Заваліў наказ Лукашэнкі, не мог назваць вайну вайной, ставіў дамінантны футбол. Як Чалядзінскі трэніраваў мінскае «Дынама»

Даваў справаздачу Кавальчуку, падабаўся верхавіне АБФФ.

Аўтар — bytribuna com
22 лістапада 2022, 10:03
Заваліў наказ Лукашэнкі, не мог назваць вайну вайной, ставіў дамінантны футбол. Як Чалядзінскі трэніраваў мінскае «Дынама»

У панядзелак Арцём Чалядзінскі пасля шматлікіх размоў аб адстаўцы пакінуў пасаду галоўнага трэнера мінскага «Дынама». Пры гэтым коуч застаецца ў структуры «бела-блакітных». Аб новай пасадзе пакуль не паведамляецца.

Расказваем, чым запомніўся спецыяліст за паўтара года самастойнай (насамрэч далёка не заўжды) работы з першай камандай.

Будучыня амаль заўжды была пад пытаннем

У пачатку лета 2021-га "Дынама" скасавала кантракт з Леанідам Кучуком. Клубныя босы не мелі пэўнай кандыдатуры на замену, таму на час даверылі каманду коучу дубля Чалядзінскаму, якога прызначылі з прыстаўкай «выконваючы абавязкі».

Кагосьці іншага на замену Кучуку так і не знайшлі. Ды і "Дынама" з Чалядзінскім выдала пяць перамог у шасці матчах вышэйшай лігі (справіцца не ўдалося толькі з БАТЭ). Аднак у падвешаным статусе коуч адпрацаваў да канца сезона і ў ім жа заставаўся і першы месяц пасля фінішу чэмпіянату. Медыя прадказвалі змену на Івана Біёнчыка, які яскрава прывёў «Гомель» да чацвёртага месца.

Яснасць па будучыні Чалядзінскага наступіла толькі ў першых чыслах 2022-га - пасля таго, як вырашыліся сумневы так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука, які вызначае кадравую палітыку ў «Дынама». Ад прызначэння Чалядзінскага экс-ахоўніка Лукашэнкі адгаворвалі ветэраны футбола, якія ў розны час працавалі ў клубе. Яны паказвалі на адсутнасць досведу і рэгалій у спецыяліста. Аднак ніякай яснай альтэрнатывы дарадцы не прапанавалі. і выбар быў зроблены на карысць таго, хто ўжо працаваў.

Сам трэнер казаў, што месяц роздуму Кавальчука яго ніколькі не напружваў - маўляў, быў гатовы ў выпадку чаго саступіць месца іншаму.

Праз паўгода зноў загаварылі аб магчымым растанні з трэнерам. Цяпер ужо на месца Чалядзінскага саджалі Вадзіма Скрыпчанку з «Мінска». Пасля 12 тураў «Дынама» ішло на трэцім месцы, на два ачкі ззаду ад лідзіруючага БАТЭ. Каманда нібыта знаходзілася ў чэмпіёнскай гонцы, аднак пра лёс Чалядзінскага загаварылі перад самым стартам у еўракубках. Трэнеру пагражала звальненне ў выпадку паражэння ў першым раундзе Лігі канферэнцый ад чарнагорскага "Дэчыча". Мінчане не без праблем адолелі суперніка (2:1, 1:1) і захавалі коучу працоўнае месца.

Advertisment

Аб Скрыпчанцы зноў загаварылі за некалькі тураў да фінішу чэмпіянату-2022. Да таго моманту "Дынама" захоўвала толькі тэарэтычныя шанцы на золата. Па інфармацыі нашых крыніц, клубнае кіраўніцтва хацела зрабіць Чалядзінскага крайнім у сезоне, які складаўся няўдала (пазбавіліся надзей на золата і не выканалі наказу Лукашэнка). Але Скрыпчанка адмовіўся ад сумнеўнай з пункту гледжання этыкі прапановы, і Чалядзінскі скончыў чэмпіянат на сваім месцы.

Цяпер усё ідзе да таго, што Скрыпчанку ўсё ж прызначаць галоўным у «Дынама». Спецыяліст у панядзелак афіцыйна растаўся з "Мінскам".

Нічога не вырашаў па кадрах

Такую выснову можна зрабіць па заявах самога Чалядзінскага. Напрыклад, трэнер не мог адказаць, з якой прычыны ў 2021-м у дубль перавялі Ігара Шытава і Яўгена Шыкаўку. Чалядзінскі адмаўляўся каментаваць гэтае рашэнне і прапаноўваў звярнуцца да кіраўніцтва - то быў відавочны намёк, што ўсё здарылася не па яго ініцыятыве.

Таксама коуч быццам бы быў не супраць вярнуць з дубля Аляксея Рыаса, сасланага туды яшчэ пры Кучуке. Аднак і тут ніхто не стаў прыслухоўвацца да Чалядзінскага.

Параллельна паспяхова трэніраваў дубль

Нават пасля таго, як у 2021-м узначаліў першую каманду, Чалядзінскі працягнуў працаваць з дублем "бела-блакітных". Праз двайную нагрузку трэнер фактычна цэлы дзень праводзіў у Стайках, дзе рыхтаваў абодва склады да маючых адбыцца матчаў. Пад кіраўніцтвам Чалядзінскага ў 2021-м дынамаўскія дублёры заваявалі золата - найбліжэйшы праследавальнік застаўся на 16 ачкоў ззаду.

Мінулай зімой трэнеру чакана прыйшлося адмовіцца ад занятасці ў другой камандзе. Ад першага складу чакалі чэмпіёнства плюс са снежня Чалядзінскі пайшоў вучыцца на ліцэнзію Pro, таму вольнага часу ў яго стала яшчэ менш.

Быў зручны для рэжыма

У ідэалагічным плане Чалядзінскі цалкам задавальняў рэжым - трэнер казаў толькі пра футбол. Плюс ён быў гатовы сістэматычна хадзіць на дыван да Кавальчука, каб дакладваць аб бягучых справах у камандзе і праведзенай працы. Акрамя так званага міністра тлумачэнні Чалядзінскага слухалі намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Вергяенка і Веніямін Арзамасцаў, які сам некалі ўзначальваў «Дынама».

Станоўча на спецыяліста рэагавалі і ў Доме футболе - Уладзімір Базанаў і Юрый Вяргейчык пры галасаванні за лепшага трэнера Беларусі-2021 выбралі менавіта Чалядзінскага. Коуч першы час адказваў босам федэрацыі той жа манетай. Напрыклад, з нагоды моладзевага ліміту прапаноўваў не рабіць паспешных высноў, а зразумець для пачатку эфектыўнасць рэформы.

Але па ходзе сезона-2022 Чалядзінскі выказаў незадаволенасць, што яму даводзіцца выпускаць у напад маладога гульца, а не чарнагорца Душана Бакіча. Гэта быў пік пратэстнай дзейнасці трэнера.

Называў вайну «некаторымі рэчамі»

Другі сезон запар беларускія каманды праводзілі дамашнія міжнародныя матчы за мяжой. Адразу - праз пасадку ў Мінску самалёта авіякампаніі Ryanair у маі 2021-га. Дачыненне рэжыму Лукашэнкі да вайны ва Украіне толькі замацавала такі стан рэчаў.

Падчас удзелу ў Лізе канферэнцый мінулым летам, "Дынама" месяц правяло за мяжой - па два тыдні ў Чарнагорыі і Ізраілі. Чалядзінскі не быў рады такому раскладу, але і тут не нагнятаў. Па версіі трэнера, каманда не магла прымаць супернікаў у Беларусі з-за "некаторых рэчаў, якія зараз адбываюцца".

Цікавай падрабязнасцю з жыцця Чалядзінскага падзяліўся экс-дынамавец Яўген Вяроўка. Былыя гульцы "Дынама" стварылі свой чат, куды ўваходзіць 40 чалавек. З прысутных там па сітуацыі ў Беларусі выказаліся толькі сам Вяроўка, Аляксандр Хацкевіч і Міхаіл Залеўскі, а ўсе астатнія "проста працягваюць жыць сваім жыццём і падладжвацца пад сітуацыю".

Ставіў дамінантны футбол

Пасля Кучука трэнер дадаў фарбаў у гульню "Дынама", што не раз адзначалі эксперты. "Бела-блакітныя" пачалі больш кантраляваць мяч і сталі лідэрамі вышэйшай лігі па гэтым паказчыку ў сезоне-2022 (59,2%).

Часам такі футбол прыносіў вынік. У 2021-м трэнер падняў «Дынама» з пятага радка на выніковы трэці - і то былі першыя медалі клуба з чэмпіянату-2018. Тады пры Чалядзінскім каманда ў сярэднім набірала 2,29 ачкоў за матч, што рабіла яго лепшым трэнерам у клубнай гісторыі. Аднак сезон-2022 выкінуў спецыяліста з топу: сёлета «Дынама» разжывалася ўжо 1,81 балам за гульню.

У сямі стартавых турах сёлетняга чэмпіянату «Дынама» ні разу не прайграла, што ў 21 стагоддзі з камандай здарылася толькі двойчы. Да фінішнага адрэзка "бела-блакітныя" лічыліся рэальнымі прэтэндэнтамі на чэмпіёнства, але шанцы на золата перакрэсліла серыя невідавочных нічыіх, што, па сутнасці, і каштавала працы Чалядзінскаму.