Tribuna/Хакей/Блогі/Першым з беларусаў перамог у КХЛ, уражваў хуткасцю, гуляў з Лемʼе. Якім хакеістам быў Кальцоў

Першым з беларусаў перамог у КХЛ, уражваў хуткасцю, гуляў з Лемʼе. Якім хакеістам быў Кальцоў

Не здолеў раскрыцца ў НХЛ.

Аўтар — bytribuna com
19 сакавіка, 17:36
Першым з беларусаў перамог у КХЛ, уражваў хуткасцю, гуляў з Лемʼе. Якім хакеістам быў Кальцоў

У апошнія гады Канстанцін Кальцоў трэнаваў на ўзроўні Экстралігі і КХЛ, а яшчэ гуляў за каманду Лукашэнкі, у тым ліку пасля выбараў, калі тысячы беларусаў падвяргаліся рэпрэсіям. Пры гэтым многія пачалі забываць (а то і ўвогуле не ведалі), якім хакеістам ён быў: уражваў хуткасцю, выходзіў у адным звяне з Марыё Лемʼе і стаў першым беларусам, якому скарыўся Кубак Гагарына. У 42 Кальцова не стала. Успамінаем яго гульнявую карʼеру.

У дзяцінстве займаўся тэнісам

Кальцоў зʼяўляецца выхаванцам «Юнацтва». У хакей прыйшоў у 7 гадоў, але паралельна займаўся іншымі відамі спорту. Паўгода прысвяціў вялікаму тэнісу. Таксама спрабаваў сябе ў боксе і вялікім футболе.

Гуляць у тэніс Кальцоў працягваў і падчас хакейнай карʼеры. Часам яго можна было ўбачыць з ракеткай побач з Арынай Сабаленкай – дзеля топ-тэнісісткі ён кінуў жонку, з якой у іх было трое дзяцей.

Першы трэнер Уладзіслаў Астапенка ўспамінаў, што пару разоў адлічваў Кальцова за паводзіны, аднак гэтыя канфлікты хутка ўладжваліся. Тым больш Кальцоў быў адзіным хакеістам у камандзе, з якім Астапенка дазваляў сабе гуляць у карты. Пры гэтым ужо ў дзяцінстве Канстанцін добра глядзеўся на ўзроўні хлапцоў на два-тры гады старэйшых.

Атрымаў высокі пік на драфце НХЛ

Сезон-1998/98 стаў прарыўным для выхаванца «Юнацтва»: дэбют за «Поўначсталь» у чэмпіянаце Расіі (3+0 у 33 матчах), а таксама першая паездка на чэмпіянат свету ў складзе дарослай зборнай Беларусі, куды 18-гадовага хлопца ўзяў Анатоль Варывончык. У Нарвегіі Кальцоў выйшаў на лёд ва ўсіх шасці матчах, а зборная фінішавала дзявятай.

Прагрэс маладога беларуса заўважылі за акіянам. Улетку 1999-га Кальцова пад 18-м пікам задрафтаваў «Пітсбург». Да і пасля ў першым раўндзе выбіралі толькі дваіх беларускіх хакеістаў: у 1996-м – Руслана Салея (9-ы, «Анахайм»), а ў 2003-м – Андрэя Касціцына (10-ы, «Манрэаль»).

Звалі «Рускай ракетай-2»

Аднак у НХЛ Кальцоў патрапіў не адразу. У «пінгвінаў» тады была сурʼёзная канкурэнцыя ў лініі нападу, і навабранца пакінулі набірацца досведу ў Еўропе. Тры наступныя гады ён выступаў у расійскай лізе за найнізкія звёны новакузнецкага «Металурга», «Ак Барса» і «Спартака». У 2000-м разам з Навакузнецкам дайшоў да паўфіналу плэй-оф. Пасля Кальцоў шкадаваў, што не мог ездзіць у трэнінг-кэмпы «Піцбурга», бо іх правядзенне па часе накладвалася на пачатак перадсезонкі ў Расіі.

У 2002-м «Пітсбург», які перажываў фінансавыя праблемы, страціў свайго лідара Яраміра Ягра і згадаў пра беларуса – і падпісаў з ім двухбаковы кантракт. На перадсезонны кэмп прыехалі 66 хакеістаў – 35 з іх мелі вопыт выступлення ў НХЛ. Кальцоў адразу ўразіў трэнераў хуткасцю, пра якую гаварылі скаўты яшчэ падчас драфту-1999 (яны называлі хакеіста самым хуткім сярод аднагодкаў). Дзякуючы гэтай якасці паўночнаамерыканскія журналісты параўноўвалі мінчука з Паўлам Бурэ і называлі «Рускай ракетай-2», а Сідні Кросбі казаў, што беларуса не дагнаць нават на «Ферары».

Аднак рэалізацыя момантаў у Кальцова кульгала. Прадстаўнікі клуба не раз наракалі на тое, што нападнік дзякуючы высокай хуткасці часта стварае галявыя моманты, аднак у завяршэнні ў яго нічога не атрымліваецца. За два дні да старту рэгуляркі НХЛ-2002/03 Кальцова адправілі ў фарм.

Гуляў у адным звяне з Лемʼе

Дэбюту ў НХЛ хакеіст чакаў да канца студзеня 2003-га. За два дні да выязной сустрэчы з «Айлендэрс» Кальцова паднялі ў першую каманду. «Пінгвіны» прайгралі 2:5, а іх дэбютант засвяціўся ва ўсіх чатырох звёнах і правёў на лёдзе 15:02, за якія выканаў 3 кідкі і зарабіў паказнік карыснасці «-1». Кальцоў стаў пятым беларусам у гісторыі лігі.

У інтэрвʼю заакіянскіх часоў Кальцова часта пыталіся, як яму гулялася ў адной тройцы з легендарным Марыё Лемʼе. У адным звяне яны правялі каля дзясятка матчаў. Не без дапамогі канадскага ветэрана малады форвард закінуў сваю першую шайбу ў НХЛ у кастрычніку 2003-га.

«Пасля матчу хлопцы павіншавалі з дэбютным голам, а прадстаўнікі фан-клуба зрабілі памятны падарунак – уручылі тую самую шайбу ў рамачцы з датай і назвай каманды, якую мы перамаглі», – апісваў сувенір Кальцоў.

«Кольцы – малайчына! Вядома, ён пакуль не можа рэалізаваць кожны прадстаўлены шанец, але талент у хлопца ёсць», – казаў Лемье.

Восьмы беларус па гульнявым часе ў НХЛ

Калі ў сезоне-2002/03 у Кальцова было ўсяго два матчы, то ў наступным ён правёў 82 гульні і набраў 29 (9+20) пунктаў, стаўшы шостым бамбардзірам «Пітсбурга» у гладкім чэмпіянаце. У тым жа сезоне ён паспеў пазмагацца з фарм-клубам «пінгвінаў» за Кубак Колдэра (6+11 у 24 сустрэчах плэй-оф – другі вынік у камандзе), аднак у фінале трафей забраў «Мілуокі».

Працягнуць развіццё за акіянам Кальцову перашкодзіў нечаканы лакаўт. Падчас яго нападнік паспеў пагуляць у чэмпіянатах Беларусі («Дынама» Мінск) і Расіі («Спартак»), а вяртанне ў НХЛ атрымалася не самым удалым. Адных хуткасных якасцяў ужо бракавала. Плюс у хакеіста застопарылася развіццё. Кальцоў гэта звязваў з тым, што ў Паўночнай Амерыцы яму ўвесь час паказвалі на памылкі ў гульні, але не тлумачылі, як іх выправіць. У сезоне-2005/06 за 60 матчаў Кальцоў набраў толькі 9 (3+6) балаў.

Пасля не самага ўдалага хакейнага года форвард стаў неабмежавана вольным агентам, але ніхто з клубаў лігі яго не падабраў, і таму прыйшлося зноў ехаць у Расію. Усяго ў НХЛ Кальцоў правёў 144 матчы пры 38 (12+26) пунктах. Больш у наймацнейшай лізе планеты найгралі сямёра беларусаў.

Удзельнік апошніх Алімпіяд для белхакея

У 2002-м і 2010-м Кальцоў у складзе зборнай Беларусі, дзе насіў мянушку Колец, быў удзельнікам Алімпійскіх гульняў – з таго часу на алімпійскія турніры беларускія хакеісты не ездзілі. Да чацвёртага месца ў Солт-Лэйк-Сіці форвард спрычыніўся не ў поўнай меры праз траўму (правёў усяго два матчы).

У Ванкувер-2010 Кальцоў прыляцеў ужо ў статусе асістэнта капітана. За каманду Міхаіла Захарава нападнік правёў усе чатыры матчы, аформіўшы два асісты супраць Германіі (5:3).

Таксама на рахунку форварда дзесяць чэмпіянатаў свету (такія турніры ён прапускаў толькі праз траўмы). Мабыць, самым яскравым атрымаўся лакаўтны ЧС-2005, дзе беларусы сталі дзясятымі. На аўстрыйскім лёдзе Кальцоў стаў лідарам і найлепшым бамбардзірам беларускай зборнай, выбіўшы 3+3 у шасці матчах.

Першым з беларусаў выйграў Кубак Гагарына

Рэшту карʼеры Кальцоў правёў у чэмпіянаце Расіі/КХЛ, дзе за дзесяць сезонаў згуляў за «Салават Юлаеў», «Атлант», «Ак Барс» і мінскае «Дынама». У кожнай камандзе беларус быў на добрым рахунку, няхай ніколі і не набіраў за сезон 50+ пунктаў. Разам з «Салаватам», дзе два апошнія гады жыцця прапрацаваў трэнерам, нападнік двойчы стаў чэмпіёнам – спачатку ў расійскай Суперлізе (2008), а потым КХЛ (2011). Праўда, у Кубку Гагарына-2011 Кальцоў не правёў ніводнага матча, але ўсё ж стаў першым беларусам з гэтым трафеем.

У канцы карʼеры страціў хуткасць

Плэй-оф Кальцоў прапусціў праз самую цяжкай траўму за карʼеру – разрыў крыжападобных звязкаў. Аперацыя і аднаўленне занялі паўгода. Але куды важней тое, што пасля пашкоджання знікла фірмовая хуткасць нападніка. У пяці заключных сезонах карʼеры Кальцоў толькі раз набраў за рэгулярку больш за 13 пунктаў.

Пасля сезона-2015/16 ён аказаўся не патрэбным новаму галоўнаму трэнеру «Дынама» Крэйгу Вудкрафту. Іншую каманду ў КХЛ знайсці не ўдалося, і ў лістападзе 2016-га Кальцоў абʼявіў пра завяршэнне карʼеры і пераход на трэнерскую працу. Усяго за восем сезонаў у КХЛ ён правёў 426 матчаў і набраў 128 (49+79) пунктаў. Сярод беларусаў гэта 13-ы паказнік па колькасці гульняў і 11-ы па набраных балах.

Гуляць Кальцоў працягнуў на аматарскім узроўні, дзе не раз выходзіў на лёд у камандзе дыктатара Лукашэнкі.

У 37 мог аднавіць карʼеру

Ужо як галоўны трэнер «Брэста» Кальцоў кінуў выклік заўзятарам сваёй каманды. 37-гадовы коўч паабяцаў, што калі на хатняй гульні супраць «Бабруйска» збярэцца аншлаг, то наступны матч ён правядзе ў якасці хакеіста. Аднак маркетынгавы ход не спрацаваў. А без гэтага Кальцоў працягнуў працаваць з лаўкі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты