1 тур. Пачынаем!
Самы хуткі гол за ўсю гісторыю Бундэслігі, слабае выступленне рурскіх каманд у першым туры, перамога на класе Баварыі, паспяховы дэбют Падэборна і добрае вяртанне Кёльна. 52 розыгрыш Бундэслігі, нарэшце, пачаўся!!
Ужо першы тур падараваў аматарам нямецкага футболу шмат цікавага. Пачалося ўсё, традыцыйна, у пятніцу матчам на стадыёне дзеючага чэмпіёна, якой зараз з'яўляецца мюнхенская Баварыя.
У ролі гасцей былі "ваўкі" з Вольфсбурга, якія паказалі, что гэты сезон для Баварыі ў чэмпіянаце будзе не такі лёгкі, як мінулы. Нягледзячы на ўпэўнены 1 тайм, першы гол 52-й Бундэслігі ў выкананні Мюллера
і хуткі другі гол Робэна, Вольфсбург не пасыпаўся, а пастараўся даць Баварыі адпор, і ў яго гэта атрымалася. Спачатку Івіца Оліч зрабіў лік 2-1, а пасля Маланда незразумела як не зраўняў лік. Фартуна аддала "ваўкам" пазыку - правільны і прыгожы гол Себасцьяна Родэ быў адменены праз палажэнне па-за гульнёй, якога не было.
У суботу, у дзённай праграме было 5 матчаў, асаблівай увагі заслугоўвае матч у Ніжняй Саксоніі, дзе мясцовы Гановер-96 прымаў Шальке-04. Па ўсіх раскладах хлопцы Йенса Келера павінны былі ўзяць легкія 3 ачкі і пасля голу Хунтэлара казалася, што так і адбудзецца, але цяперашні Шальке не Шальке, калі згуляе матч без памылак у абароне. Прыб і Хасэлу перавярнулі ход матчу з ног на галаву і адправілі "кобальтавых" з абаранкам да дому.
Астатнія дзённыя матчы былі ўжо менш сенсацыйнымі: Гамбург разышоўся мірам с Кёльнам 0-0, Хафенхайм перамог Аўгсбург, які можа перажываць у гэтым годзе "сіндром другога сезону" 2-0, брэменскі Вердэр традыцыйна "парадаваў" нас сваёй абаронай і парадаваў сваімі байцоўскімі якасцямі - нічыя 2-2 з Гертай. А ў бітве прагназуемых аўтсайдараў вельмі важную перамогу атрымаў Айнтрахт з Франкфурту: біты Фрайбург з мінімальным лікам.
Увечары нас чакаў матч туру: Барусія Дортмунд - Баер Леверкузен.
Асабіста я чакаў ад гэтай сустрэчы ўпэўненай перамогі дортмундцаў. Не столькі па ліку, сколькі па плыні гэтай сустрэчы. Але Карым Бельарабі быў супраць гэтага, увайшоўшы ў гісторыю Бундэслігі як аўтар самага хуткага голу.
Далей Баер і не падумаў аддаваць ініцыятыву гаспадарам. Першыя сапраўдныя галявыя моманты у Дортмунда пачалі з'яўляцца толькі ў сярэдзіне 2 тайма. Леверкузен правёў выдатны матч, кропку ў якім паставіў гулец, які ўсім усё даказаў, акрамя Йоахіма Лёва - Штэфан Кіслінг. Дортмунд прайграе пасля вельмі добрай, пераможнай гульні з Баварыяй. Бачна, што хлопцы Юргена Клопа яшчэ не да канца падрыхтаваліся да новага сезону.
У нядзелю старт узяла і другая Барусія - гладбахская. Узяла не вельмі ўпэўнена, згуляўшы ўнічыю са Штутгартам, які ў апошнія сезоны не блішча вынікамі і большую частку сезону змагаецца за места ў Бундэслізе. Выратаваў "жарабят" чэмпіён Свету Крыстаф Крамер.
І заканчваем наш першы агляд матчам у Падэборне, дзе ў нядзелю дэбютавала аднайменная каманда у вышэйшым свеце нямецкага футболу.
Супернік для ўдалага дэбюту быў падыходзячы. Майнц у першыя дні новага сезону ўжо паспеў выляцець з 2 кубкавых турніраў: спачатку вылет у Лізе Еўропы ад грэчаскага Астэраса, а потым вылет з кубка Германіі ад Хемніцэра. Як бачым, эмацыянальны фон карнавальшчыкаў быў вельмі дрэнны, а, улічваючы, што з Хемніцэрам Майнц вёў 2-0 і 3-2, то акрамя эмацыянальнага, верагодна, з фізічным станам таксама ёсць праблемы.
Падэборн быў у хвілінах ад таго, каб у першай сваёй сустрэчы ў Бундэслізе перамагчы. Героем і адначасова антыгероем стаў абаронца гаспадароў Увэ Хюнэмайер, які на 87 хвіліне вывеў "нуль-сёмых" наперад, а праз 3 хвіліны парушыў правілы ў сваёй штрафной, чым скарыстаўся Гу Чжа-Чхоль і як вынік - 2-2, баявая нічыя.
Гол туру:
Ужо ў першым туры даволі складана было зрабіць выбар. Пасля матча адкрыцця я гатовы быў ужо ў пятніцу называць гол Івіцы Оліча, але на наступны дзень камбінацыя Хафенхайма, якую завершыў Адам Салаі, была вельмі ўражлівай. Таму ў першым туры будзе два найлепшыя галы, каму які болей да спадобы - вырашайце самі :)
Зборная туру:
Брамнік: Лена (Баер)
Абаронцы: Лукім'я (Вердэр) - Хюнэмайер (Падэборн) - Бадштубер (Баварыя)
Паўабаронцы: Робэн (Баварыя) - Крамер (Барусія Мг) - Бельарабі (Баер) - Мюллер (Баварыя) - Прыб (Гановер-96)
Нападаючыя: Шыбер (Герта) - Оліч (Вольфсбург)
Першы тур адзначыўся рэзультатыўнымі дэбютамі: Юліан Шыбер аформіў дубль, Роберт Левандоўскі аддаў галявы пас на Робэна, Харыс Сеферавіч прынёс перамогу Айнтрахту і Адам Салаі адкрыў лік у пераможным для Хафенхайма матчы. Чакаем, што і першыя галы аднаго з цікавых пачаткоўцаў ў Бундэслізе Чыра Іммобіле не за горамі.
На гэтым заканчваем, ужо вельмі хутка другі тур. А ў сярэдзіне тыдня хатнія еўракубкавыя гульні гладбахскай Барусіі і леверкузенскага Баера, дзе нямецкія каманды маюць вельмі высокія шансы на выхад у групавыя раўнды.