Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Кандэлакі, віцэ-міс Украіны, былая Багдановіча і нават Кульбаба: амурнае жыццё Мілеўскага ад эскортніц да сурагатнага бацькоўства

Кандэлакі, віцэ-міс Украіны, былая Багдановіча і нават Кульбаба: амурнае жыццё Мілеўскага ад эскортніц да сурагатнага бацькоўства

Здраджваў ва ўсіх сваіх стасунках.

Аўтар — Pam-pam
18 сакавіка, 08:00
1
Кандэлакі, віцэ-міс Украіны, былая Багдановіча і нават Кульбаба: амурнае жыццё Мілеўскага ад эскортніц да сурагатнага бацькоўства

Беларускі футбаліст Арцём Мілеўскі пасля вяртання з клінікі, дзе лячыўся ад алкагольнай залежнасці, не знікае з інфармацыйнага поля. Ён эфектна з'яўляўся ў кіеўскай оперы, запусціў лінейку ўласнага мерчу і парваў стасункі з некалі блізкім сябрам Аляксандрам Аліевым.

Не прайшоў Мілеўскі і міма 8 сакавіка, даволі спецыфічна павіншаваўшы дзяўчат са святам: спачатку падзякааў жанчынам, якія служаць у УСУ, а затым пажадаў ужо ўсім дзяўчатам «быць простымі, каб з вамі было лёгка».

Думку пра тое, што дзяўчына мусіць быць зручнай, 39-гадовы мужчына паўтарыў і ў інтэрвʼю на адным з украінскіх ютуб-каналаў. Паводле былога футбаліста, жанчына павінна даглядаць мужчыну, але пры гэтым павінна і мець сваё «Я», і быць з характарам і пачуццём гумару, каб разумець жарты Мілеўскага. Яшчэ яна павінна быць сябрам і ўсюды дапамагаць. Мімаходзь колішні зорны хлопчык згадаў, што ён быццам бы таксама нешта такое павінен, але пры гэтым захоўвае за сабой права на здраду, бо «я ж не люблю чалавека, з якім сплю», то бок гэта проста фізічны кантакт. Міля таксама прызнаўся, што ва ўсіх адносінах, у якіх быў, ён здраджваў сваёй партнёрцы.

З такім наборам патрабаванняў цяжка здзівіцца, што Мілеўскі у сваі амаль 40 гадоў халасты, хаця амурных прыгодаў у яго жыцці было нямала.

У нулявых тады яшчэ нападніка кіеўскага «Дынама» часта бачылі ў кампаніі каралевы прыгажосці з Дняпра Алены Шчэрбань. Яна ж стала віцэ-міс Украіна-2000 і атрымала права прадставіць краіну на конкурсе «Міс Свету», дзе першай з украінак ўвайшла ў топ-10.

Трапляла пад чары беларуска-ўкраінскага футбаліста і расійская тэлевядоўца Ціна Кандэлакі, якая пазней стала адыёзнай прапагандысткай. На ютуб-канале «Красава» Мілеўскі наўпрост заявіў, што ў яго быў з Кандэлакі сэкс (а ўвогуле па маладосці шмат з кім быў). Гэта здарылася пасля чэмпіянату свету-2006, дзе Украіна дайшла да чвэрцьфіналу.

«Яна прыязджала здымаць «Самы разумны» ў Кіеў. Як мне расказвалі, яна сядзела з сяброўкамі ў рэстаране, спытала, хто сёння самы модны футбаліст, папрасіла нумар. А я шчыра ведаў толькі, што ёсць Ціна Кандэлакі, але нават не ведаў, як яна выглядае. І тут званок з незнаёмага нумара: «Прывітанне, гэта Ціна Кандэлакі». Я адказваю: «Ну і што?». Увогуле, гутарка не пайшла. Але потым мы спісаліся, пару разоў убачыліся і пагутарылі. Але яна крутая, шчыра, я вялікае прывітанне ёй перадаю», – расказваў тады Мілеўскі.

Сама Кандэлакі не пацвердзіла і не адмовіла блізкасць з Мілеўскім, заявіўшы, што ў іх з мужам былі розныя перыяды за 10 гадоў стасункаў, калі яны сыходзіліся і разыходзіліся, ды ўвогуле называла сябе жывой жанчынай. Пазней у інтэрвʼю Дзмітрыю Гардону вядоўца адпомсціла гульцу сарказмам за тое, што ён выдае прыватныя сакрэты:

«Ён, дарэчы, быў нядрэнным футбалістам. Але вось так заяўляць, што ў яго быў сэкс са мной, выглядае вельмі сумна, калі шчыра. Атрымліваецца, што ніякіх іншых шчаслівых момантаў у яго жыцці не было».

Кандэлакі падсумавала, што выхваленне сэксам лічыць неджэнтльменскім учынкам.

У 2011 годзе ў Мілеўскага быў непрацяглы, але яскравы раман з Валерыяй Крук, якая ва Украіне больш вядомая як тэлевядоўца Кульбаба. Спакуслівая бландынка неаднаразова ўпрыгожвала вокладкі мужчынскіх часопісаў – XXL Украіна, PENTHOUSE, FHM.

У адным з выпускаў ютуб-канала «Бамбардзір», адказваючы на пытанне, хто самая сэксуальная дзяўчына ў яго жыцці, мінчук згадаў менавіта Крук: «З якой у мяне быў сэкс? Калі браць Украіну, то Кульбаба. Лерон, прывітанне. Я цябе памятаю».

У 2017-м у футбаліста закруціўся раман з украінскай мадэллю Мілай Амельчанкай. Закаханыя разам правялі адпачынак у Дамініканскай рэспубліцы, а затым кіяўлянка прылятала да футбаліста ў Венгрыю, калі ён выступаў за мясцовую «Кішварду». Але тут усё даволі хутка скончылася расстаннем.

Самыя доўгія стасункі ў жыцці Мілеўскага пачаліся пасля яго вяртання ў Беларусь і доўжыліся два з паловай гады. Пра новую дзяўчыну футбаліста загаварылі ў студзені 2019-га, пасля таго, як пара адсвяткавала разам Новы год.

Пасіяй спартсмена аказалася Валерыя - былая жонка алімпійскага чэмпіёна па веславанні і лукашыста Аляксандра Багдановіча. У дзяўчыны пасля шлюбу застаўся сын, але для лавеласа гэта не стала праблемай. Пара шмат часу бавіла разам і нават паўдзельнічала ў ютуб-праекце Аліева, дзе распавяла сваю гісторыю знаёмства. Хадзілі чуткі, што справа можа дайсці да вяселля, але ўжо ў 2021-м украінскія СМІ паведамілі, што стасункі не вытрымалі праверку адлегласцю, і пасля пераходу Мілеўскага ў «Мінай» пара распалася.

Цікава, што ў траўні 2022-га, ужо пасля пачатку вайны, сам гулец, які на той момант больш за год жыў ва Украіне, згадаў, што яго «дзяўчына ў Беларусі». У размовах з ёй і сваімі бацькамі ён высветліў, што «у кожнага свая праўда» па вайне ва Украіне. Праўда, у акаўнце Валерыі на той момант не засталося ніводнай згадкі пра Мілеўскага, а сама дзяўчына, якая жыве ў Мінску, спакойна ганяла ў Расію, якая бамбіла ўкраінскія гарады і забівала ўкраінцаў.

Але былі ў жыцці Мілеўскага і абломы. Напрыклад, нічога не атрымалася з вядомай ўкраінскай мадэллю і салісткай гурта NikitA Дашай Астафʼевай, хаця шанец быў.

Па словах былога футбаліста, якому дзяўчына падабалася, неяк яны з Астаф'евай сядзелі ў холе гатэля да пяці гадзін раніцы, але ўсё сапсаваў той жа Аліеў. Ён быў нецвярозы і настойліва папрасіў Мілеўскага адвезці яго дадому, парушыўшы рамантычную атмасферу.

А магчыма, Астафʼева проста здагадвалася пра прыгоды футбаліста, які мог і заплаціць тысячу долараў эскортніцы за інтымныя паслугі, і ў «трайнічку» паўдзельнічаць (прычым, як распавёў гулец, камбінацыі М/Ж былі розныя, а неяк напарнікам па забаве быў вядомы тэнісіст).

Ужо падчас вайны Мілеўскі і Астафʼева публічна пасварыліся. Дзяўчына абвінаваціла экс-футбаліста ў тым, што ён прыйшоў у рэстаран, дзе яна валанцёрыла, з перагарам і патрабаваў даць яму суп.

Сёння Мілеўскі нібыта задумваецца пра бацькоўства, аднак і тут разважае нетыпова. Футбаліст нічога не кажа пра жаданне знайсці ідэальную для сябе жанчыну, затое нібыта разглядае магчымасць звярнуцца да сурагатнай маці, каб тая вынасіла дзіця ад яго – маўляў, так рабіў Крышціяну Раналду.

Свая Джарджына Мілі быццам бы і не патрэбная.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты