Tribuna/Футбол/Блоги/Слуцксахар/Estádio da Słuck. Гісторыя футбольнага стадыёна ў Слуцку

Estádio da Słuck. Гісторыя футбольнага стадыёна ў Слуцку

Усім прывітанне! Заўважыў, што больш «плюсаў» збіраюць артыкулы аналітычнага характару, а не апусканні ў глыбіні памяці ў пошуках цікавых матчаў. Таму вырашыў вас парадаваць матэрыяльчыкам пра слуцкі гарадскі стадыён.

Блог — Слуцксахар
Автор — khvnsk
13 марта 2014, 12:29
1

Гісторыя футбольнага стадыёна ў Слуцку пачынаецца ў 30-я гады мінулага стагоддзя, калі на адным з суботнікаў моладзь горада пабудавала ў парку пляцоўку для заняткаў спортам. Пры ўваходзе зрабілі драўляную арку, а побач паставілі скульптуры атлетаў (іх можна ўбачыць на фота на заднім плане). Атрымалася ўсё як і трэба – у духе сацыялістычнага рэалізму. 

У гады вайны стадыёну пашанцавала – ён уцалеў. Пры аднаўленні горада на стадыёне зрабілі 2 трыбуны з драўляных лаў. 

Магчымасцяў для забаўлення ў цяжкія пасляваенныя гады ў жыхароў Слуцка было няшмат: кіно ды футбол. Футбол карыстаўся большай папулярнасцю, што адчуваецца і па сённяшні дзень – на матчы збіраецца вялікая колькасць людзей. Заходнюю трыбуну займалі вялікія ваенныя начальнікі (ваенных частак у горадзе хапала), а ўсходнюю – звычайныя заўзятары.

Каб паглядзець футбол у 60-я гады, трэба было аддаць 50 капеек – столькі каштаваў уваход у парк, дзе стаяў і стаіць стадыён. Каб народ не халявіў – паркавую агароджу абмазвалі варволем, а зверху нацягвалі калючы дрот. Але хапала ўмельцаў паглядзець футбол бясплатна. 

Зараз на машыне часу робім вялікі крок наперад і спыняемся ў 90-х. У маёй памяці слуцкі стадыён апынуўся ў такім выглядзе, не вельмі прывабным.

Спадчынай ад савецкіх часоў засталася адзіная трыбуна, агульная карціна нагадвала фільм у жанры хорар. Дайшло да таго, што з 2002 года слуцкай камандзе забаранілі гуляць на сваём стадыёне, бо ён не адпавядаў патрабаванням для правядзення матчаў чэмпіянату вобласці (!). Прыйшлося гуляць на стадыёне ў вёсцы ў Слуцкім районе.

На дапамогу прышлі «Дажынкі». Стадыён, як і ўвесь горад, прывялі ў парадак: старыя лаўкі выкінулі і зрабілі сімпатычную блакітна-аранжавую трыбуну з пластыкавых сядзенняў на 800 чалавек. Кажуць, нават пачалі будаваць адміністрацыйны будынак з распранальнямі і душавымі, але нешта не сраслося. Усё роўна напрыканцы 2005 года «Слуцксахар» змог вярнуцца на родны стадыён.

Пасля перамогі ў 2007 годзе ў чэмпіянаце вобласці было аб’яўлена аб выхадзе на рэспубліканскі ўзровень. Стадыён трэба было падганяць пад новыя стандарты: пашыраць поле, латаць праплешыны на газоне, а таксама паўстаўляць сядзенні там, дзе іх ужо паспелі сцягнуць ці паламаць. У першую чаргу вакол стадыёна ўзвялі металічны плот. Ужо потым паставілі новыя вароты, кабінкі для каманд і тыя самыя сумна вядомыя вагончыкі. 

Для другой лігі было нармальна, газон увогуле быў ідэальны. Але пасля выхаду каманды ў першую лігу гэтага аказалася вельмі мала.

Увесь сезон-2011 каманда правяла ў Салігорску на сінтэтычным полі стадыёна «Шахцёр», а слуцкі «Гарадскі» стаяў у чаканні пачатку пераменаў. І вось у верасні 2011 года пачалося доўгачаканае будаўніцтва таго самага будынку «со всеми удобствами». 

Сезон 2012 года каманда пачала таксама ў ветлівым Салігорску, але стадыён ужо амаль быў гатовы прыняць у сябе і першую лігу. З’явілася новая крытая трыбуна на 828 месцаў, поле зноў расшырылі, адхапіўшы яшчэ кусок бегавых дарожак.

У чэрвені 2012 года вялікі футбол зноў вярнуўся ў Слуцк, а будынак працягваў расці. 

У мінулым годзе трыбуны сталі яшчэ больш ёмістымі – замест старых дажыначных трыбун паставілі новыя, а таксама сканструявалі пляцоўку для відэааператара, а пад ёй – трыбуну для ВІП-гасцей. Усяго слуцкі стадыён можа прыняць 1896 футбольных заўзятараў.

А на сённяшні дзень адміністрацыйны будынак звонку выглядае амаль гатовым, але працы яшчэ шмат. Хутчэй за ўсё «Слуцк» пачне дамашнія гульні ў вышэйшай лізе на добра знаёмай сінтэтыке «Шахцёра». 

Як бы тое ні было, сёння слуцкі «Гарадскі» – вельмі камфортны па беларускіх мерках футбольны стадыён, на якім прыемна гуляць футбалістам і на якім прыемна заўзець футбольным аматарам. А стане яшчэ лепш – трэба трошкі пачакаць!

 

P.S. У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі з сайтаў і .

Другие посты блога

С Новым Годом!
31 декабря 2015, 21:21
1
Blank title. Fix it!
8 ноября 2015, 01:09
Все посты