Першы баскет-хол у Еўропе, на хакей ходзяць не горш, чым у Беларусі, клуб са сціплым бюджэтам (у Салігорска большы) патрапіў у групу еўракубка. 12 фактаў пра літоўскі спорт

Аўтар — Скай Волк
9 сакавіка 2023, 10:11
1
Першы баскет-хол у Еўропе, на хакей ходзяць не горш, чым у Беларусі, клуб са сціплым бюджэтам (у Салігорска большы) патрапіў у групу еўракубка. 12 фактаў пра літоўскі спорт

Наўрад ці вы шмат ведаеце пра літоўскі спорт, тым больш, што да футбола ў нашых суседзяў звычайна досыць грэблівае стаўленне.

Фінал Кубка Літвы па баскетболе глядзеў кожны пяты літовец

У сярэдзіне лютага ў Шаўляі прайшоў фінал чатырох Кубка Караля Міндаўга. Трафей выйграў каўнаскі «Жальгірыс», а на галоўным матчы прысутнічалі 5359 чалавек. Арэна намінальна ўмяшчае 5500, але каля 500 месцаў прыходзяцца на віп-ложы.

Зрэшты, наведвальнасць – не галоўнае. 811 тысяч гледачоў уключылі паўфінальны ці фінальны матч, які трансляваўся на LRT. Пры гэтым на піку фінал «Жальгірыс» – «Ёнава» глядзелі 538 тысяч гледачоў. Фактычна фінал Кубка глядзеў кожны пяты літовец.

Можаце ўявіць такія прагляды фінала футбольнага ці хакейнага Кубка ў Беларусі?

У 26-тысячным горадзе да 10% насельніцтва прыходзіць на баскетбол

У мінулым пункце я ўзгадаў «Ёнаву». Гэта каманда з 26-тысячнага гарадка Ёнава пад Каўнасам. У 2020 годзе клуб выйграў НКЛ (другая па іерархіі ліга ў літоўскім баскетболе) і прайшоў складанае ліцэнзаванне на ўдзел у ЛКЛ – галоўнай баскетбольнай лізе краіны.

Арэна ў Ёнаве ўмяшчае 2200 чалавек і ў гэтым сезоне рэгулярна збірае аншлагі. Напрыклад, матч супраць «Жальгірыса» сабраў 2197 чалавек, а супраць «Рытас» – 1953. Сярэдняя наведвальнасць цяпер складае 1225 чалавек, але яна яшчэ падымецца, бо наперадзе зноў супрацьстаянні з «Жальгірысам» і «Рытас».

А ў іншым гарадку на некаторыя матчы яшчэ нядаўна прыходзілі нават 20% жыхароў

Ёсць у Літве горад Прэнай, дзе жывуць 8 тысяч чалавек. Баскетбольная каманда гуляе там на арэне, што ўмяшчае 1500 чалавек. Вы ўжо зразумелі, пра што будзе гаворка.

Advertisment

Праўда, цяпер «Прэнай» перажывае не найлепшыя часы. Мінулы сезон клуб скончыў з вынікам 3/27 (усяго 3 перамогі ў 30 матчах), у гэтым пакуль мае 2/18. Пік наведвальнасці ў гэтым сезоне – 705 чалавек, у мінулым – 1300. Але літаральна пяць гадоў таму жыхары Прэная не вылазілі з арэны, бо клуб перамагаў у Кубку Літвы і прывозіў у гарадок бронзавыя медалі чэмпіянату.

У Літву кожны год прыязджаюць «Рэал» і «Барселона». І прайграюць

Няцяжка здагадацца, што гаворка ідзе пра баскетбольныя «Рэал» і «Барселону». Але ў баскетболе яны такія ж топы, як і ў футболе. У мінулым сезоне мадрыдцы гулялі ў фінале Еўралігі, а каталонцы занялі трэцяе месца.

Пры гэтым каўнаскі «Жальгірыс» рэгулярна іх перамагае. За апошнія два сезоны каўнасцы перамаглі іспанскіх топаў у кожным хатнім матчы. Прычым у мінулым сезоне, калі «Жальгірыс» заняў апошняе месца ў Еўралізе, а «Рэал» выйшаў у фінал, літоўцы ўвогуле разграмілі мадрыдцаў (68:47).

На літоўскім аналагу «Мінск-Арэны» ў гэтым сезоне сабралі 16 аншлагаў з 17

Гаворка ідзе пра «Жальгірыс», які выступае ў Еўралізе на 15-тысячнай «Жальгірыс-Арэне». У гэтым сезоне клуб пачаў з 12 тысяч на матчы супраць «Віртус Балоньі», а ў наступных 11 гульнях клуб распрадаў усе квіткі. Больш за тое, на наступныя матчы Еўралігі каўнасцы таксама прадалі ўсе квіткі, прычым на матч супраць «Алімпіякоса», які адбудзецца ў сярэдзіне сакавіка, усе квіткі разабралі яшчэ ў студзені. Таму ў гэтым сезоне на «Жальгірыс-Арэне» ўжо гарантавана 16 аншлагаў з 17. Што тут сказаць – літоўцы любяць баскетбол.

У Беларусі было штосьці падобнае, але ў далёкім сезоне-2011/12, калі на «Мінск-Арэне» адбыўся 21 аншлаг запар. Але параўноўваць толькі лічбы не зусім карэктна, бо ў «Жальгірыса» толькі адзін матч абышоўся без салдаўту, у той час як у «Дынама» 8 з 29.

Зборная Літвы па баскетболе тройчы перамагала на чэмпіянаце Еўропы. Першы раз – у 1937-м

Калі мы кажам, што літоўцы любяць баскетбол, мы лічым гэта аксіёмай. Але пры гэтым нават не ўяўляем, наколькі Літва – баскетбольная краіна. Зборная суседзяў тройчы станавілася чэмпіёнам Еўропы – у 1937, 1939 і 2003 гадах.

Так, у канцы 1930-х, калі ў Беларусі дзясяткі тысяч людзей трапілі пад савецкія рэпрэсіі, у Літве квітнеў спорт і родная культура. Хто ведае, колькі тытулаў у зборнай Літвы скрала савецкая акупацыя – але мы ведаем, што на Еўрабаскеце ў 1947, 1951 і 1953 гадоў, дзе перамагла зборная СССР, аснову каманды складалі літоўцы, прычым галоўным трэнерам быў Вітаўтас Кулакаўскас. У 1970-м капітанам зборнай СССР быў знакаміты Модэстас Паўлаўскас, а ў 1980-х каўнаскі «Жальгірыс» быў найлепшай камандай савецкай краіны.

Пасля аднаўлення незалежнасці Літва на Алімпіядзе-1992 узяла бронзавыя медалі – і паўтарыла гэты поспех яшчэ тройчы. У першай палове 2010-х літоўцы двойчы даходзілі да фінала Еўрабаскета. Праўда, у апошнія гады вынікі пайшлі на спад – і ў Токіа Літва ўпершыню не гуляла на баскетбольным турніры Алімпіяды.

У Каўнасе пабудавалі першую баскетбольную арэну ў Еўропе

У 1939 годзе адмыслова для Еўрабаскета ў літоўскай часовай сталіцы (да перадачы Вільні Літве заставалася паўтары гады) Каўнасе пабудавалі першую ў Еўропе менавіта баскетбольную арэну. То бок баскетбольныя пляцоўкі ў Еўропе былі і раней, але іх часта сумяшчалі з іншымі відамі спорту.

5-тысячны Каўнаскі спартовы хол – першая арэна, якая выкарыстоўвалася выключна для баскетбола. З 1940-х яна стала домам для каўнаскага «Жальгірыса» і выкарыстоўвалася ажно да 2011 года, калі ў эксплуатацыю здалі 15-тысячную «Жальгірыс-Арэну».

Увосень-2022 спартовы хол рэканструявалі. Цяпер там гуляе футзальны «Жальгірыс». Хаця і баскетбольныя матчы, напэўна, там будуць праводзіць час ад часу. Для настальгічных успамінаў каўнаскіх заўзятараў.

Заўзятары гандбольнага СКА рызыкуюць патрапіць пад крыміналку, калі прыедуць у Літву

Некалькі гадоў таму мінскі СКА гуляў у Балтыйскай лізе. Клуб амаль усе матчы праводзіў на выправе, бо далучыўся да лігі на такіх умовах. Нешматлікія заўзятары СКА любяць прыходзіць на матчы каманды з савецкай сімволікай – напрыклад, са сцягам БССР з камуністычнымі серпам і молатам. Які афіцыйна забаронены ў Літве як сімволіка злачыннага рэжыма – разам з нацыскай сімволікай.

Мне не даводзілася чуць пра такія сітуацыі. Але відавочна, што калі б заўзятары СКА вырашылі паехаць з савецкай сімволікай у Літву, у іх былі б праблемы – аж да крымінальнай справы.

У Літве перамаглі дагаворныя матчы

Калісьці літоўскі футбольны чэмпіянат кішэў неспартовымі паводзінамі. Але мясцовыя федэрацыя і ліга пачалі змагацца з дагаворнымі матчамі. За гэта з турніра знялі клайпедскі «Атлантас». «Шылас» з Казлу-Руда ў 2018 годзе мусіў згуляць у вышэйшай лізе, бо перамог у першай. Але клуб зганяў дагаварняк у таварыскім матчы – і яго не дапусцілі да сезону. Цяпер чэмпіянат Літвы адзін з самых «чыстых» у Еўропе паводле арганізацыі Federbet, якая адсочвае падазроную актыўнасць.

Памятаеце матч-фантом «Слуцка» і «Шахцёра»? Нядаўна яму споўнілася 8 гадоў. Без намёкаў, проста канстатую і нагадваю гэты сумна вядомы «матч».

Бюджэт «Жальгірыса» меншы, чым у «Шахцёра», але літоўцы гулялі ў групе ЛК

У мінулым годзе бюджэт віленскага «Жальгірыса» складаў каля 3 мільёнаў еўра. Гэта прыкладна ўдвая менш, чым у беларускага чэмпіёна «Шахцёра». Пры гэтым літоўцы прайшлі два раўнды кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і патрапілі ў групу Лігі канферэнцый, дзе да апошніх хвілін мелі шанец на плэй-оф.

Пры гэтым «Жальгірыс» на 80% складаецца з легіянераў. З літоўцаў тут брамнік зборнай Гертмонас, добра вядомы беларускім заўзятарам Саўлюс Мікалюнас ды яшчэ пара хлопцаў. Заробкі ў камандзе ў сярэднім ад 5 да 12 тысяч еўра ў месяц, дзе 10-12 атрымліваюць бясспрэчныя лідары. Лёгка параўнаць з заробкамі беларускіх футбалістаў, якіх штучна абмяжоўваюць 3-4 тысячамі еўра, і тое пры ўмове, калі гулец выступае за зборную Беларусі. З такім падыходам беларускі футбол ужо хутка саступіць літоўскаму па ўзроўню, хаця літаральна пяць гадоў таму я бы доўга смяяўся з такіх словаў.

Наведвальнасць хакейнай каманды ў Вільні вышэй, чым у паловы каманд Экстралігі

У гэтым сезоне тры літоўскія каманды гуляюць у адкрытым чэмпіянаце Латвіі, дзе ўзровень значна вышэйшы за чэмпіянат Літвы. Каманды занялі 6-е, 7-е і 8-е месца ў рэгулярцы пры дзевяці ўдзельніках. Праўда, у чвэрцьфінале «Панкс» і «Энэргія» атрымалі 0:3. Пабадаўся з супернікам толькі «Каўнас», які серыю з рыжскім «Дынама» скончыў 2:3.

Дык вось, наведвальнасць. На матчы віленскіх «Хакейных Панкаў» ходзяць у сярэднім 1011 чалавек, прычым на гульню з «Рыгай» увогуле прыйшлі 2111 чалавек (рэкорд сезона Экстралігі на паўсотні чалавек больш). У беларускім хакеі расклад такі: чэмпіён краіны «Металург» – 1081, лідар рэгуляркі «Шахцёр» – 1201, «Юнацтва» – 578, «Дынама-Маладзечна» – 343. Сярэдняя наведвальнасць Экстралігі – 885 чалавек.

І хто тут лічыць сябе хакейнай краінай?

«Панкі» працуюць з заўзятарамі і прыводзяць на даволі нязвыклы для Літвы від спорту новых гледачоў, у той час як у Беларусі людзі перастаюць на гэты ж хакей хадзіць – бо дорага, сумна і зашкварна.

Нацыянальны стадыён у Вільнюсе будавалі 35 гадоў. І не пабудавалі

Са стадыёнамі у Літве ўсё складана. Доўгі час галоўным стадыёнам сталіцы (і краіны) быў 15-тысячны «Жальгірыс». Але яго закрылі ў 2011 годзе – каб знесці і пабудаваць на гэтым месцы гатэль і жытловы комплекс. Пасля таго, як каўнаскі стадыён імя Даруса і Гірэнаса закрылі на рэканструкцыю, галоўным у краіне ўвогуле стаў стадыён Літоўскай федэрацыі футбола – гэта такі «Камвольшчык», толькі на 5 тысяч чалавек. І толькі ў канцы 2022 года ў Літве нарэшце з’явілася добрая арэна – адкрыты пасля шматпакутнай чатырохгадовай рэканструкцыі стадыён імя Даруса і Гірэнаса у Каўнасе.

Але чатыры гады рэканструкцыі – гэта яшчэ няшмат. У 1980-х у Вільні вырашылі пабудаваць Нацыянальны стадыён. Праект узгаднілі ў 1984 годзе, а ў 1987-м пачалі будаўніцтва. Але ў наступныя гады Літва аднавіла незалежнасць, атрымала ад СССР і пазней Расіі гандлёвую блакаду. Краіне было не да будаўніцтва стадыёнаў. Таму пляцоўку замарозілі.

Вярнуліся да гэтай тэмы толькі ў 2006 годзе, калі аднавілі працу на будоўлі. Але ўжо літаральна праз два гады работы зноў спыніліся. Па афіцыйнай версіі – праз крызіс, неафіцыйнай – праз карупцыю на будаўніцтве. У 2009-м узвядзенне Нацыянальнага стадыёна зноў замарозілі – і больш ужо не распачыналі.

Праз 35 гадоў пасля пачатку будаўніцтва мэрыя Вільні вырашыла знесці рэшткі недабудаванага стадыёна. Галоўнай арэнай сталіцы дагэтуль застаецца 5-тысячны аналаг мінскага «Камвольшчыка».

Нядзіўна, што і наведвальнасць футбола ў Літве адпаведная. Звычайныя матчы віленскага «Жальгірыса» ў чэмпіянаце збіраюць 300-500 чалавек, «Рытарая» – 200-300. На матчы зборнай у Вільні збіраліся 2-3 тысячы на нетопавых супернікаў, на еўракубкі «Жальгірыса» – 3-4 тысячы чалавек. З лістапада 2022-га зборная Літвы гуляе ў Каўнасе – спарынг з ісландцамі сабраў там 6 тысяч чалавек. Быў яшчэ матч-адкрыццё – фінал Кубка, на які прыйшлі 13 тысяч гледачоў.

Але на клубны футбол, як і ў Вільні, у Каўнасе не ходзяць. Першыя два матчы пасля адкрыцця стадыёна Даруса і Гірэнаса сабралі 1500 і 1070 чалавек. Бо Літва ўсё ж баскетбольная краіна, а не футбольная.

Фота: аўтара, kvitrina.com, LKL, Zalgiris Kaunas, Zalgiris Vilnius.