Tribuna/Лыжныя вiды/Блогі/У 35 загінуў фрыстайліст з топ-зборнай Казекі: «каяўся» на АГ, задорваў жонку кветкамі, клапаціўся пра ўкраінскага калегу

У 35 загінуў фрыстайліст з топ-зборнай Казекі: «каяўся» на АГ, задорваў жонку кветкамі, клапаціўся пра ўкраінскага калегу

«З такіх боўдзіл звычайна чэмпіёны і выходзяць».

Аўтар — KentYara98
10 снежня, 08:48
1
У 35 загінуў фрыстайліст з топ-зборнай Казекі: «каяўся» на АГ, задорваў жонку кветкамі, клапаціўся пра ўкраінскага калегу

9 верасня стала вядома, што ў Мінску ў 35 гадоў трагічна загінуў старшы трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Максім Гусцік. Па інфармацыі «Трыбуны», мужчына патрапіў пад колы аўтамабіля ў ноч з 8 на 9 снежня. Да гэтага паведамлялася пра аварыю з гiбеллю 35-гадовага мужчыны, iмя якога не называлася – ён аказаўся на праезнай частцы ў месцы, дзе былi толькi падземныя пераходы.

Гусцiк не быў суперзоркай беларускага фрыстайлу, як некаторыя яго калегi па вельмi медальнай на усiх узроўнях зборнай, але ў Максiма былi свае дасягненнi. Расказываем некалькi фактаў пра загiнулага.

У дзяцінстве быў «боўдзілам» – нарываўся на выключэнне са школы, падпальваў штору замест кактуса

У спорт Гусцік патрапіў ва ўзросце пяці гадоў, але да таго моманту ўжо паспеў паказаць, што не баіцца вышыні. Напрыклад, у дзіцячым садку аднойчы залез на дах альтанкі і не даваў сябе зняць. А аднойчы сусед расказаў бацькам Максіма, што бачыў, як з іх акна ляцеў уніз посуд. Выявілася, што юны Гусцік «правяраў сілу прыцяжэння», пры гэтым сядзеў на падаконніку восьмага паверха.

У школьныя гады будучы фрыстайліст таксама палохаў бацькоў – мог без папярэджання паехаць пакатацца на электрычцы або на дачу, каб апрабаваць мапед. А аднаму з трэнераў юнага Максіма Уладзіміру Дашчынскаму (бацьку вядомага фрыстайлiста Дзмiтрыя) даводзілася рэгулярна наведваць школу падапечнага.

– Макса ўвесь час хацелі выганяць – то адно, то іншае. Дашчынскі кожны раз прымудраўся адгаварыць. Выклікалі на размову бацьку Максіма – а той у адказ: «Вы правільна ўсё кажаце, але што я магу зрабіць, калі сам такі ж?» Засталося ўспомніць, што з такіх боўдзіл звычайна чэмпіёны і выходзяць, – распавядаў калега Дашчынскага Максім Самойлаў.

Гусцік – у фуражцы ў правым ніжнім куце кадра

Запомніўся Самойлаву Гусцік і яшчэ адной гісторыяй: на адным са збораў разам з таварышам па камандзе Максім спаліў штору ў гасцініцы. На пытанне наконт матывацыі хлопцы адказалі, што гэта выпадковасць – падпальвалі яны зусім не штору, а кактус.

Быў топам па юнiёрах – у яго Казека раiў пытаць сакрэты поспеху

У Гусціка была вельмi ўдалая кар'ера па юнiёрах – браў шмат медалёў на розных турнiрах, а ў 2006 i 2007 гадах станавiўся пераможцам юнiёрскiх чэмпіянатаў свету.

– Там ён нават «чатыры вiнты» скакаў, рызыкаваў. Макс жа ўчэпісты і каардынаваны, як котка. Падкінеш у паветра – заўсёды на лапы прызямліцца. Нават калі разганяецца, адчувае кожны парыў ветру, кожную купіну – і тут жа падладжваецца, – казаў пра Гусціка Самойлаў.

Самому Максіму ў той перыяд запомнілася сустрэча з геніем фрыстайла, легендарным беларускім трэнерам Мікалаем Казекам.

– Пры ўсіх ён мяне пахваліў за тое, што я ў юніёрскім сезоне ўзяў усё золата. І нават агучыў: «Спытайце ў Гусціка, як спаборнічаць з кітайцамі». Тую пахвалу запомніў на ўсё жыццё, – прызнаваўся Гусцік.

Хацеў кінуць фрыстайл у 25 – але замест гэтага ўзяў медаль ЧС

У 2008 годзе спартсмен дэбютаваў на этапе Кубка свету ў Маскве, дзе заняў 10-е месца. Усяго ж у кар'еры спартсмена было 74 старты на этапах Кубка свету, у якіх ён дзевяць разоў паднімаўся на подыум, у тым ліку двойчы станавіўся найлепшым – на этапах у ЗША ў 2013-м і ў Кітаі ў 2015-м, а ў сезоне-2015/16 стаў другiм у агульным залiку.

А вось на буйных турнiрах да пары не ладзiлася. На дарослым ЧС-2011 Гусцiк стаў 11-м, у 2013-м – толькi 15-м. У 2014-м спартсмен збiраўся на АГ, але на апошняй кантрольнай трэніроўцы прайграў суперніцтва за места Дзянісу Осіпаву. Пасля гэтага Максiм хацеў у 25 гадоў кінуць фрыстайл, але Казека адгаварыў падапечнага.

Як аказалася, не дарма. У студзені 2015-га Гусцiк зноў паехаў на ЧС, дзе ўпэўнена выканаў усе свае скачкi i ў вынiку ўзяў бронзавы медаль – тады адзіны на турнiры для беларускай каманды. Праўда, больш такiх высокiх месцаў на ЧС Гусцiк не займаў.

На АГ не ішло – было апошняе месца і «пакаяльнае» відэа

На Алімпіяду Гусцiк даехаў у 2018-м. Спадзевы на добры вынiк былi – напярэдаднi Гульняў Гусцiк стаў другiм у агульным залiку КС. Але ў карэйскім Пхёнчхане Гусцік упаў пры прызямленнi ў квалiфiкацыi i заняў толькi 22-е месца з 25 спартсменаў.

Апошнім стартам Гусціка стала Алімпіяда-2022 ў Пекіне, дзе ад яго ўжо асаблiва не чакалi высокiх вынiкаў. Але перад iндывiдуальнымi спаборнiцтвамi Максiма паставiлi ў першы ў алiмпiйскай гiсторыi камандны турнiр. Але там уся зборная Беларусi, у якой з Гусцiкам выступалi Ганна Гуськова і Станіслаў Гладчанка, выканалi няўдалыя скачкi i занялi шостае, апошняе месца. У вынiку з усiмi траiмi прадстаўнiкi алiмпiйскага камiтэта Лукашэнкi запiсалi «пакаяльнае вiдэа» – у прыватнасцi, сумны Гусцiк на фоне чырвона-зялёных сцягоў расказваў пра свае памылкi i дадаваў, што «калi б усё склалася добра, маглi б пабароцца за медалi».

У асабiстым залiку праз некалькi дзён пасля такога сумнага «допыту» Гусцiк таксама «не ўзляцеў» – памылiўся пры прызямленнi i стаў 20-м з 24 удзельнiкаў.

Пасля АГ Максiм скончыў кар'еру спартсмена, а ў жнiўнi 2022-га стаў трэнерам першай зборнай, дзе i працаваў да самай гiбелi.

«Адлятаў» на вясельнай фотасесіі і вельмі любiў дарыць жонцы кветкі

У юнацтве Гусцік карыстаўся павышанай увагай у жаночага пола. «У руды колер пафарбаваўся, прычоску ўлажыў – і дзяўчынкі да яго самі ў чаргу выстройваліся. Чыстая праўда – бывала, вакол Макса і па дзве, і па тры віліся», – успамінаў Самойлаў.

Аднак яшчэ ў раёне паўналецця Гусцік сустрэў сваю выбранніцу Таццяну. Са шлюбам не спяшаліся – да яго заключэння сустракаліся восем гадоў. За гэты час фрыстайліст праявіў сябе як вялікі рамантык – у прыватнасці, пастаянна дарыў жонцы кветкі, прычым ніяк не менш, чым 21 штуку за раз. А прапанову Гусцік зрабіў падчас турпаездкі ў Кіеў, якую падносіў як самую звычайную – а ў адным з прыгожых месцаў нечакана дастаў пярсцёнак. Да вяселля пара яшчэ і зладзiла пацешную фотасесію – на адным са здымкаў, напрыклад, Максім як быццам «адлятаў» ад удару жонкі (яна не была спартсменкай – працавала ў банку).

Пасля пары гадоў шлюбу, у пачатку 2014-га, у пары нарадзілася дачка Вераніка, якой Максім стараўся аддаваць як мага больш часу.

Падтрымліваў апальнага трэнера і ўкраінскага калегу

Гусцік амаль не вёў сацсеткi i не выказываўся пра што-небудзь публiчна iншым шляхам. Але нават у iншых вiдах спорту пра Максiма казалi як чалавека «бясстрашнага, добрага, спагадлiвага». Нядзiўна, што ён не змог прайсцi мiма некаторых выпадкаў у фрыстайле.

Калi восенню 2020-го Казека трапiў у апалу да «мiнспорту» i быў фактычна адхiлены ад трэнерскай дзейнасцi, Гусцiк падпiсаў лiст з просьбай вярнуць да працы трэнера, пра якога не раз цёпла адгукаўся. На жаль, гэтага так i не адбылося.

А летам 2022-га ўкраінскі фрыстайлiст Аляксандр Абраменка прызнаўся, што Гусцiк – адзiны чалавек з белфрыстайла, якi яму тэлефанаваў для таго, каб пацiкавiцца станам, падтрымаць i прапанаваць магчымую дапамогу. Нагадаем, на момант расказа Абраменкi ўжо некалькi месяцаў iшла вайна, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты