Tribuna/Хакей/Блогі/Амерыканец з белпашпартам, які шкадаваў пра бан белхакея і называў Маскву бяспечным горадам, зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне на Краснай плошчы

Амерыканец з белпашпартам, які шкадаваў пра бан белхакея і называў Маскву бяспечным горадам, зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне на Краснай плошчы

Здаецца, ён у Расіі на доўга.

25 студзеня, 16:45
Амерыканец з белпашпартам, які шкадаваў пра бан белхакея і называў Маскву бяспечным горадам, зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне на Краснай плошчы

Амерыканскі нападаючы Шэйн Прынс прыехаў у Беларусь гуляць за мінскае «Дынама» ў 2019 годзе. Дзмітрый Баскаў, які на той момант займаў пасаду генеральнага дырэктара «зуброў», адразу заявіў, што форварда бралі з прыцэлам на натуралізацыю. Гэтага не адмаўляў і сам Прынс, сказаўшы, што магчымасць гуляць за зборную Беларусі была адной з ключавых рэчаў пры падпісанні кантракта з «Дынама».

У мінску ён правёў два сезоны, затым у яго кар'еры быў «Аўтамабіліст» і швейцарская «Лугана». У 2022-м форвард перайшоў у маскоўскі «Спартак», дзе выступае да гэтага часу. Дарэчы, натуралізаваны амерыканец зʼяўляўся самым высокааплатным «беларусам» у КХЛ па выніках сезона 2022/23.

Нягледзячы на ад'езд з Беларусі, форвард працягваў выклікацца ў зборную. Апошнім турнірам, дзе ён згуляў, быў Кубак Першага канала ў 2022-м, які беларусы здолелі выйграць. Аналагічны турнір мінулага года і таварыскія гульні з расіянамі прапусціў, але зусім нядаўна заявіў, што мае жаданне вярнуцца ў зборную. Адна з прычын адсутнасці Прынса на турнірах, паводле яго ўласных слоў, – дапамога сваёй дзяўчыне, якая ў той момант была цяжарная. У кастрычніку ён расказваў, што летам у яго нарадзілася другая дачка.

А ўчора ў жыцці Прынса адбылася яшчэ адна важная падзея. Хакеіст зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне на Краснай плошчы ў Маскве:

Падобна, сваю бліжэйшую будучыню Прынс звязвае менавіта з Расіяй. У снежні 2022-га ён выказваў шкадаванне ад адхілення Беларусі і Расіі ад турніраў пад эгідай ІХФ, назваўшы краіны вялікімі хакейнымі дзяржавамі і дадаўшы, што гэта дрэнна для ўсіх. А нядаўна ён расказваў, што Масква – гэта бяспечны горад для яго і для яго сямʼі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты