Усе навіны

Пісарэнка пра смерць Навальнага: «Пакутнік, здзейсніў акт самаахвяравання. Яго палёт у Расію глядзелі ў бары Драгуна»

16 лютага, 16:42

Беларускі спартыўны журналіст Яраслаў Пісарэнка адрэагаваў у сваім Instagram на смерць расійскага палітзняволенага Аляксея Навальнага.

«Згадваю, як мы з хлопцамі ў бары ў Драгуна сядзелі. Піва прыйшлі папіць, футбол паглядзець. Але футбола мы так і не ўбачылі. Глядзелі як анлайн-трансляцыю палёт Навальнага ў Расію. Ён прыляцеў і яго арыштавалі. Празаічна так.

Навальны памёр. Гэта проста пакутнік. Ён проста здзейсніў акт добраахвотнага самаахвяравання.

Спачуванні ўсім, хто за Аляксея хваляваўся. Сіл тым, хто застаецца ў турмах. І пра стан якіх мы не чуем ужо некалькі сотняў дзён», – напісаў Пісарэнка.

Навальны – юрыст, змагар з карупцыяй, аўтар расследаванняў пра раскошную маёмасць першых асоб расійскага рэжыму, у тым ліку пра «палац Пуціна». У Расіі Навальны падвяргаўся палітычна матываваным пераследу і «судам». У жніўні 2020-га Навальнага атруцілі моцнадзейным таксінам, журналісцкае расследаванне паказала, што гэта зрабілі супрацоўнікі ФСБ Расіі. Навальны ўпаў у кому, але выжыў і аднавіўся дзякуючы лячэнню ў Германіі.

17 студзеня 2021-га прыляцеў у Расiю, дзе адразу ж быў затрыманы за тое, што падчас комы і лячэння не адзначаўся па ўмовах аднаго з «судоў» у расiйскіх «органах». З таго часу трымаўся за кратамі. У 2023-м быў дадаткова «асуджаны» на 19 гадоў па абвінавачванні ў стварэнні нібыта «экстрэмісцкай супольнасці» «Фонд барацьбы з карупцыяй», а таксама іншых «экстрэмісцкіх» абвінавачаннях.

16 лютага 2024-га ў расійскіх «органах» паведамілі, што Навальны памёр у калоніі асаблівага рэжыму «Палярны воўк», якая месцiцца ў зоне вечнай мерзлаты. На момант смерці Навальны ў 27-ы раз за тэрмін зняволення ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары.