Усе навіны

Андрэй Міхалёў: «Калі твайго таварыша б'юць, то ты павінен заступацца. Гэта ж не футбол»

21 верасня, 23:26

Галоўны трэнер «Дынама-Шынніка» Андрэй Міхалёў падзяліўся меркаваннем аб матчы супраць «СКА-Карэліі» (5:0).

– Як і хацелі, забралі дзве перамогі. Усё ў нас атрымалася, але ёсць і расчараванні – атрымалі дзве траўмы, і многія выпадуць дакладна.

Сёння такі матч быў, што ніхто не хацеў саступаць, але мы ўсю гульню кантралявалі. У другім перыядзе сама статыстыка кажа аб гульні: толькі 5 кідкоў са боку суперніка, у той час, як мы здзейснілі 23 кідкі. А ў трэцім, вядома, быў бачны характар, ніхто не жадаў саступаць. Хлопцы малайцы, біліся адзiн за аднаго!

– Сёння адсутнічаў у складзе Канстанцін Валочка.

– Косця прыхварэў. Пакідаем яго тут, у Кандапозе. Нам суткі ехаць дадому, таму не будзем рызыкаваць. Таксама Данііл Крыштофік атрымаў траўму пляча і Мікалай Салыга – пасля сутыкнення.

– З-за такой колькасці выпадзенняў рабят са складу плануеце выклікаць гульцоў з інстытута зборных?

– Цяпер трэба дабрацца дадому, а там ужо будзем вырашаць. Хлопцы па прыбыцці пройдуць агляд, там ужо будзе зразумела. Наступныя два матчы гуляем з супернікамі з Залатога дывізіёна, таму не хацелася б запускаць маладых хлопцаў пад танкі. Пакуль будзем спраўляцца саматугам, але на дадзены момант дваіх абаронцаў страцілі.

– Вельмі баявы атрымаўся матч. Як пракаментуеце вялікую колькасць выдаленняў?

– Для нас не было сэнсу ісці на правакацыі, ведучы ў ліку 4:0. Супернік гэтага хацеў, таму пайшлі сутычкі. Мы трымалі ўдар. Гэта хакей. Калі твайго таварыша б'юць, то ты павінен заступацца. Гэта ж не футбол.

– Наколькі такія матчы, у прыватнасці сённяшні, гуртуюць каманду?

– Несумненна, каманда згуртавалася. Такі матч таксама мае месца. Уражанняў у рабят засталося вельмі шмат. Суткі будзем ехаць, таму, думаю, з добрым настроем вернемся дадому, – сказаў Міхалёў.