Спартзала, мацоўня ці трэнажорная зала? Як займацца спортам па-беларуску
Падказвае блогерка Ліза Ветрава.
Блогерка Ліза Ветрава ўжо даўно займаецца тым, што папулярызуе родную мову. Дзяўчына робіць забаўляльны кантэнт, праз які вучыць сваіх падпісантаў новым словам.
У адным са сваіх апошніх відэа яна прапануе беларускі «слоўнік» для тых, хто займаецца ў трэнажорнай зале. У апісанні да відэа Ветрава адзначае, што пэўныя словы не паспяваюць адаптавацца пад сённяшні дзень праз не вельмі шырокае ўжыванне мовы.
Яшчэ адно назіранне Лізы ў тым, што мы цягнем словы з іншых моў. Напрыклад, «трэнаванне» – гэта ўкраінізм, а «сілоўня» – паланізм.
У відэа дзяўчына распавядае, што яна бяжыць па бегавой дарожцы, а магла б ехаць на спартровары. Ветрава адзначае, што у зале мы звычайна робім практыкаванні на трэнажорах, напрыклад, мацуем цягліцы, яны ж мышцы.
Дарэчы, цягліцы мы мацуем, а не качаем, кажа блогерка. Бо качаць па-беларуску мы можам цеста для пірага пасля трэнінгу.
Ёсць у відэа і лёгкія жарты тыпу «дыванок спартыўны, а ты не».
Дзяўчына таксама паказала, як робіць практыкаванні на гнуткасць. Тут у нас сцягновая дзедзіна, спіна, сярэдзіна (яна ж паясніца), прагін, драбы, хрыбеніца, хвасцец, сцягно і крумянка (якія ўтвараюць разам азадак альбо клубы), галёнка, лытка, рэпка (каленная), сустава.
Не разумееце, што гэта – тады глядзіце відэа! Мы нават ведаем, каму з беларускіх спартсменаў гэта трэба зрабіць абавязкова.
Дарэчы, раней «Трыбуна» рабіла невялічкі хакейны слоўнік, з якім можна азнаёміцца ў нашым архіўным матэрыяле.