Усе навіны

Прызёрка ЧС Хандошка: «Чырвоны купальнік з-за колеру, які ёсць на дзяржсцягу Беларусі, не дапусцілі»

21 лютага, 09:53

Беларуская плыўчыха Васіліна Хандошка, прызёрка чэмпіянату свету па сінхронным плаванні ў сола, распавяла, як выступіла на ЧС у Дохе ў нейтральным статусе.

«Ніхто не чакаў, што мы прыедзем на ЧС. У сярэдзіне снежня далі нейтральны статус. А там яшчэ пасля гэтага куча нейкіх дакументальных пагадненняў. Спачатку ўсе былі крыху здзіўленыя, але потым, мне здаецца, было даволі-такі нядрэннае стаўленне, і нічога дрэннага ў свой адрас я не чула.

Усё роўна ёсць нейкія стрымліваючыя фактары. Напрыклад, толькі белая форма. Яны [у Катары, — Tribuna.com] вельмі любяць кандыцыянеры, і там было жудасна холадна. Калі мне трэба было размяцца, то я ўсё роўна заставалася ў гэтым белым касцюме, таму што больш нічога не магу на сябе надзець — ёсць рызыка таго, што мяне могуць дыскваліфікаваць. Таксама нам нельга было заходзіць у мікст-зоны, дзе здымаюць інтэрв'ю, цалуюцца, абдымаюцца.

Мы загадзя адправілі фатаграфіі ўсіх купальнікаў у міжнародную федэрацыю. У мяне на адвольнае сола быў чырвоны купальнік, вобраз спакусніцы, на ім была змяя, але гэта колер, які ёсць на беларускім сцягу, яго не дапусцілі. Тамака ўвесь купальнік сапраўды чырвоны. А другі купальнік, які на тэхнічнае сола, ён чорны з чырвонай устаўкай, яго дапусцілі», — сказала Хандошка.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.