Землятрус у Турцыі зачапіў і белспорт: валейбалістка страцiла аднаклубніцу (саму цудам пранесла), хтосьці асабіста насіў «гуманітарку», Сныціна гадамі гуляла ў разбураным горадзе

Рэакцыя словам і справай.

Аўтар — bytribuna com
12 лютага 2023, 05:00
Землятрус у Турцыі зачапіў і белспорт: валейбалістка страцiла аднаклубніцу (саму цудам пранесла), хтосьці асабіста насіў «гуманітарку», Сныціна гадамі гуляла ў разбураным горадзе

6 лютага на ўсходзе Турцыі з розніцай усяго ў некалькі гадзін прайшлi два магутныя землятрусы. Першы штуршок у 7,8 бала здарыўся недалёка ад горада-мільённіка Газіянтэпа, а асабліва моцныя разбурэнні здарыліся паўднёвей – у турэцкай правінцыі Хатай і Сірыі. Другі штуршок у 7,5 бала здарыўся на 100 кіламетраў на поўнач ад першага – і акрамя новых разбурэнняў моцна ўскладніў разбор ранейшых. Шматпавярховыя дамы ад штуршкоў разбураліся дашчэнту, таму мноства людзей загінула пад заваламі – а ўсяго колькасць смерцяў з-за землятрусу ўжо набліжаецца да 25 тысяч. Водгаласы землятрусу дайшлі нават на іншы канец Турцыі – трасяніну (дзякуй што без наступстваў) адчулі ў значна больш заходняй Анталлі і іншых курортах, дзе цяпер масава праходзяць футбольныя зборы.

Выратавальныя аперацыі працягваюцца, нават удаецца знаходзiць некаторых людзей жывымi. Некаторыя застаюцца ў статусе зніклых без вестак – як экс-гулец «Ньюкасла» Крысціян Атсу, цяпер футбаліст «Хатайспора» з пацярпелага рэгіёна.

Але значна больш дастаюць з-пад завалаў мёртвымі. Не абыйшло гэта бокам і спорт. А адной з першых прызнаных ахвяр стала валейбалістка каманды Д2 «Мерынос» з Газіянтэпа Бецюль Чабан Чакыр. Як паведамілі турэцкія СМІ, Бецюль разам з мужам, таксама валейбалістам Бедрэдзінам Чакырам загінула пад заваламі дома ў прыгарадзе Газіянтэпа Караманмарашы, які быў яшчэ бліжэй да эпіцэнтра землятрусу. Пазней інфармацыю пацвердзіў клуб, назваўшы Бецюль «выхаванкай каманды, якая найлепшым чынам прадстаўляла яе на працягу многіх гадоў». У СМІ у розны час паведамлялі, што Чакыр гуляла за першую каманду «Мерынос» з 2012-га і толькі аднойчы ненадоўга сыходзіла з клуба, але хутка вярнулася.

Аднак у гэтым сезоне чацвёрты нумар Чакыр на пляцоўцы не мільгаў (знайсці пратаколы валейбольных матчаў турэцкага Д2 нам не ўдалося, толькі фота). А вось дакладна была гульцом асновы дзяўчына з 15 нумарам і надпісам «Віка» на спіне – гэта беларуская валейбалістка Вікторыя Сакрэтава, якая прыехала ў каманду летам 2022-га пасля сямі гадоў у «Мінчанцы». Яна дапамагла «Мерынос» незадоўга да землятрусу зрабіць серыю з чатырох перамог і падняцца на пятае месца другой (з двух) зоны Д2 – топ-4 выходзяць у барацьбу за павышэнне, і на гэта ў каманды Сакрэтавай меліся ўсе шанцы.

Advertisment

Цяпер лёс чэмпіянату незразумелы, ды і не так важны. Сакрэтавай пашанцавала падчас землятрусу – як яна распавяла, некаторыя дамы вакол абваліліся, а яе – не, хоць і пайшоў расколінамі. Беларускай валейбалістцы ўдалося выбрацца ў бяспечнае месца, і 9 лютага яна расказала пра свой стан больш падрабязна ў Instagram (у спартсменкі закрыты акаўнт, але скрын адтуль апублікаваў «Прэсбол»).

На дапамогу пацярпелым рэгіёнам паспяшаліся ў тым ліку спартыўныя каманды па ўсёй Турцыі – як грашыма, так і іншымі спосабамі. Не застаўся ў баку «Акуш» беларускага дыяганальнага Артура Удрыса, які перайшоў у каманду толькі на пачатку года. Да землятрусу клуб з 11 перамогамі запар падняўся на другое месца зоны 2 валейбольнага Д2 Турцыі, а зараз акрамя дапамогі аплаквае смерць у выніку землятрусу Мурата Чылагулары, які займаў пазіцыю Удрыса ў камандзе ў мінулым сезоне.

У шэрагу выпадкаў гульцы асабіста прыходзілі ў пункты збору дапамогі, каб удзельнiчаць ва ўпакоўцы і пагрузцы «гуманітаркі» для пацярпелых. На фота ніжэй нясе каробку валейбалістка зборнай Беларусі Ганна Клімец з клуба «Кузейбору», які базуецца ў Аксараі, усяго за 250 кіламетраў ад ачага землятрусу. Побач – аднаклубніца, віцэ-чэмпіёнка АГ-2020 з Бразіліі Ана Беатрыс, якая відавочна не так уяўляла сабе сваё 31-годдзе 7 лютага. «Кузейбору» ідзе на 11-м з 14 месцаў у Д1 з 6 перамогамі ў 17 матчах, але гульцы зараз займаюцца іншай справай.

А футбольны чэмпіён Турцыі-2020 «Істанбул Башахшэхір», які ў гэтым сезоне ідзе на трэцім месцы, паслаў ад свайго імя цэлую фуру прадуктаў і цёплых рэчаў у пацярпелы 300-тысячны горад Адыяман. У пакаванні і пераносцы каробак удзельнічаў і навічок клуба Эдэн Карцаў – гулец зборнай Ізраіля і сын былога беларускага футбаліста Вадзіма Карцава, тройчы прызёра ЧБ.

Дапамога масава ідзе пацярпелым рэгіёнам і з-за мяжы. У справе і беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна, якая толькі мінулым летам з'ехала з Турцыі пасля доўгіх гадоў выступаў за мясцовыя каманды, а з 2015-га па 2019-ы гуляла за «Хатай» з Антак'і – горада, які вельмі моцна пацярпеў ад землятрусу. Баскетбалістка, акрамя дапамогі, выказала спачуванні і падзялілася шокам ад відаў некалі знаёмых месцаў – а яшчэ задумалася наконт прычын прыродных катастроф, якіх у пачатку 2023-га асабліва шмат.