Усе навіны

Экс-гандбаліст зборнай Беларусі пра міжнародны бан: «Я за. Вайна не скончылася, рэжым Лукашэнкі дапамагае Расіі»

30 сакавіка, 08:53

Экс-гандбаліст зборнай Беларусі ў інтэрв'ю «Трыбуне» распавёў пра сваё стаўленне да міжнароднага бану ў гандболе.

– Як вы ставіцеся да міжнароднага бана Беларусі і Расіі?

– Шчыра, я за. Не ўяўляю, як у цывілізаваным свеце расіяне, беларусы і ўкраінцы павінны выступаць разам на спаборніцтвах. Гэта дадатковыя правакацыі, жорсткія сітуацыі. Былі ўжо інцыдэнты, калі прадстаўнікі гэтых краін перасякаліся. Таму адхіленне каманд з краін-агрэсараў лічу правільным, справядлівым.

Хтосьці скажа, што праз гэты бан пакутуюць у тым ліку дзеці, якія займаюцца гандболам. І мне крыху шкада хлопцаў, якія не бачаць Еўропу. Яны не адказныя за тое, што робяць палітыкі. Але, прабачце, у такой краіне нарадзіліся. Гэта я кажу пра Беларусь. А Расія – ну, тут наогул усё максімальна справядліва.

– 12 сакавіка стала вядома, што зборныя Беларусі і Расіі не возьмуць удзелу ў чэмпіянаце Еўропы-2026. Для вас гэта было чакана?

– Напэўна, не. Апошнім часам у розных відах пачалі дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі. Думаў, што Федэрацыі пачалі на сённяшнюю сітуацыю глядзець па-іншаму. Меркаваў, што ЕГФ таксама ў нейкай ступені дасць слабіну. Але там, як па мне, усё дакладна зрабілі. Гэта паслядоўная пазіцыя. Вы не дапускалі каманды раней, вайна не скончылася, рэжым Лукашэнкі дапамагае Расіі – дык чаму трэба рабіць нейкія паслабленні? Усё дакладна і лагічна.

– Федэрацыя гандбола Беларусі ніяк не пракаментавала гэтае рашэнне ЕГФ.

– Мяркую, што ў федэрацыі не хочуць лішні раз падымаць гэтую тэму. Гэта ж удар па рэпутацыі, – сказаў спартсмен.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.