Усе навіны

Былы прэс-сакратар «Дынама» Шаўцоў: «Пасля працы з Вудкрафтам моладзь едзе ў топы КХЛ, клубы АХЛ і НХЛ. Яго спадчына абавязкова дапаможа зборнай пасля перамен»

12 красавіка 2023, 14:39

Былы прэс-сакратар мінскага «Дынама» Раман Шаўцоў распавёў пра працу экс-галоўнага трэнера «зуброў» Крэйга Вудкрафта з моладдзю і аб тым, як гэта паўплывае на будучыню зборнай пасля перамен.

Мала хто ведае, што Крэйг Вудкрафт рэальна спецыяліст у працы з маладымі хакеістамі. Пасля сканчэння кар’еры гульца ён доўга выбудоўваў уласны бізнес – сетку школаў па развіцці маладых гульцоў (не тых школаў, куды кожны дзень адводзяць дзяцей, а кэмпы і г.д.). Гэты бізнес ён у нейкі момант прадаў, але вопыт нікуды не знік.

Як бы мы ні ставіліся да Вудкрафта, пасля працы з ім моладзь едзе ў топы КХЛ, клубы АХЛ і НХЛ. А яшчэ ўпершыню ў гісторыі «Дынама» ў клубе гуляў дуэт беларускіх брамнікаў Коласаў-Шостак (Мезін і Коваль, нагадаю, не беларусы, а натуралізаваныя рускія). Больш за тое, трэцім брамнікам таксама быў 20-гадовы беларус Аляксей Снытко (праўда, ён так і не дэбютаваў у КХЛ).

І ў гэтым, напэўна, галоўная спадчына Вудкрафта. Ён паказаў, што ідэальнае «Дынама» – гэта клуб з якаснымі легіянерамі і маладымі, таленавітымі беларусамі, якія вучацца ў замежнікаў і становяцца зоркамі. Пры Вудкрафце за «Дынама», у асноўным, не было сорамна (гаворка толькі пра спартовыя паказчыкі). Пры гэтым клуб працаваў на перспектыву беларускага хакея.

Ці будзе Квартальнаў паспяхова працаваць з моладдзю? Не факт.

Ці будзе ў наступныя гады карысць для беларускага хакея ад «Дынама»? Не факт.

Ці ёсць увогуле будучыня ў «Дынама» і зборнай? Таксама не факт, бо КХЛ дэградуе, а зборныя адхіленыя ад усіх спаборніцтваў. Але Вудкрафт пакінуў беларускаму хакею спадчыну, якая абавязкова дапаможа зборнай пасля перамен. І хаця б за гэта яму дзякуй», – распавёў Шаўцоў.