Усе навіны

Яўген Летаў: «У «Нёмане» прывык давяраць тым хакеістам, з якімі працую ад пачатку і да канца»

20 сакавіка, 09:28

Галоўны трэнер «Нёмана» Яўген Летаў падвёў вынікі чвэрцьфінальнай серыі супраць «Гомеля» (2-4).

– Мне не ў чым папракнуць каманду, хлопцы выдатна гулялі, але, на жаль, прапусцілі мы непатрэбную контратаку суперніка, хоць і валодалі перавагай, маглі самі павесці ў ліку.

Прайгралі матч. Пераломным момантам у гульні былі выдаленні, і я не скажу, былі яны змушанымі ці не, тут яшчэ трэба паглядзець і разабрацца ў іх. Нельга каментаваць пэўныя рэчы, з якімі я ў корані не згодзен.

Яшчэ, я думаю, вызначальны момант быў пры ліку 0:2, калі ў Паддубнага быў шыкоўны шанец забіць гол, але не атрымалася і мы прапусцілі трэцюю шайбу. Змагаліся да канца, а так, як мы гулялі апошнія дзесяць хвілін, трэба было гуляць з пачатку серыі. Вядома ж, нельга не адзначыць нашых заўзятараў, якія ўвесь сезон нас падтрымлівалі і вельмі часта пераадольвалі такія вялікія адлегласці, як было сёння.

Не ва ўсіх матчах, калі яны прыязджалі нас падтрымліваць, мы іх радавалі, хацелася б, вядома, папрасіць прабачэння за такія гульні і сказаць ім вялікі дзякуй за тое, што яны да канца вераць у нас, прыходзяць і падтрымліваюць, гоняць наперад каманду.

– Серыя ўклалася ў шэсць матчаў, не атрымалася сёмай сустрэчы ў Гродне, якую многія эксперты прагназавалі яшчэ да старту серыі. Наколькі такі зыход заканамерны?

– Я магу сказаць, што кожны матч – гэта асобная гісторыя. Натуральна, нам хацелася парадаваць сваіх балельшчыкаў, я лічу, што і балельшчыкі нашы, і каманда заслужылі сёмы матч, але перамагае мацнейшы.

– Перад матчам прынялі рашэнне замяніць брамніка, выйшаў Палякоў замест Карнаухава, у сувязі з чым гэта адбылося?

– Ведаеце, я не хачу апраўдвацца, але ёсць пэўны момант, не толькі ў Міхаіла, але і яшчэ ў некаторых людзей у камандзе было недамаганне. Гэта не паўплывала на гульню, мы былі ўпэўненыя і ў Ваню Палякове, тут ніякіх праблем няма. Калі хтосьці з гульцоў адчуў сябе ўсё роўна, то чаму не даць яму перадышку, навошта рызыкаваць яго здароўем?

– За гэтую серыю «Нёман» ні разу не перамог у Гомелі, у чым бачыце прычыну?

– У любым матчы, калі хтосьці аказваецца мацнейшым у пэўных нюансах гульні, то той і перамагае. Мы, нажаль, у гэтых нюансах і прайгралі. Яны ўплывалі на ход гэтых сустрэч, скажу так, што ў чацвёртай гульні серыі другі перыяд быў самым горшым за гэтыя два сезоны.

– Пасля двух перыядаў лік быў 0:3, што адбывалася з камандай у перапынку, як вы настройвалі іх на апошнія 20 хвілін, каб яны нешта зрабілі і выправілі сітуацыю?

– Хіба ў трэцім перыядзе мы не заслугоўвалі выцягнуць матч? Там моманты былі, проста патрэбная рэалізацыя, вось і ўсё.

– Калі параўноўваць вынік гэтага сезона і мінулага, то ў мінулым каманда забралася далей. Чаму ў гэтым сезоне серыя завяршылася зараз, хаця склад, здавалася б, у асноўным застаўся такім жа?

– Сапраўды, калі шчыра, то я да гэтага часу не магу знайсці адказ на гэтае пытанне, таму што па складзе патэнцыял у каманды нашмат вышэй, чым тая гульня, якая была ў гэтым сезоне.

– Можа быць, трэба было яшчэ кагосьці знайсці, кагосьці паклікаць у каманду?

– Вы ведаеце, я прывык давяраць тым хакеістам, з якімі працую ад пачатку і да канца. Калі вы заўважылі, то ў нас, мусіць, самая найменшая ратацыя складу за два гады.

– Якую рысу пад сезонам падвядзеце, якую ацэнку можаце паставіць, калі ўжо падводзіць яго вынікі?

– Не выціснуў я з каманды максімум, гэта і так зразумела. Я думаю, што на 70 працэнтаў паказалі свой патэнцыял.

– Вядома, зараз яшчэ рана казаць аб планах на будучыню, але, магчыма, нешта скажаце датычна сваёй далейшай працы з камандай?

– Серыя толькі сёння завяршылася, я пакуль не магу адказаць на гэтае пытанне, яго, напэўна, лепш задаць кіраўніцтву, – сказаў Летаў.