Tribuna/Футбол/Блоги/Трэнер збаяўся назваць прозвішча Шкурына ў эфіры рэжымнага ТБ. Няўжо гэта забаронена?

Трэнер збаяўся назваць прозвішча Шкурына ў эфіры рэжымнага ТБ. Няўжо гэта забаронена?

Нібы не, але...

3 мая, 06:28
Трэнер збаяўся назваць прозвішча Шкурына ў эфіры рэжымнага ТБ. Няўжо гэта забаронена?

22 красавіка на «Беларусь 5» выйшаў выпуск перадачы «На мяжы фола», дзе супрацоўнікі рэжымнага канала і, як правіла, адзін госць у студыі абмяркоўваюць падзеі, што адбыліся ў беларускім футболе за тыдзень. Тады ў студыю прыйшоў экс-нападнік зборнай Беларусі Пётр Качура.

Бліжэй да сярэдзіны выпуску размова зайшла пра 21-гадовага форварда «Іслачы» Аляксандра Шасцюка, які на той момант вызначыўся тройчы за два матчы: забіў «Тарпеда-БелАЗ» у Кубку (1:0) і зрабіў дубль у вароты «Слуцка» (3 :1). Дадамо, што пасля гэтага «Іслач» сустрэлася з «Нёманам» (2:0) і Шасцюк ізноў адзначыўся голам.

Дык вось, супрацоўнікаў тэлеканала зацікавіла, чаму ў Шасцюка не атрымалася ў БАТЭ, дзе ён выступаў у сезоне-2023 (у Барысаве правёў 33 матчы ва ўсіх турнірах, у асноўным выходзячы на замену, забіў 5 мячоў, аддаў 2 галявыя перадачы). Качура адказаў, што гэта не адзіная падобная гісторыя. Маўляў, часта гульцы, якія праяўляюць сябе ў клубах-серадняках, нічога не паказваюць у складзе грандаў белфутбола.

Але затым Качура згадаў іншую гісторыю – пра тое, што Шкурын, які з'яўляецца выхаванцам «Віцебска», практычна не атрымліваў шанцаў праявіць сябе ў першай камандзе (за сезоны 2018 і 2019 правёў сумарна 14 матчаў, дзе яму агулам далі 185 хвілін, і вызначыўся двума мячамі), аднак потым яскрава праявіў сябе ў «Энергетыку-БДУ» (з 19 мячамі стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату) і зʼехаў за мяжу, дзе да 24 гадоў пагуляў у нядрэнных па еўрапейскіх мерках чэмпіянатах Расіі, Украіны і Польшчы.

Здавалася б, стандартная размова падчас футбольнага ток-шоу, аднак не без нюанса – Качура так і не назваў прозвішча Шкурына, абмежаваўшыся эўфемізмамі «я ведаю яркага нападніка» і «вы разумееце, пра каго я, так? Прозвішча?». Суразмоўцы, таксама не назвалі ні імя, ні прозвішча форварда, лаканічна адказаўшы, што разумеюць. Вось як гэта выглядала ў эфіры:

Пасля гэтага ўзнікла натуральнае пытанне: няўжо на спартыўным тэлеканале, няхай ён і ўваходзіць у рэжымны холдынг, забаронена вымаўляць прозвішча Шкурына?

Як нам паведамілі крыніцы, якія працуюць на «Беларусь 5», ніякіх забарон наконт форварда «Сталі». А Качура ў эфіры, маўляў, вырашыў проста перастрахавацца – спрацавалі нейкія ўнутраныя перажыванні.

Пры гэтым цікава, што на сайце тэлеканала sport5.by усяго чатыры навіны/матэрыялы са згадкамі Шкурына. Усе яны з'явіліся ўлетку 2023-га. Першае з іх апублікавана 7 чэрвеня – гэта інтэрв'ю з Сяргеем Балановічам. У ім форварда згадаў тады яшчэ абаронца «Макслайна», разважаючы пра маладых экс-футбалістаў «Энергетыка-БДУ».

Яшчэ дзве згадкі – гэта навіны: першая – пра пераход Шкурына ў «Сталь», другая – пра першым матчы за новую каманду, у якім беларускі легіянер зарабіў 1+1 па гол+пас, а яго клуб згуляў унічыю з «Краковіяй» (2:2).

Апошняя згадка датуецца 30 ліпеня 2023-га і адшукваецца ў памылковай навіне, у якой аўтар зблытаў Шкурына з яго цёзкай Іллём Чарняком. Апошні таксама змяніў клубную прапіску ў ліпені 2023-га, перайшоўшы ў казахстанскі «Каспій» з расійскага «Ахмата». Але трансфер нібыта адбыўся з удзелам Шкурына:

Цікава, што маўчыць рэжымны сайт пра яшчэ аднаго беларуса з чэмпіянату Польшчы - Яўгена Шыкаўку. Яго прозвішча ўвогуле там не згадваецца, хоць форвард «Кароны» з 7+1 у Экстракласе за 30 матчаў даў нямала нагод пра сябе распавесці (што ўжо казаць пра Шкурына з яго 14+5 за 29 сустрэч). Абодва на сёння зʼяўляюцца найлепшымі бамбардзірамі сваіх каманд, а Шкурын увогуле другі снайпер усяго польскага чэмпіянату.

Не ўспамінаюць пра Шкурына і ў буйных выпусках тэленавін на канале. Так, напрыклад, «незаўважаным» застаўся хет-трык у вароты «Пагоні» 25 лістапада, пасля якога нападнік стаў гульцом месяца ў чэмпіянаце і атрымаў прызнанне ад EA. У выніковых праграмах за тыдзень на «Беларусь 5» («Спорт-кадр» і «Итоги Недели»), тады палічылі за лепшае аддаць вялікаю частку эфірнага часу чэмпіёнству мінскага «Дынама» і выступленням розных беларускіх каманд і біятланістаў на чэмпіянатах Расіі.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты пользователя

Все посты