Tribuna/Футбол/Блоги/Weekend on Working Streets/Адзін дзень з мінскім Тарпеда: бадмінтон, горнае паветра і бабруйскія ўзгоркі

Адзін дзень з мінскім Тарпеда: бадмінтон, горнае паветра і бабруйскія ўзгоркі

Рэпартаж. Адзін пазітыўны дзень з жыцця мінскага Тарпеда на зборы.

Автор — Аўтазаводзец
4 августа 2016, 13:05

Прапануем Вашай увазе невялікі рэпартаж са збораў мінскага Тарпеда, у якім мы паспрабавалі распавесці аб адным дні з жыцця каманды падчас падрыхтоўкі да 2-га круга чэмпіянату.

Лета. 11-ць гадзінаў. Мінск-Арэна.

– Так, Вы хто і куды ?, – пытаецца ахоўнік на ўваходзе. На веладром, прэс-служба ПФК “Тарпеда” Мінск, нават са здзіўленнем для сябе (ад месца) прыходзіцца адказваць. – Трэба праверыць, у нас тут проста неабходна ўдакладняць наконт пытання здымкі.

І сапраўды, адразу неяк нязвыкла ўспрымаецца факт, што тут можа пачынаць адну са сваіх штодзённых трэніровак сталічнае Тарпеда. У сярэдзіне веладрома каманда, падзяліўшыся на пары, гуляе ў бадмінтон. Вакол па коле тым часам ездзяць раварысты. Карціна дастаткова цікавая.

На самым пачатку ў пары гуляюць: Дзяніс СашчэкаСяргей Лынько супраць Уладзімер ПяцігорацПавел Яўсеенка. Лік, шчыра кажучы, не лічылі, але барацьба была сур’ёзная.

– О, хлопцы, давай на камеру, – адразу ж пачынае жартаваць 13-ты нумар аўтазаводцаў Максім Шкураценка, заўважыўшы, што здымаюць. Увогуле атмасфера вельмі пазітыўная. Дастаткова цікава назіраць за камандай у такім ракурсе.

Пасля спарынгаў у бадмінтон тарпедаўцы накіроўваюцца ў трэнажорны зал. Тут стандартны комплекс практыкаванняў. Свісток і праз кожныя 20 секундаў гульцы па чарзе змяняюць трэнажоры.

Час набліжаецца да абеда. Ён, да слова, у Чорна-Белых вельмі прыстойны. Калі хто-небудзь Вам скажа, што кормяць у Тарпеда дрэнна, – дакладна не верце. Паспрабавалі – ўсё чотка.

Першая палова дню завяршаецца. Каманда накіроўваецца ў адмысловае памяшканне для адпачынку з горным паветрам. Гэта ўвогуле надзвычай займальная тэма, якая патрабуе асобнага расповеду. Сёння дарэчы было 2900 метраў.

Прыкладна да 17-ці гадзінаў футбалісты знаходзяцца там. Неўзабаве набліжаецца час вечаровай трэніроўкі, і каманда едзе на комплекс палёў, што на пр.Пераможцаў.

– Ну што, на якой вышыні сёння былі, – запытваецца перад пачаткам Андрэй Юр’евіч Пышнік. І, пачуўшы адказ, галоўны трэнер працягвае нефармальную размову: – Булойчык, колькі па геаграфіі, што знаходзіцца на такой вышыні ? – Бабруйскія ўзгоркі – гучыць жартаўлівы адказ з боку каманды. Трэба прызнаць – атмасфера ў Тарпеда пануе даволі камфортная і даверная. Прыемна нават пісаць аб такіх настроях.

Далей па плане трэніроўкі – невялікі інструктаж, прабежка, размінка, комплекс практыкаванняў.

Асобна рыхтуюцца абаронцы Арцём Сокал, які атрымаў траўму ў мінулай таварыскай сустрэчы, і Яўген Марозаў. Перапынак на сённяшнюю трэніроўку вымушаны быў зрабіць і брамнік Мацвей Францкевіч. Спадзяемся, што хлопцы хутка адновяцца і далучацца да падрыхтоўкі ў агульнай групе.

Падчас традыцыйных удараў па браме Пяцігорац не спыняе здзіўляць рэакцыяй. Пазней, ужо напрыканцы трэніроўкі, і абаронца Сяргей Лынько вельмі доказна пакажа, што здольны таксама, калі трэба, пазбавіць супернікаў усіх шанцаў на забіты гол пасля дастаткова складаных удараў.

Гэты дзень, настрой каманды на зборы, умовы ў якіх рыхтуюцца Чорна-Белыя – пакінулі вельмі добрыя ўражанні. Падчас размовы ў абед неяк узнікла думка, што яшчэ некалькі год таму (калі клуб меў аматарскі статус) цяжка было ўявіць трэніроўку каманды на такім узроўні. Сёння відавочна, што мінскае Тарпеда ўжо ў спісе прафесійных ФК краіны і да свайго вяртання клуб падышоў вельмі грунтоўна.

Другие посты блога

Все посты