Tribuna/Кіберспорт/Блогі/Пинта-Шминта/Мбапэ перадаў прывітанне беларусу з агiднай рэпутацыяй – той паабяцаў 330 тысяч долараў за вiдэа

Мбапэ перадаў прывітанне беларусу з агiднай рэпутацыяй – той паабяцаў 330 тысяч долараў за вiдэа

Макгрэгар гатовы падпісацца.

Аўтар — Pam-pam
10 сакавіка, 12:07
Мбапэ перадаў прывітанне беларусу з агiднай рэпутацыяй – той паабяцаў 330 тысяч долараў за вiдэа

Нечаканасць тыдня: зорны форвард «ПСЖ» Кіліян Мбапэ перадаў прывітанне 25-гадоваму гамяльчанiну Андрэю Бурыму. Ён добра вядомы ў рускамоўным стрымiнгу пад псеўданiмам Mellstroy.

«Гэй, Mellstroy, гэта Кіліян. Проста хачу сказаць табе прывітанне. Спадзяюся, у цябе ўсё добра. Спадзяюся, хутка ўбачымся», – сказаў у відэа нападаючы зборнай Францыі.

10-секундны ролiк прынясе камусьцi 330 тысяч долараў у эквiваленце. Так, Mellstroy атрымаў ад сваiх стрымаў дастаткова, каб выкiдаць велiзарныя грошы на падобныя забавы. У канцы лютага ён абвясцiў конкурс з шасцю заданнямi – усе наўпрост звязаныя з беларускiм стрымерам, а грошы абяцаныя тым, хто забяспечыць выкананне.

330 тысяч долараў Mellstroy паабяцаў за прывітанне ад любой з чатырох сусветных зорак футбола – Лiянеля Месі, Кршцiяну Раналду, Кiлiяна Мбапэ цi Эрлiнга Холанда. Мбапэ, як бачым, ужо хтосьцi ўгаварыў. Наступным аўдыторыя стрымера бачыць Холанда – той захапляецца расійскiм блогерам Хасбікам, блiзкiм да UFC, i расiянiн, пачуўшы пра грошы, ужо сказаў, што гатовы выступiць пасярэднiкам.

330 тысяч Mellstroy таксама абяцае за прарыў на поле ў фінале Лігі чэмпіёнаў з лагатыпам стрымера на целе, а яшчэ за падпіскi на яго сацсеткi ад буйных замежных блогераў. Адзiн з iх, амерыканскі ютубер і баксёр Логан Пол, ужо прапанаваў альтэрнатыўную ўзнагароду ў 300 тысяч долараў таму, хто спыніць бясконцыя паведамленнi ад аўдыторыi беларускага стрымера з патрабаваннем падпiсацца.

А вось баец MMA Конар Макгрэгар заявіў, што, атрымаўшы тысячы паведамленняў, што «нейкі багаты чувак плаціць сотні тысяч любому, хто прымусіць падпісацца на яго», гатовы стаць фаловерам Mellstroy, калi атрымае доказы па грошах. У арыгiнальным спiсе стрымера няма Макгрэгара, але гамяльчанiн згадваў iрландца – таму фанаты разлiчваюць на пашырэнне «шчодрасцi» за падпiскi.

Амаль паўмільёна долараў Mellstroy паабяцаў за фота з яго сiмволiкай на вяршыні гары Эверэст. Але самае дарагое заданне звязанае з зоркай нумар адзiн сусветнага YouTube gfl нiкам MrBeast. Калi за прывітанне ад яго стрымер паабяцаў 412 тысяч долараў, то за падпіску ў сацсетках – ажно 1,65 мiльёна. I самы вялiкi прыз ужо забралi кiберспартсмены, якiя ўдзельнiчаюць у турнiрах па гульнi Fortnite, якую любiць MrBeast. Расiянiн Даніла Якавенка пабачыў умовы конкурса, звязаўся з Анасам Эль-Абдам з Данii, якi пазнаёмiўся з MrBeast на адным з турнiраў, – i праз такое пасярэднiцтва падпiска была аформленая. Цяпер Якавена i Эль-Абд плануюць падзялiць грошы напалам.

Бурым-Mellstroy сваю прадпрымальніцкую жылку прадэманстраваў яшчэ ў школьныя гады, калі захапіўся Minecraft. Юнак стварыў уласны сервер, з якога пачаў зарабляць. Затым Андрэй стаў стрыміць Dota 2 і Counter-Strike: Global Offensive, адначасова перапрадаючы гульнявыя рэчы і скіны.

Неўзабаве Mellstroy стаў развіваць свае стрымы ў iншым рэчышчы. Набраць аўдыторыю яму ўдалося пасля таго, як у сваіх эфірах ён паспяхова прасіў дзяўчат распрануцца ў абмен на падпіскі і лайкі. Паколькі некаторыя ўдзельніцы відэа аказаліся непаўналетнімі, на Андрэя звярнулі ўвагу беларускія «сілавікі». Яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе парнаграфіі і правялі ператрус у кватэры, падчас якой забралі кампутар. Бурым нават пабываў у ізалятары часовага ўтрымання, але пазней справу закрылі.

Нягледзячы на тое, што старонкі Mellstroy заблакавалі, ён зноў вярнуўся да стварэння правакацыйнага кантэнту, паколькі гэта дазваляла хутка набіраць прагляды і павялічваць аўдыторыю. Стрымер перабраўся ў Маскву, а ў сацсетках любiў выкладаць кантэнт пра жыццё ў стылi «лакшэры».

З часам відэа ютубера станавіліся ўсё больш агiднымi – Бурым вёў стрымы з тусовак у сваiх маскоўскiх дарагiх апартаментах з дзяўчынамi мадэльнай знешнасцi, якiя за грошы ад стрымера i яго аўдыторыi (за адну трансляцыю дзяўчына магла зарабiць недзе тысячу долараў) распраналiся, напiвалiся да неадэкватнага стану, цярпелi патокi абраз i нават фiзiчны гвалт з боку Mellstroy i яго сяброў. Бурым заяўляў, што анлайн-казiно плацяць яму дзясяткi тысяч долараў за кожную трансляцыю, i працягваў ладзiць поўны трэш.

У кастрычніку 2020-га Бурым на чарговым стрыме ў адказ на прапанову распрануцца самому ад адной з госцяў, мадэлi Алены Яфрэмавай, некалькі разоў ударыў тую галавой аб стол, зламаўшы скiвiцу. Бурыма судзiлi ў Расii, але прыгаварылi ўсяго да шасці месяцаў папраўчых работ з кампенсацыяй на карысць пацярпелай усяго ў раёне тысячы долараў. Тады яго каналы у чарговы раз заблакавалi – але, як звычайна, Mellstoy проста завёў новыя i хутка аднавiў аўдыторыю. Дзяўчына ж у канцы 2022-га зноў прыйшла на стрым да гвалтаўнiка i выканала пачак заданняў за грошы.

Цяпер жа стрымер, якi працягвае сваю трэш-дзейнасць, бегае ўжо ад іншых пагроз крымінальных спраў. У пачатку 2024-га Бурым зʼехаў з Расii ў ААЭ – паведамiў гэта тым, што яго шукаюць «сiлавiкi» ў Беларусi. Не, нiякай палiтыкi – Mellstroy нiколi нiчога такога не казаў, не рызыкуючы заробкамi. Справа была ў iншым.

«Мяне прынялі супрацоўнікі [расiйскай палiцыi], абавязалі падпісаць паперы, што я павінен на працягу 10 сутак звязацца з гомельскiм упраўленнем цi то аддзелам («МВД» Лукашэнкi – Tribuna.com), а далей з ваенкамам. А я кожны дзень праводжу стрымы, казіно за кожны стрым вылучае 16 тысяч баксаў на гульню. Цяпер пытанне: вы б на маім месцы паехалі «аддаваць доўг» Радзіме на 1,5 гады, пазбавіўшыся ўсяго таго, што ў мяне ёсць?» – патлумачыў Бурым свае ўцёкi.

Але і ў Эмiратах Mellstoy доўга не працягнуў – запісваючы відэа з мясцовага клуба, блогер назваў аднаго з наведвальнікаў «жывёлай», а мужчына пазней убачыў ролік і звярнуўся ў паліцыю. Блогер вырашыў не рызыкаваць і, паводле інфармацыі расійскіх Telegram-каналаў, зноў зʼехаў – на гэты раз у Турцыю.

Іншыя пасты блога

Усе пасты