Tribuna/Футбол/Блогі/Вяргейчык і Крывушэнка «падвялі» сталініста пад «суд». Стаў ахвярай «плана штрафавання экстрэмістаў»

Вяргейчык і Крывушэнка «падвялі» сталініста пад «суд». Стаў ахвярай «плана штрафавання экстрэмістаў»

І такое бывае.

Аўтар — Pam-pam
30 красавіка, 12:57
Вяргейчык і Крывушэнка «падвялі» сталініста пад «суд». Стаў ахвярай «плана штрафавання экстрэмістаў»

Хто б мог падумаць калісьці, што бяскрыўдны журналістскі тэкст можа стаць падставай для арышту. Але 2020 год шмат змяніў для беларусаў не ў лепшы бок, вось і за матэрыялы некалі найбуйнейшых нацыянальных медыяў можна атрымаць і штраф, і арышт, і крыміналку.

Верагодна, не трымаў у галаве такога сцэнару адстаўны палкоўнік і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Петрушэнка, які ў свой час лічыўся праціўнікам рэжыму Лукашэнкі. Мучжына шмат гадоў быў сябрам левай камуністычнай партыі на чале з Сяргеем Калякіным (пасля партыя «Справядлівы свет») і супрацоўнічаў з арганізацыяй Вольгі Карач «Наш дом», у якой экс-сілавіка пазіцыянавалі як журналіста і праваабаронцу.

Але, як заўважылі журналісты, у сваіх сацыяльных сетках і публічных выступах «праваабаронца» бараніў камуністычную ідэалогію і практыкі савецкіх уладаў, у тым ліку і сталінскага перыяду.

З іміджам змагара з рэжымам Петрушэнка расстаўся ўжо пасля пратэстаў – яго імя ўсплыло ў злітых базах «даносчыкаў». Але наўрад ці ён меркаваў, што і сам можа стаць ахвярай стукацтва.

Тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю» звярнуў увагу на пост Петрушэнкі з падрабязнасцямі справы. Паводле яго слоў, у пракуратару Талачынскага раёна паступіў электронны зварот ад «вядомага змагара за чысціню нораваў», які заўважыў у публікацыях Петрушэнкі прыкметы экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Нагодай для звароту стаў размешчаны ва Укантакце амаль шэсць гадоў таму артыкул партала TUT.by, у якім расказвалася пра спаборніцтвы з удзелам сына і ўнука Петрушэнкі. На фота, якое суправаджала матэрыял, можна ўбачыць сённяшняга кіраўніка федэрацыі футбола Мінска Юрыя Вяргейчыка і галоўнага трэнера БАТЭ Ігара Крывушэнку.

Петрушэнку абвінавацілі ў захоўванні «з мэтай распаўсюджвання» экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сам палкоўнік у адстаўцы лічыў абвінавачанні ледзь не абсурднымі, бо публікацыя была зроблена ў той час, калі TUT.by экстрымісткай «біркі» не меў.

«Супрацоўнікі [лукашэнкаўскага] РАУС не маюць права гуртам аб'яўляць экстрэмісцкімі ўсё раней апублікаванае на цяпер забароненых сайтах. У краіне і без гэтага выяўлена і прызнана судамі дастатковая колькасць экстрэмісцкіх публікацый, пералік якіх складае тоўсты том з 1300 старонак», – заяўляе мужчына.

Петрушэнка адзначае, што няма ніякіх падстаў прыцягваць яго да адказнасці, бо ў змешчаным матэрыяле не было ніякіх заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці. І ўвогуле іх нельга лічыць экстрымісцкімі паводле нормаў закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Там, у прыватнасці, сказана, што экстрэмісцкія матэрыялы –гэта інфармацыя, прызначаная для публічнай дэманстрацыі ў мэтах уцягвання ў экстрэмісцкую дзейнасць і яе прапаганды і прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам па рашэнні суда.

«Я такіх мэт не ставіў!» – заяўляе мужчына і нечакана згадвае, што паводле Канстытуцыі закон у Беларусі зваротнай сілы не мае. Дзіўная заява, бо менавіта так толькі ў Талачыне за мінулы год на гэтых жа самых падставах судзілі не менш за два дзясяткі чалавек, адзначае тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».

Талачынскі псеўдасуд вырашыў вярнуць справу мясцовага сталініста на дапрацоўку ў лукашэнкаўскі РАУС, але Петрушэнка больш не рызыкуе – ён выдаліў свае сацсеткі, пра што нават апавясціў кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

«Ужо за адно гэта чытач мае права прыбіць мяне да ганебнага слупа як таго, хто дэзертыраваў з акопа пад артылерыйскім агнём праціўніка».

У канцы Петрушэнка заклікае чытачоў сачыць за сваім «вымушаным удзелам у выкананні пяцігадовага плана штрафавання экстрэмістаў».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты