяпер іх было 49. У 2013-м «Нёман» наогул гуляў актыўна і нават з БАТЭ не прыціскаўся да сваёй брамы.

Праз 11 гадоў у «Нёмане» зноў прыкметную ролю адыгрывае Савіцкі. Са складу-2013 ёсць яшчэ Аляксей Лягчылін, але ён правёў толькі 10 хвілін за сёлетнія чатыры матчы, а таксама Анюкевіч і Іван Садаўнічы, якія наогул не траплялі ў заяўку (першы па рашэнні трэнера, другі з-за дыскваліфікацыі).

У «Славіі» найлепшы сезон за 28 гадоў

У гісторыі Мазыра было два старты ў ЧБ з чатырох перамог – яшчэ ў мінулым стагоддзі. Першы – увосень 1995-га, калі гулялі сезон з аднаго круга для вяртання на сістэму «вясна-восень». Па выніках сезона-1994/95 МПКЦ (так цяперашняя «Славія» тады звалася ў гонар спонсара, Мазырскага вытворча-камерцыйнага цэнтра) выйшла ў Д1. У гэтым трэнеру Анатолю Юрэвічу дапамагла група ключавых футбалістаў, якія прыйшлі з бабруйскага «Фандака» – брамнік Юрый Свіркоў, абаронца Андрэй Хрыпач, паўабаронцы Аляксандр Кульчы, Максім Рамашчанка і Кірыл Савосцiкаў, нападаючы Сяргей Яромка.

Грозны дэбютант эліты адразу пачаў проста знішчаць сапернікаў: у першым туры дома вынеслі «Нёман» 7:0, а затым растапталі дзве бабруйскія каманды – «Бабруйск» у гасцях (5:0) і «Шыннік» дома (4:0), за якія да гэтага паспелі пагуляць адразу 15 футбалістаў з заяўкі МПКЦ. Чацвёртая перамога была больш сціплай – 3:1 у Салігорску над «Шахцёрам». За гэты адрэзак Яромка аформіў 6+2, Рамашчанка – 5+2, Кульчы – 3+3. А брамнік Свіркоў, прызнаны найлепшым гульцом матча супраць «Шынніка», атрымаў ва ўзнагароду права да канца чэмпіянату бясплатна карыстацца паслугамі салона прыгажосці гатэля «Прыпяць», у якім здымалі цэлы паверх для пражывання гульцоў.

У пятым туры «Славія» ўступіла «Маладзечну» Людаса Румбуціса (1:2). Гэта паражэнне аказалася для МПКЦ адзіным у тым сезоне – было яшчэ тры нічыіх. У выніку клуб стаў другім – яшчэ лепш выступіла мінскае «Дынама» (12 перамог і дзве нічыіх у 15 сустрэчах) і працягнула сваю гегемонію пачатку суверэнных часоў.

У міжсезонне мазыране атрымалі дадатковае фінансаванне ад новага расійскага спонсара «Слаўнафты». Зарплаты ў МПКЦ сталі найлепшымі ў ЧБ – на іх у Мазыр пераехалі абаронцы Алег Сысоеў («Нёман») і Аляксандр Сяднёў («Чарнаморец», Расія), паўабаронца Раман Лявіцкі («Маладзечна») і нападаючы Андрэй Скарабагацька («Дняпро»).

Перад стартам ЧБ-1996 МПКЦ страціў з-за траўмаў некалькі важных гульцоў, у тым ліку снайпера Яромку. Але ў першых турах трэба было гуляць з аўтсайдарамі «Абутнікам» і «Ведрычам», якіх і так удалося перамагчы (3:1 і 2:0 адпаведна). Ну а потым патрэбныя футбалісты сталі вяртацца на поле, і ў выніку пераможная серыя склала 10 матчаў – восем у ЧБ і два ў Кубку, які МПКЦ забраў сабе, у фінале разграміўшы 4:1 мінскае «Дынама». Толькі 15 чэрвеня ў чарговым матчы Д1 мазыране дома раптоўна ўступілі 0:2 «Дынама-93». Праз матч прайгралі і «Дынама», але ў выніку засмучэннi аказаліся лакальнымі – у канцоўцы мінчане страцілі ачкі, МПКЦ гэтым скарыстаўся і ўзяў чэмпіёнскі тытул.

Старт сёлетняй «Славіі» нечым нагадвае 1996-ы. Тады пасля чатырох тураў каманда забіла 9 мячоў (цяпер 10), а статыстыкай 4+1 і лідарствам у спісе бамбардзіраў дзякуючы пенальці і штрафным валодаў Кульчы. Падобная гісторыя ў 2024-м у Паўла Чыкіды.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты