Tribuna/Футбол/Блогі/В защите поуже, в атаке пошире/«Балоння»: як жыве каманда, у якую можа перайсці Ілля Шкурын

«Балоння»: як жыве каманда, у якую можа перайсці Ілля Шкурын

Аўтар — Drum23
20 красавіка, 10:49
1
«Балоння»: як жыве каманда, у якую можа перайсці Ілля Шкурын

Атмасфера футбольнага горада Паўночнай Італіі.

Малады трэнер, лепшыя вынікі ў «вышцы» з сезона 66/67 і адданыя фанаты.

Феномен «Балонні» бягучага сезона

З 2019 году галоўным трэнерам «Балонні» быў Сініша Міхайлавіч. Фанаты «чырвона-сініх» вельмі любілі і паважалі Міхайлавіча, які працягваў працаваць з камандай нават пасля таго, як даведаўся, што захварэў на рак. Ён пакінуў клуб у 2022 годзе і праз некалькі месяцаў памёр. Замест серба «Балонню» ўзначаліў малады і таленавіты Ціяга Мота. Ён сходу падняў калектыў у першую дзясятку чэмпіянату, а ў гэтым сезоне «Балоння» ужо змагаецца за Лігу Чэмпіёнаў.

Каманда з Балонні вельмі маладая і перспектыўная. Сярэдні ўзрост гульцоў, якія прымалі ўдзел у бягучым сезоне Серыі А, складае 24,9 гады. Па гэтаму паказчыку «Балоння» займае 3 месца ў чэмпіянаце. Яшчэ адна асаблівасць каманды Моты — багацце легіянераў. Звычайна ў складзе выходзіць толькі 1-2 італьянца. Затое ёсць 2 паляка, 2 галандца, 2 датчаніна і 3 швейцарца, якія рэгулярна граюць (калі і не ў стартавым складзе, то з выходзяць з лаўкі).

Учора стала вядома, што ад Італіі мы ўбачым 5 каманд у ЛЧ наступнага сезона. «Балоння» зараз займае 4 месца. На 4 бала адстае «Рома», на 8 — «Аталанта». Але супернікі маюць тур у запасе.

Апошні раз «Балоння» забіралася вышэй за 5 месца ў першым дывізіёне Італіі ажно ў сезоне 1966/67. Трапіць у ЛЧ для «чэрвона-сініх» — неімаверная казка.

«Балоння» — «Монца»: перапоўненая царква перад матчам, казачная падтрымка і горад з духам футбола

Па шляху да стадыёна усё размалявана ў чырвона-сіні колер. За дзве гадзіны да пачатку матчу піцэрыі і бары забітыя пад завязку. Заўзятары фізічна і псіхалагічна рыхтуюцца да матчу з «Монцай». Нават царква, якая, дарэчы, выглядае вельмі сучасна, кішыць людзьмі. І гэта не звычайная служба, а перадматчавы рытуал. Сёння з «Балонняй» будзе нават бог.

Чым бліжэй падыходзіш да стадыёну, тым больш горад прасякнуты футбольным духам. Муры і платы ўпрыгожаны графіці.

А акурат побач з арэнай знаходзіцца лаўка з півам і закускамі — мясцовая славутасць. Бясконцы паток людзей падыходзіць і адыходзіць, і чарга не становіцца меньш. Гэтыя плынь людзей не скончыцца, пакуль не прыйдзе час захадзіць унутр.

Стадыён «Балонні» — ілюстрацыя традыцыйнага стылю італьянскіх арэн: вялікі, стары, эстэтычны і вельмі атмасферны.

Кантроль пры ўваходзе на стадыён вельмі лаяльны. Правяраюць толькі квіткі і дакументы. Адсутнічаюць нават металашукальнікі, таму чаканне ў чарзе не займае шмат часу. А ўнутры чакае самы галоўны складнік футбола — атмасфера, створаная заўзятарамі.

Матч пачаўся з хвіліны маўчання, якая прысвечана памяці ахвяр катастрофы на гідраэлектрастанцыі. Яна здарылася акурат побач з Балонняй.

Свае банеры падрыхтавалі як гаспадары, так і госці ў знак салідарнасці.

Матч адбываецца пад дыктоўку гаспадароў. Яны хутчэй, небяспечней і вастрэй. А фанаты, у сваю чаргу, адпавядаюць узроўню каманды на поле. Гучаць бясконцыя зарады і песні.

Існуюць клубы, у якіх колькасць заўзятараў на трыбунах прапарцыйна залежыць ад статусу суперніка. «Балоння» прайшла гэты этап. Тут прыходзяць паглядзець на сваіх герояў, якіх прабіваюць шлях у Лігу Чэмпіёнаў. Абыякава, хто прыязджае ў госці. І на «Інтэр», і на «Монцу» прыходзіць пад 30 тысяч чалавек, а насельніцтва горада, дарэчы, складае 380 тысяч. І колькі яшчэ мясцовых глядзяць футбол дома ці ў барах?

Негледзячы на мноства момантаў ля брамы гасцей, «Балоння» ўсё не забівала, а заўзятары абвінавачвалі суддзю ў неправільных рашэннях. Градус запалу павялічваўся з кожнай хвілінай, і кожны свісток сустракаўся хваляй раз’юшаных фанатаў як асабістая абраза.

Больш атмасферы з матчу і жывую рэакцыю фанатаў можна паглядзець па спасылцы.

Матч скончыўся 0:0, але гульцы, неглядзячы на дрэнны вынік, зрабілі цэлае кола па стадыёну. І гэта было не кола ганьбы, а кола воплескаў.

У бягучым сезоне, як бы ён не скончыўся, яны заслугоўваюць апладысменты ў кожным матчы.

Навошта ім Шкурын?

«Балоння» найхутчэй згуляе ў ЛЧ. Ім вельмі патрэбныя сур’ёзныя ўзмацнення, а не гульцы з польскай лігі. Яны будуць набіраць выключна гульцоў з досведам у еўракубках.

Амаль усё гэта праўда, апроч апошняга сказу.

Па-першае, «Балоння» — каманда з іншай філасофіяй. Успомніце толькі сярэдні ўзрост калектыва. Так, вопытныя гульцы для ЛЧ проста неабходныя, але акрамя іх трэба набываць футбалістаў на перспектыву. Яны будуць дапамагаць у ратацыі і стануць крыніцай даходаў у будучыні.

Па-другое, у складзе «чырвона-сініх» зараз 4 форварда, але адзін з іх вельмі вылучаецца. Гэта маладая зорка Джошуа Зіркзее. Ён стабільна гуляе ў стартавым складзе (не прымаў удзел толькі ў 2 матчах Серыі А) і забіў ужо 10 мячоў. Дык вось Зіркзее летам найхутчэй будзе пераапранацца ў чырвоную (ужо без сіняга) футболку «Мілана». Застаюцца 3 нападніка, якія ўтрох згулялі 12 матчаў у італьянскай «вышцы». Гучыць як добрая магчымасць хапацца за свой шанец для Шкурына.

Але нам варта памятаць, што пакуль гэта толькі чуткі. Да траснферу вельмі далёка, тым больш, што трэнер Мота таксама можа сысці на павышэнне.

Але вельмі хочацца, каб Шкурын у наступным сезоне шпацыраваў па гэтых вуліцах.