Tribuna/Іншыя/Блогі/Ружовы кастрычнік. Як сусветны спорт дапамагае прыцягнуць увагу да праблемы раку малочнай залозы

Ружовы кастрычнік. Як сусветны спорт дапамагае прыцягнуць увагу да праблемы раку малочнай залозы

Беларусь і тут убаку.

Аўтар — KentYara98
18 кастрычніка, 14:49
Ружовы кастрычнік. Як сусветны спорт дапамагае прыцягнуць увагу да праблемы раку малочнай залозы

У 1993 годзе ў ЗША быў створаны Нацыянальны даследчы фонд раку малочнай залозы, які аб'явіў кастрычнік месяцам прыцягнення ўвагі да захворвання. З гадамі акцыя фонду атрымала назву «Ружовы кастрычнікі» - па аналогіі з колерам стужкі, якая стала сімвалам барацьбы з хваробай.

Згодна з ацэнкамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, рак малочнай залозы - адзін з самых распаўсюджаных відаў анкалагічных захворванняў сярод жанчын і адзін з самых смяротных. Паводле статыстыкі, штогод такі рак дыягнастуюць у звыш чым 2300000 жанчын, а 685000 пацыентаў паміраюць ад яго штогод. Аднак верагоднасць перамагчы захворванне на ранніх стадыях складае 90% і вышэй. Выявіць яго дапамагаюць самадыягностыка і рэгулярныя агляды мамолага.

У прыцягненне ўвагі да праблемы раку малочнай залозы ў апошнія гады ўключыўся і спорт. Так, у Бразіліі брэнд Umbro выпусціў лімітаваную ружовую форму для «Спорт Рэсіфі». Каманда ўжо правяла ў ёй свой «ружовы матч» і зараз форма будзе выстаўленая на аўкцыён, сродкі ад якога будуць скіраваныя ў адну з мясцовых лякарняў, якая спецыялізуецца на анказахворваннях.

На стадыёне іншага бразільскага клуба «Крузэйра» можна знайсці спецыяльныя ружовыя шклянкі. Кожны, хто купляе напой у такой шклянцы, ахвяруе на дапамогу ў барацьбе з цяжкай хваробай.

​​Незвычайную акцыю правёў іспанскі «Леганес». Клуб прапанаваў заўзятаркам састрыгчы свае валасы, каб вырабіць парыкі для тых жанчын, хто праходзіць хіміятэрапію ад раку. Ахвотныя знайшліся.

Прамалінейна прыцягнуў увагу да тэмы анкалогіі яшчэ адзін іспанскі клуб: «Левантэ» згуляў у форме з намаляванымі грудзьмі. Дакладней адной. Замест другой — шнар ад мастэктаміі.

Дзеля гэтай акцыі тытульны спонсар каманды, Marcos Automoción, адмовіўся ад размяшчэння свайго лога, каб вызваліць месца.

Такія ж футболкі дасяжныя і ў клубнай краме, а тыя, што каманда насіла на матчы, адправяць на дабрачынны аўкцыён.

З 2009 года прысвячае кастрычнік збору сродкаў і прыцягненню ўвагі да праблемы раку грудзей амерыканская НФЛ. Хаця апошнім часам ліга сутыкнулася з крытыкай праз тое, што клубы і заўзятары не могуць самі вызначаць, барацьбу з якім анкалагічным захворваннем ім падтрымліваць.

У Беларусі штогод выяўляецца каля 5 тысяч новых выпадкаў раку малочнай залозы - гэта 10 працэнтаў ад агульнай колькасці хворых на ўсе анкалагічныя захворванні. Але ці сутыкаліся вы хоць з адной вялікай і якаснай інфармацыйнай кампаніяй на гэты конт?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты