Tribuna/Водныя віды/Блогі/Пинта-Шминта/Яна «круцiла дупай» i двойчы змяняла прозвiшча, яго пазбавiлi шанцу зарабiць на кватэру i вяселле (пэўна, з iншай) – медальная на ЧС пара з белспорту

Яна «круцiла дупай» i двойчы змяняла прозвiшча, яго пазбавiлi шанцу зарабiць на кватэру i вяселле (пэўна, з iншай) – медальная на ЧС пара з белспорту

Ён трэнiруе, але не яе зборную.

Аўтар — Pam-pam
13 сакавіка, 06:00
Яна «круцiла дупай» i двойчы змяняла прозвiшча, яго пазбавiлi шанцу зарабiць на кватэру i вяселле (пэўна, з iншай) – медальная на ЧС пара з белспорту

У лютым 2024-га на чэмпіянаце свету па водных відах спорту ў катарскай Досе паспяхова выступiла 22-гадовая беларуская спартсменка Васіліна Хандошка, якая выступала ў нейтральным статусе. Спачатку яна стала чацвёртай у тэхнiчнай праграме, а затым узяла бронзавы медаль у адвольнай праграме у сольным сінхронным плаванні.

Назва дысцыплiны гучыць нягегла, але па-англiйску тое плаванне «артыстычнае» – так што паказваць элементы можна не толькi ў дуэтах i групах. З iншага боку, на АГ за медалi змагаюцца толькi дуэты i каманды – таму Хандошка не паедзе ў Парыж, ёй фактычна няма з кiм было праходзiць адбор, якi ўжо завяршыўся. На Алімпіядзе ў Токіа спартсменка ўдзельнiчала – выступала ў дуэце з натуралізаванай расiянкай Дарʼяй Кулагінай. Пара выйшла ў фінал, дзе заняла 11-е месца з 12, але гэта стала найлепшым алiмпiйскiм вынікам для сінхраністак ад Беларусi. Аднак далей Кулагіна пайшла ў дэкрэт, i пара распалася – цяпер Хандошка кажа, што ўвогуле не падтрымлівае сувязь з былой напарнiцай, хоць раней яны лічыліся сяброўкамі.

Для медаля на ЧС-2024 Хандошка, якая не была ўпэўненая, што яе туды дапусцяць, вымушаная была змянiць чырвоны купальнiк – казала, што арганiзатары адхiлiлi яго з-за колеру забароненага на мiжнародным ўзроўнi беларускага дзяржсцяга. А падчас спаборніцтваў спартсменка разам са сваёй расiйскай асабістай трэнеркай Аленай Воранавай, якая была на сувязi па вiдэа, вырашылі моцна змянiць выступленне. Коўч апiсала гэта вельмi яскрава.

«Мы падрыхтавалі вельмі прыгожую [адвольную] праграму – [у квалiфiкацыi] яна была пятай. «Пяючыя» ногі, суперпрыгожыя рукі – на гэта цяпер ніхто не глядзіць, глядзяць на складанасць. [Змененая праграма – гэта] быў свайго роду сцёб над новай сістэмай правіл і судзейства. Вырашылі: будзем, прашу прабачэння, круціць дупай! Паказалі сем абсалютна ідэнтычных звязак [элементаў]. Ну і вось вынік», – сказала Воранава, вучанiца якой, атрымлiваецца, «накруцiла дупай» на медаль.

У сінхроннае плаванне будучая медалістка буйных турнiраў (а ў Хандошкі ёсць i бронза ЧЕ-2021) прыйшла ў чатыры гады. Па адной версіі дзяўчыны, гэты від спорту быў «прызначаны ёй нябёсамі», бо яе бацька Васiль быў прафесійным плыўцом, маці Аксана – асiстэнткай рэжысёра, а бабуля Тамара Мужэнка – актрысай тэатра са званнем заслужанай артысткi Беларусі, таму «артыстычнае» плаванне было самым адпаведным для нашчадка. Па іншай, больш свежай версіі, дзяўчына захацела плаваць, гледзячы на медалi бацькi, але з-за стэрэатыпу, што ў дзяўчат у класiчным плаванні вельмі шырокія плечы, малую аддалі ў «жаночае» сiнхроннае.

Хандошка нядрэнна прагрэсавала, а ў 16 гадоў на дарослым ЧС-2017 у сольнай адвольнай праграме заняла дзясятае месца. Але, нягледзячы на прыстойныя для беларускага сінхроннага плавання вынікі, трэнерскі штаб зборнай выключыў спартсменку. Каб працягваць займацца, Хандошка з сямʼёй пераехала ў Маскву, дзе далучылася да групы Воранавай. Як успамінала спартсменка, спачатку ёй даводзілася вельмі няпроста, бо ў Расіі быў вельмi высокi ўзровень працы і нагрузак. Але дзяўчына вытрымала і нават атрымала запрашэнне выступаць у складзе расійскай каманды. Калi б атлетка ўвайшла туды, то гарантавала б сабе россып медалёў – расiйская зборная да адхiлення ў адказ на вайну брала золата на ўсiх сусветных турнiрах амаль зусiм без збояў. Але ж, як казала Хандошка, яна «вырашыла застацца беларускай».

У лістападзе 2022-га Хандошка расказала сваiм падпiсчыкам, што стала жонкай – пра мужа Арцёма Козыра ў сацсетках спартсменкi да таго нiякiх згадак знайсцi не атрымлiваецца. У нядаўнiм iнтэрв’ю сiнхранiстка апiсала свой шлях да шлюбу надзычай проста: «Пазнаёмiлiся на выставе, выпадкова аказаліся за адным столікам. Мне банальна не хапіла месца, а Арцём саступіў. Сталі мець зносіны, пажаніліся».

Яшчэ адна цiкавая гiсторыя – з-за шлюбу Хандошка двойчы змянiла прозвiшча: спачатку ўзяла мужава, а потым вярнула дзявочае.

«Сумневы [наконт змены прозвiшча] мучылі ўжо на шляху ў ЗАГС, але ўсе дакументы былі гатовы. Але забіваеш у пошукавік запыт «Васіліна Козыр» – пуста. Прыязджаеш на спаборніцтвы – пытаюцца: «Хто такая Козыр?». Мяне гэта стала мучыць. У выніку вярнула як было. Цяпер я зноў Васіліна Хандошка. Так камфортней мне і карысней для справы. Арцём не супраць», – патлумачыла спартсменка.

У Козыра таксама ёсць медалi ЧС, прычым тры залатыя i адна срэбная. Узяў ён iх усе у веславаннi на каноэ на дыстанцыi 200 метраў. Першае сусветнае золата Козыр атрымаў у 2015-м, i, нягледзячы на тое, што за пару месяцаў да АГ-2016 стаў толькi трэцiм на ЧЕ, быў упэўнены, што ў Рыа зможа стаць чэмпiёнам. Як потым расказваў сам Козыр, ён нават паспеў пастроiць планы на 150 тысяч долараў, якiя беларускi рэжым плацiць за такое дасягненне.

«90%, што быў бы першым на АГ. Прызавыя хацеў патраціць на куплю кватэры і новай машыны, адкрыццё ўласнай трэнажорнай залы. Яшчэ думаў ажаніцца. Нядопуск на Алімпіяду – рукі апусціліся. Пра якую сям’ю можна казаць, калі ў мяне нічога няма?» – казаў весляр, які планаваў вяселле яўна не з Хандошка, якой тады было ўсяго 15 гадоў.

Але шанцу паспаборнiчаць на АГ Козыру не далi. У красавiку 2016-га зборную Белларусi, якая знаходзілася на зборах у Францыі, абшукалі на прадмет наяўнасці допінгу – знайшлi забаронены незадоўга да таго мельдонiй (у камандзе тлумачылi, што прымае адзiн з трэнераў). Ва ўсiх спартсменаў, якiя прыляцелi ў Францыю, узялi тэсты – у чатырох спартсменаў знайшлi следы мельдонiю ў дапусцiмых межах, а яшчэ ў аднаго, Максiма Пятрова, з невялiкiм перавышэннем. Мiжнароднай федэрацыi гэтага аказалася дастаткова, каб забаранiць усёй мужчынскай частцы зборнай Беларусi ўдзел у АГ – прычым рашэнне вынеслi за пару тыдняў да старту. Потым CAS апраўдаў усiх, нават Пятрова, але ж алiмпiйскiя старты было ўжо не вярнуць.

Козыра ўвогуле не было на французскiм зборы, але выключэнняў наконт удзелу ў АГ-2016 не зрабiлi нi для каго. Ну а пасля Рыа каронную дыстанцыю Козыра ў 200 метраў яшчэ i выключылі з алiмпiйскай праграмы Алімпійскіх гульняў, пакiнуўшы ў праграме для канаiстаў-адзiночнiкаў толькi заезды на 1000 метраў. У 2017-м Козыр гразiўся, што пяройдзе на новую дыстанцыю i пазмагаецца за медалi АГ там, але ж гэта засталося словамi.

Ну а ў 2023-м спартсмен увогуле завяршыў кар’еру. У спicачным складзе зборнай Беларусi па веславаннi 33-гадовы цяпер значыцца старшым трэнерам, заадно працуючы ў адным са спартыўных клубаў Мінска.

Іншыя пасты блога

Усе пасты