Tribuna/Теннис/Блоги/Матчбол/Сабаленку ў Рыме даймае здароўе (то хвароба, то спіна). Яна перамагае, але наперадзе – няпросты выбар

Сабаленку ў Рыме даймае здароўе (то хвароба, то спіна). Яна перамагае, але наперадзе – няпросты выбар

Мара або «Ралан Гарос»?

Блог — Матчбол
Автор — Pam-pam
14 мая, 14:11
Сабаленку ў Рыме даймае здароўе (то хвароба, то спіна). Яна перамагае, але наперадзе – няпросты выбар

Арына Сабаленка працягвае барацьбу на грунтавым турніры WTA ў Рыме, перамогу ў якім называе сваёй марай.

У 1/8 фіналу беларуска ў няпростым матчы абгуляла ўкраінку Эліну Світоліну. Сабаленка аддала першы сэт, забрала другі, а ў вырашальнай партыі адужала суперніцу на тай-брэйку – 4:6, 6:1, 7:6 (9:7).

«Сёння я аддала ўсё. Я не магла здацца», – сказала пасля перамогі Сабаленка, якая выцягнула тры матчболы.

Для рэжымнай падпісанткі, якая была фаварыткай сустрэчы са Світолінай, італьянскі турнір складваецца вельмі няпроста. У першым крузе яна з цяжкасцю адолела 109-ю ракетку свету амерыканку ўкраінскага паходжання Кэці Валынец (4:6, 6:3, 6:2). Пасля матчу пераможца тлумачыла, што выйшла на матч не ў аптымальнай форме праз хваробу: «Для чалавека, які хварэў чатыры дні і не мог устаць з ложка, я згуляла вельмі добра».

Далей Сабаленка прайшла ўкраінку Даяну Ястрэмскую (6:4, 6:2) і выйшла на Світоліну, якая са старту пачала ствараць беларуске праблемы. Украінка двойчы рабіла брэйк і давяла першы сэт да перамогі 6:4.

У другім сэце Сабаленка выйгравала з відавочнай перавагай гейм за геймам і толькі пры ліку 4:0 дазволіла Світолінай узяць адзіны гейм за партыю.

Здавалася, фаварытка разгулялася, але яе пачаў даймаць боль у вобласці паясніцы. Адразу пасля заканчэння другога сэта Сабаленка выклікала на корт лекара і запрасіла медычны тайм-аўт.

Масаж і невялікі перапынак дапамаглі крыху аднавіцца, але, мяркуючы па ўсім, дыскамфорт захоўваўся – на пачатку трэцяга сэта беларуска аддала сваю падчу.

І ўсё ж рэжымная спартсменка здолела сабрацца і цераз боль стала браць гейм за геймам і вырвалася наперад 4:2, а пры ліку 5:4 падавала ўжо на матч, калі Світоліна ўзяла падачу суперніцы і вярнула інтрыгу – 5:5.

Пры ліку 6:5 і 15:40 на падачы Сабаленкі ў Світолінай было два матчболы, якія беларуска адгуляла. Матч перайшоў на тай-брэйк. У нярвовай перастрэлцы Сабаленка атрымала матчбол – 6:5. Світоліна на сваёй падачы яго зняла, а затым выйшла наперад 7:6. Трэці матчбол у Эліны, які адгуляла Сабаленка, а затым давяла справу да перамогі – 7:6 (9:7).

Традыцыйна гэтыя суперніцы пазбеглі пасляматчавага поціску рук, хаця Сабаленка жэстам пацікавіла наконт планаў украінкі - і, відавочна, атрымала адмоўны адказ.

Адразу пасля матчу Сабаленка звярнулася да гледачоў:

«Я проста хачу сказаць: Рым, ты назаўжды ў маім сэрцы. Такая неверагодная падтрымка. Гэта была вялікая бітва. Нейкім чынам я дала рады свайму целу і змагла выйграць гэты матч. Я вельмі радая гэтай перамозе. Спадзяюся, змагу аднавіцца да наступнага матчу. Спадзяюся, буду гатовая згуляць яшчэ адзін матч тут, у Рыме».

Апошняя фраза спартсменкі намякае на тое, што перад Сабаленкай стаіць няпростае пытанне – ці выходзіць на корт паслязаўтра. Перамога ў Рыме, можа, і мара тэнісісткі, але яе можна адкласці на наступны сезон, а прыярытэт на сёння – аднавіцца да «Ралан Гарос», які стартуе 20 траўня.

Калі Сабаленка працягне змаганне ў Рыме, то чвэрцьфінале яе чакае латвійская тэнісістка Алена Астапенка.

У іншым матчы гэтай стадыі Вікторыя Азаранка сустрэнецца з амерыканкай Даніэль Колінз. Калі беларускі выйграюць, то сустрэнуцца адна з адной у паўфінале.

Другие посты блога

Все посты