Усе навіны

Максім Беразінскі: «Ці будуць беларусы гатовыя да таго, каб у належны момант зрабіць правільны выбар?»

29 чэрвеня, 23:33
3

Кіраўнік Tribuna.com Максім Беразінскі ў інтэрв'ю nashaniva.com падзяліўся меркаваннем пра тое, чаму важна пашыраць беларускую мову.

– Беларусам зараз трэба зрабіць вялікае хатняе заданне, якое яны не рабілі некалькі дзесяцігоддзяў, гэта датычыць і беларускай мовы. Не трэба шмат, можна для пачатку выкарыстоўваць некалькі беларускіх словаў: дзякуй, добры дзень, дабранач, да пабачэння.

Таксама цікавы момант – хто колькі ведае пра беларускую гісторыю. Калі запытаць гэта ў людзей, атрымаецца, што маем шмат шэрых зон, напрыклад, ці ўсе ведаюць, як Мінск стаў сталіцай Беларусі?

Калі ўлазіш у гэтыя рэчы, адкрываецца шмат цікавых момантаў. Так можна знайсці адказы на тое, чаму мы не рускія, адкуль, на думку некаторых людзей, у беларусаў праблемы з наяўнасцю лідараў. Дык трэба проста паглядзець, што адбывалася ў краіне, колькі людзей [з патэнцыялам] знішчылі. Такія людзі не могуць нараджацца кожнае стагоддзе як па раскладзе.

Гэта тыя хатнія заданні, якія дапамогуць нам у момант, як з’явіцца акно магчымасцей, зрабіць правільныя крокі. Такім шляхам ішла Эстонія, Літва. У іх таксама быў перыяд, калі было цяжка і не зразумела, што рабіць далей, але ў патрэбны момант у іх атрымалася адскочыць ад усходняга, як кажа Пазняк, мордара, пабудаваць незалежнасць і тое, што яны маюць цяпер.

У Беларусі таксама будзе такая магчымасць, але ці будуць беларусы гатовыя да таго, каб у належны момант зрабіць правільны выбар? Каб так і склалася, трэба працаваць.

Здаецца, што будзе, калі я даведаюся нешта з беларускай гісторыі ці прачытаю навіну па-беларуску, я ж адзіны? Але гэта памылковая гісторыя, рэч якраз у тым, што кожны мусіць нешта зрабіць, і калі ён гэта зробіць, усё будзе добра. Проста трэба кожнаму намагацца зразумець, якія крокі ён можа зрабіць, каб зрушыць усё гэта з месца, – сказаў Беразінскі.