Tribuna/Фехтаванне/Блогі/Ёсць у Беларусі чалавек, які знайшоў управу на Баха (таго самага з бандай у МАК): зброяй пераканаў у сваёй непераможнасці

Ёсць у Беларусі чалавек, які знайшоў управу на Баха (таго самага з бандай у МАК): зброяй пераканаў у сваёй непераможнасці

Калі сябар выявіўся не сябрам.

Аўтар — bytribuna com
9 лістапада, 12:07
Ёсць у Беларусі чалавек, які знайшоў управу на Баха (таго самага з бандай у МАК): зброяй пераканаў у сваёй непераможнасці

7 лістапада 70-гадовы юбілей сустрэў Аляксандр Раманькоў – 10-разовы (пяць разоў індывідуальна) чэмпіён свету і аднойчы пераможца Алімпійскіх гульняў у камандзе па фехтаванні. Віншаванне прыйшло ў тым ліку ад кіраўніка рэжымнага алімпійскага камітэту Віктара Лукашэнкі, якога не прызнае міжнародны камітэт, – з сістэмай экс-рапірыст жыве ў супрацы.

З нагоды круглай даты ў Раманькова ўзялі адразу некалькі інтэрвʼю, у якіх ён не толькі распавёў пра сябе, але і раскрытыкаваў прэзідэнта МАК Томаса Баха – маўляў, «так на яго спадзяваліся», а ён «апынуўся бесхрыбетным, несамастойным разбуральнікам алімпійскага руху». Такія словы відавочна адносіліся да міжнароднага адхілення, што ўведзенае ў большасці відаў спорту ў дачыненні да беларускіх атлетаў па рэкамендацыі МАК у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Прычым цяпер у многіх відах, у тым ліку ў фехтаванні, дзейнічаюць індывідуальныя допускі – але Раманькоў наракае, што беларускія спартсмены ўжо «праляцелі міма адборачных спаборніцтваў і зарабляння заліковых балаў», таму не трапяць на АГ-2024. Зрэшты, на Алімпіяду-2020 беларускія фехтавальшчыкі не паехалі, хаця маглі ўдзельнічаць у кваліфікацыі – проста аказаліся слабымі, і цяпер сітуацыя наўрад ці змянілася б.

Але гэта было не ўсё, што Раманькоў сказаў пра Баха. Беларускі экс-фехтавальшчык заявіў, што ніколі не прайграваў немцу, які таксама быў рапірыстам сусветнага класа ў адзін час з Раманьковым. Прычым юбіляр сказаў, што сам гэтага не памятае – маўляў, усё па словах Баха. І назваў адразу дзве версіі, дзе ж Бах у гэтым прызнаўся: адна – на Еўрагульнях-2019 у Мінску, другая – у Ташкенце падчас выпадковай сустрэчы (мяркуючы па апісанні, справа была ў 2015 годзе).

Суперніцтва з Бахам – даўно любімая тэма Раманькова. Згадкі ў СМІ можна знайсці ад таго часу, як немец узначаліў МАК у 2013-м. Неўзабаве пасля абрання Раманькоў казаў проста, што не раз праводзіў паядынкі з Бахам, і ён «фехтавальшчык абарончага плана, у жыцці вельмі ўзважаны і разважлівы чалавек». А ў 2014-м беларускі экс-рапірыст заяўляў, што МАК «у надзейных руках», расхваліўшы спакой і ўпэўненасць Баха. Яшчэ казаў, што неяк на зборы яны гулялі ў футбол і пілі піва разам, а наконт сустрэч сцвярджаў, што яны «фехтавалі разоў сто, а перамог 50 на 50». А вось, напрыклад, у 2022-м Раманькоў ужо згадваў, што Бах нібыта «заўжды кажа, што ў мяне ніколі не выйграваў». Але і тады да цяперашняй крытыкі было далёка – Аляксандр зваў Томаса «добрым таварышам» і проста казаў пра сваё жаданне, «каб ён цяпер вёў мякчэйшую палітыку ў дачыненні да нашых спартоўцаў».

Падобна, Раманькоў шчыра лічыў, што быў прыкладна роўны з Бахам па перамогах адзін над адным, а змяніў рыторыку пасля асабістай сустрэчы. У інтэрвʼю 2017-га беларускі экс-фехтавальшчык расказваў у падрабязнасцях пра перасячэнне з немцам у Ташкенце – і, у адрозненне ад цяперашняга часу, выказваў рэспект былому суперніку.

- Я стаяў у агульнай групе, прывітаўся: «Добры дзень, Томас!». Ён адрэагаваў імгненна: «Саша?!». Кінуўся да мяне, мы пачалі абдымацца, цалавацца ва ўсіх навідавоку. Потым Бах трымаў прамову: «Як я шчаслівы ўбачыць тых, з кім некалі разам фехтаваў! Вось Саша – мой сябар. Але справа у тым, што за ўсё жыццё я ні разу ў яго так і не выйграў». Вось ёлкі... Я нават і не ведаў гэтага – не памятаў усіх паядынкаў з Бахам. І мая павага да Томаса ўзрасла яшчэ больш, калі ён голасна прызнаўся. Пагадзіцеся, гэта зрабіў бы не кожны кіраўнік, – казаў Раманькоў.

Але няўжо нельга проста падняць статыстыку і даведацца, які ж насамрэч расклад у паядынках Раманькова і Баха? Як аказалася, гэта задача не з лёгкіх. Нават па найбуйнейшым турніры, чэмпіянаце свету, на сайце міжнароднай федэрацыі фехтавання па даўніх гадах ёсць толькі фінальныя расклады, ды і тое для верхніх месцаў. Балазе атрымалася знайсці іншы сайт, які даў значна больш падрабязную інфармацыю.

І так, Бах усё ж такі выйграваў у Раманькова. Прычым перамога была здабытая адразу – на самым першым сумесным спаборніцтве фехтавальшчыкаў, чэмпіянаце свету U-20 у 1971 годзе. Каб даведацца пра вынікі, прыйшлося пакапацца ў французскім часопісе, але сутнасць такая: турнір тады праходзіў у вельмі энергавыдаткоўным фармаце шматлікіх груп на кожным этапе, і ў фінальным аднакругавым турніры Раманькову не хапіла сіл – ён прайграў усім пяцём сваім супернікам, а такім чынам, і Баху, які па дадатковых паказніках вырваў бронзавы медаль.

На ЧС-1972 U-20 спартоўцы паехалі, але не перасекліся – вылецелі з розных чвэрцьфінальных шасцёрак. У 1973-м Бах паехаў ужо на дарослы ЧС і стаў другім у камандзе – а вось Раманькоў не прайшоў унутраны адбор. Затое ў 1974-м уварваўся на дарослы ЧС трыумфальна – узяў золата і ў асабістым турніры, і ў камандным. Бах жа з «індывідуалкі» вылецеў у 1/16 без перасячэння з Раманьковым, а з камандай ФРГ прайграла СССР у чвэрцьфінале з лікам 6:9 – але па пратаколе незразумела, як змагаліся героі нашага пасту асабіста.

На ЧС-1975 Раманькоў і Бах не перасекліся: індывідуальна былі ў розных групах (беларускі фехтавальшчык вылецеў у 1/4, нямецкі – у 1/16), а ў камандах абодва дайшлі да паўфіналаў, але СССР свой у Італіі выйграў і стаў другім, а ФРГ саступіла Францыі і засталася чацвёртай. Напярэдадні АГ-1976 Раманькоў і Бах паўдзельнічалі ў міжнародным турніры ў Францыі – на шляху да перамогі Аляксандр прайшоў Томаса, але той, згодна з пратаколам, зняўся праз траўму.

На саміх Гульнях (якія заадно замянялі ЧС) Бах не ўдзельнічаў у індывідуальным заліку, дзе Раманькоў узяў срэбра. А вось у камандзе ФРГ і СССР сустрэліся ў паўфінале – і тут Аляксандр асабіста перамог Томаса, ды і за ўсіх іншых немцаў аказаўся мацнейшым, але Бах выйграў у астатніх савецкіх рапірыстаў, а ягоныя калегі падтрымалі, і выніковая перамога засталася за ФРГ (9:7). У выніку СССР увогуле застаўся без медалёў, а немцы ў фінале з яшчэ трыма перамогамі Баха разбілі італьянцаў і прымералі золата.

На ЧС-1977 сітуацыя паўтарылася: у індывідуальным заліку не перасекліся (Раманькоў стаў чэмпіёнам, Бах вылецеў у паўфінальным раўндзе), у камандным сустрэліся ў паўфінале, асабіста Бах прайграў Раманькову, але камандай ФРГ выйграла, а ў фінале адолела італьянцаў. Праўда, тут СССР хаця б узяў бронзу.

З ЧС-1978 не засталося дастаткова падрабязных пратаколаў – зразумела, што ў камандзе СССР адолеў ФРГ у матчы за трэцяе месца, але як там змагаліся Раманькоў і Бах, застаецца таямніцай. На ЧС-1979 яны наогул не перасекліся – каманды СССР і ФРГ фехтавалі ў розных паўфіналах, у выніку Раманькоў з таварышамі ўзялі золата, а немцы бронзу. А адразу пасля гэтага 25-гадовыя Аляксандр і Томас адправіліся на Універсіяду – там не сустрэліся толькі ў камандах (СССР выйграў, ФРГ вылецела ў 1/4), а вось у асабістым заліку Раманькоў сустрэўся з Бахам на ранняй стадыі – і зноў выйграў, а потым і ўзяў золата.

На гэтым «супрацьстаянне» спартсменаў скончылася. ФРГ у 1980-м у ліку мноства іншых краін байкатавала АГ у Маскве ў адказ на ўвод савецкіх войскаў у Афганістан. Спартсмены з шэрагу дзяржаў – удзельніц байкоту змаглі прыехаць на Гульні ў індывідуальным парадку без дзяржсімволікі, але Бах і ягоныя калегі дамовіцца са сваім алімпійскім камітэтам не змаглі. Расчараваны рапірыст на гэтым скончыў карʼеру і пачаў будаваць іншую – спартовага функцыянера. Ужо ў якасці кіраўніка МАК Бах называў свой пропуск тых Гульняў «балючай паразай» і заяўляў, што лічыць байкоты недапушчальнымі. Таму нічога дзіўнага, што сёння немец, нягледзячы на вайну, спрабуе ўсё ж аформіць допуск хаця б некаторым беларускім і расійскім спартсменам на АГ-2024.

Раманькоў скончыў вельмі паспяховую карʼеру толькі ў 1993 годзе. Пасля працаваў трэнерам, ды і функцыянерам – быў кіраўніком Беларускай федэрацыі фехтавання, сёння застаецца ў ёй намеснікам старшыні. Што тычыцца паядынкаў з Бахам, як аказалася, іх было не так ужо шмат – і, магчыма, асабіста Томас сапраўды не выйграваў у Аляксандра на дарослым узроўні, але некаторыя перамогі і Раманькову не прыносілі ніякай карысці.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты